Skip to main content

Аздараўленне з анкалагічнага захворвання. Гісторыя аднаго цуду

v 1 of 1Гродзенец Вацлаў Антановіч дасведчыў у сваім жыцці выразны знак Божага клопату над чалавекам. Бог пажадаў, што на 73-ім годзе свайго жыцця спадар Вацлаў перажыў адзін з самых запамінальных яго момантаў: захварэў на рак, цудам ацаліўся ад яго, адкрыў для сябе каштоўнасць духоўнага жыцця і абвянчаўся. Спадар Вацлаў, які рэалізаваў сябе, як шчаслівы муж, бацька дваіх дзяцей, дзядуля чатырох унукаў і ў нядаўнім мінулым - кіраўнік аднаго з аддзелаў Інстытуту “Гроднаграмадзянпраект” вырашыў падзяліцца з чытачамі grodnensis.by сваёй жыццёвай гісторыяй.

Калі Вы даведаліся пра дыягназ?

На пачатку 2014 года я адчуў пэўныя недамаганні і вырашыў звярнуцца да лекара. Менавіта тады і выявілі, што ў меня рак унутраных органаў 2 ступені.

Якія медыцынскія дзеянні Вы прадпрынялі?

Я прайшоў хіміятэрапію і апраменьванне. Пасля гэтых знешніх уздзеянняў урач правёў кантрольную праверку і сцвердзіў, што пухліна стала значна меншая, але ўсё роўна неабходна аперацыя.

Якія прагнозы ставіў урач пасля аперацыі?

Доктар сказаў, што аперацыя прайшла паспяхова, метастазаў не выяўлена, але трэба рэгулярна правярацца. А пасля таго, як я прайшоў спецыяльную медыцынскую камісію, мне далі катэгорыю інваліднасці без права на працаўладкаванне.

Як вы зразумелі, што ацаліліся і што ніякія ракавыя наватворы Вам больш пагражаць не будуць?

Менавіта пасля аперацыі, калі я даведаўся, што святар з Нігерыі - а. Джон Башабора – будзе праводзіць рэкалекцыі ў Росі, я вырашыў паўдзельнічаць у іх. Рэкалекцыі працягваліся 2 дні, падчас якіх, што мне вельмі спадабалася, кс. Башабора выкарыстоўваў не толькі лекцыйны матэрыял, але і даваў простыя парады людзям, прымяняючы, для большай нагляднасці, маленькія інсцэніроўкі. На другі дзень рэкалекцый гэты святар, афрыканец, працягнуў наперад руку і сказаў: “Вось там ужо другі дзень стаіць чалавек, і не сядае, увесь час стаіць. Праз 9 тыдняў ён пойдзе да ўрача і той скажа яму, што рака ў яго зусім няма”. І далей працягваў сваю пропаведзь. Спачатку я нават не зразумеў, што гэта да мяне звярталіся. Я аглядзеўся: больш ніхто побач не стаяў, толькі я. А я стаяў таму, што пасля аперацыі сядзець нармальна не мог. Я перамінаўся з нагі на нагу, абапіраўся на спінку крэсла, але ўсе 2 дні стаяў.

Я не надаў асаблівай увагі словам, сказаным святаром, гэта значыць я не збіраўся спецыяльна звяртацца да ўрача. Але праз некаторы час на маёй руцэ вырасла бародаўка. Я запісаўся на прыём у “Цэнтр прыгажосці і здароўя”, дзе мне сказалі, што перад тым, як бародаўку выдаляць – трэба зрабіць тэст на анкалогію, а іх хірург зможа гэта зрабіць толькі праз 2-3 месяцы. Я падумаў, што праз так доўгі час шмат чаго можа здарыцца і вырашыў звярнуцца да ўрача, які зрабіў мне аперацыю. Доктар абследаваў мяне, выдаліў бародаўку і праз 2 дні зрабіў выснову, што ніякіх ускладненняў і метастазаў у мяне ўвогуле няма і я магу спакойна жыць далей. Калі вярнуўся дамоў, прыгадаў словы а. Башаборы і пачаў падлічваць тыдні. Аказалася, што прайшло як раз 9 тыдняў з таго моманту, як святар з Афракі скіраваў, як цяпер я ўжо разумею, да мяне, свае словы.

Зразумела, ніякіх доказаў я не маю, але з усёй шчырасцю хачу засведчыць, што кажу праўду.

Як Вы самі тлумачыце сваё ацаленне ?

Калі нават гэта было зроблена не цудатворным чынам, то гэта было зроблена рукамі ўрачоў, якімі таксама кіруе неба. Я не хачу быць ані матэрыялістам, ані, тым больш, ідэалістам, які сцвярджае, што ёсць толькі духоўнае, Боскае. Думаю, што праўда знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне. Гэтак жа як небяспечна ляцець у правы ці левы кувет. А калі ехаць па дарозе, прытрымліваючыся, ўсё ж такі, правага боку, то хутчэй за ўсё дабярэшся паспяхова да мэты.

Свой удзел у рэкалекцыях а. Башаборы Вы разглядалі як апошні шанец атрымаць поўнае аздараўленне? Ці зварот да Бога ў складаных сітуацыях быў для Вас чымсьці звычайным?

Я рос у няпростыя часы савецкай улады, але я ніколі не быў ваяўнічым атэістам. Я стараўся жыць так, каб быць прыкладным грамадзянінам, і меў свядомасць таго, што існуе штосьці духоўнае, вышэйшыя сілы. Я нават памятаю, што ў маладым узросце параўноваў 10 запаведзяў Маісея з Кодэксам Гонару піянера: і я не знаходзіў супярэчнасцяў. Тады я адзначыў для сябе, што важна, каб чалавек не быў злачынцам, каб ён паводзіў сябе з іншымі так, як ён хоча, каб ставіліся да яго, каб чалавек намагаўся ствараць даброты для камфортнага жыцця і дапамагаць бліжнім.

А да рэлігіі я звярнуўся не так даўно, а менавіта у 2013 г., незадоўга да хваробы, калі мне давялося пазнаёміцца з кс. Чэславам Паўлюкевічам, з дапамогай якога, да рэчы, я атрымаў сваё першае і самае каштоўнае аздараўленне – аздараўленне душы.

Я пазнаёміўся з кс. Чэславам, калі быў кіраўніком групы даследвання УП “Інстытут Гроднаграмадзянпраект” і праводзіў агляд будынку ў Росі, які быў запланаваны пад рэкалекцыйны дом. Першапачаткова я захапляўся кс. Чэславам, як чалавекам, які, не маючы ніякага дачынення да будаўніцтва, з такім поспехам кіруе ўсімі будаўнічымі работамі. Затым, маючы ўжо прыхільнасць да гэтага чалавека, ўважлiва прачытаў кніжкі, якія ён мне запрапанаваў. Пасля азнаямлення з духоўнай лектурай, я адчуў нейкi шок: бо думаў, што хоць паводле 5-га наказу - “Не забівай”- я з’яўляюся абсалютна чыстым, як шкельца. Але глыбокае і дакладнае вывучэнне гэтай запаведзі адкрыла мне, што гэта не так.

І тады я вырашыў, што грэшнікам заставацца далей ужо нельга: прыступіў да споведзі, стаў рэгулряна хадзіць у касцёл, абвянчаўся са сваёй жонкай, з якой дагэтуль пражыў ужо больш за 50 гадоў. А ў гэтым годзе да нас упершыню прыйшоў святар па калядзе.

І якія ўражанні засталіся пасля візіту святара?

Ведаеце, у гэтых людзей ёсць надзвычайная ўласцівасць: бачыш святара ў першы раз, а нібы ўсё жыццё яго ведаеш. І кс. Чэслаў такі, ён нібы добрае святло выпраменьвае. Ён асабліва падкрэсліваў, што фізічнае ацаленне – гэта не галоўнае. Галоўнае - гэта ацаленне духоўнае, пазбавіцца ад непатрэбных думак і стаць другім чалавекам. Я таму і кажу, што ён мяне ацаліў і я стаў другім чалавекам менавiта пад яго ўздзеяннем. Дзякуючы кс. Чэславу зразумеў, што сапраўды існуе іншае жыццё, аб якім я раней не задумваўся, але пра якое павінен думаць кожны чалавек.

Акрамя Вашага ацалення пасля рэкалекцый у Росі, ці здараліся ў Вашым “новым” жыцці яшчэ якія-небудзь маленькія цуды?

Былі. Пасля выяўлення рака, з парады кс. Чэслава, незадоўга да аперацыі прыняў cакрамэнт намашчэння хворых. І не сумняваюся, што ўздзеянне сакрамэнта праявілася ў тым , што аперацыя прайшла паспяхова. Але ёсць яшчэ адзін цуд, якім бы хацеў з Вамі падзяліцца.

У шпіталі ў мяне была кніга, у якой знайшоў малітву да св. Тадэуша, які мае дадзены Айцом Нябесным духоўны дар неадкладна дапамагаць хворым. Аднойчы ноччу, адразу пасля аперацыі, я адчуваў сябе сапраўды вельмі кепска, але разам з тым не хацеў турбаваць медсясцёр. Тады я прыгадаў гэтую малітву і пачаў сваімі словамі маліцца, і сам не заўважыў, як заснуў. А раніцой прачнуўся ў добрым стане.

Што Вы можаце параіць людзям, якія церпяць ад хваробы, і чакаюць ацалення?

Кожная хвароба паўстае не проста так. На маю думку, часцяком гэта сустракае чалавека, які выбірае няправільны шлях, а яго “бяруць і паварочваюць” на дарогу праўды. Я сваю хваробу ўспрыняў менавіта так.

А людзям што можна параіць: часцей успамінаць пра 10 запаведзей і як мага глыбей задумвацца над імі. Бо я ўпэўнены: калі б кожны чалавек намагаўся (няхай нават не бездакорна, а годна, г.зн.) усімі сіламі душы прытрымлівацца гэтай высновы, наш свет быў бы цудоўным і зведваў бы куды менш пакутаў.

Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская

Рэдагавана: 14 Снежня 2016