“Неаднаразова назірала, што ў маёй парафіі «адпявалі» ў святыні чалавека, які жыў не па-хрысціянску. У той самы час пасля смерці не паміналі ў касцёле тых, хто вёў годнае жыццё. Ад чаго залежыць цэлебрацыя Імшы ў інтэнцыі памерлага?”. Ананімна
Права на касцёльнае пахаванне па сваёй прыродзе належыць кожнай ахрышчанай асобе. Гэта значыць, што магчымасць пахавання чалавека ў касцёле вынікае, перад усім, з годнасці, якую ён атрымлівае падчас прыняцця веры і святога хросту.
Аднак толькі таго, што чалавек ахрышчаны ў Каталіцкім Касцёле, не хапае, каб незалежна ад сітуацыі цэлебраваць для яго касцёльнае пахаванне. Св. Леў Вялікі, Папа і доктар Касцёла, які жыў у V ст., казаў: “З кім падчас жыцця мы не знаходзімся ў еднасці, з тым не можам быць у еднасці пасля смерці”. З гэтых слоў відаць, што ўжо ў першых стагоддзях хрысціянства еднасць з Касцёлам прызнавалася вельмі важнай справай для паслядоўнікаў Хрыста. Тыя, хто не знаходзіцца ў поўнай еднасці з Касцёлам або шкодзіць супольнасці праз публічны грэх, абмяжоўваюць сябе ў карыстанні са сваіх правоў, пад якімі разумеем таксама права на касцёльнае пахаванне. У дадзеным выпадку сама асоба вінавата ў гэтым абмежаванні, а адмаўленне пахавання ў Касцёле – наступства неадпаведных статусу верніка жыцця і паводзін.
Дзеючы Кодэкс кананічнага права з 1983 г. у кан. 1184 § 1 пералічвае выпадкі, калі вернік траціць права на касцёльнае пахаванне. Яго павінны быць пазбаўлены:
1) вядомыя адступнікі ад веры, ерэтыкі і схізматыкі;
2) асобы, якія выбралі спаленне свайго цела пасля смерці (крэмацыю) па матывах, якія супярэчаць хрысціянскай веры (напрыклад, для таго, каб аспрэчыць праўду веры аб змёртвыхпаўстанні памерлых у дзень Апошняга суда);
3) іншыя яўныя грэшнікі, якім нельга дазволіць касцёльнае пахаванне без публічнага згаршэння вернікаў.
Таксама ніколі не ўдзяляецца каталіцкае пахаванне неахрышчанай асобе, калі яна не з’яўляецца катэхумэнам (асобай, якая рыхтуецца да прыняцця хросту).
Пазбаўленне чалавека пахавання ў касцёле азначае таксама адмову цэлебрацыі пахавальнай св. Імшы. Аднак гэта не азначае, што за памерлага нельга маліцца ўвогуле ці цэлебраваць у яго інтэнцыі св. Імшу. Можна, і нават неабходна правесці Эўхарыстыю за гэтага чалавека, аднак не з фармуляра пахавальнай св. Імшы.
Несумненна, тыя, хто свядома пакінуў хрысціянскую веру, не маюць права быць пахаванымі па-каталіцку. Аднак тое, што ахрышчаны католік не практыкаваў сваю веру (не хадзіў у касцёл, не спавядаўся), не азначае, што ён публічна адрокся ад яе. Святар не мае права адмовіцца ад пахавання такога чалавека, пакуль выразна не ўпэўніцца, напрыклад, падчас душпастырскіх адведзін (каляды), што чалавек не хоча мець нічога агульнага з верай. Падчас пахавання непрактыкуючай асобы святар можа выразіць непрыняцце Касцёлам такіх яе паводзін праз менш урачыстую цырымонію або праз адпаведнае казанне. Пахавальныя абрады заключаюць у сабе не толькі тэалагічнае вымярэнне, што датычыць самога нябожчыка (малітва за памерлага аб збаўленні), але таксама педагагічнае – у адносінах да сабранай на пахаванні супольнасці вернікаў (прыняцце або непрыняцце Касцёлам стылю жыцця і паводзін ахрышчанай асобы).
Часцей за ўсё адмова пахавання датычыць так званых “яўных грэшнікаў”, гэта значыць тых, хто яўна і публічна жылі паміж сабой ў несакраментальных саюзах. Касцёл бачыць у іх паводзінах зацвярдзелае трыванне ў граху, злую волю, якая робіць немагчымым для іх прыняцце Божага прабачэння. Пытанне аб каталіцкім пахаванні асоб, якія трывалі ў падобных сувязях, але нягледзячы на гэта падтрымлівалі кантакт з Касцёлам, маліліся і нават мелі шчырую волю заключэння сужэнскага саюзу, калі б гэта было магчыма, выглядае больш складаным. Канчатковае рашэнне тады належыць пробашчу парафіі, які добра ведае сітуацыю. Часцей за ўсё ў такіх выпадках, прынамсі, не даецца дазволу на ўнясенне цела такой асобы ў святыню, хоць у яе інтэнцыі цэлебруецца св. Імша. Так Касцёл паказвае вернікам, што жыццё ў канкубінаце заўсёды з’яўляецца заганным з маральнага пункту гледжання. Аднак у выпадку грамадзянскіх шлюбаў, калі мужчына і жанчына не могуць заключыць касцёльны саюз па прычыне перашкоды папярэдняга шлюбу, гэта не павінна стаць адзіным матывам для адмовы касцёльнага пахавання. Павінны далучыцца яшчэ іншыя прычыны: яўны няўдзел у сакрамантах, непрыманне святара падчас душпастырскіх адведзін, адмова на ўдзел дзяцей ва ўроках рэлігіі і г. д.
Самагубства – адна з прычын, з-за якіх ахрышчаны чалавек можа быць пазбаўлены каталіцкага пахавання. Сёння Касцёл, які карыстаецца дасягненнямі сучасных навук аб чалавеку, у некаторых выпадках дазваляе касцёльнае пахаванне самагубцаў (каб паглыбіць свае веды на гэтую тэму, варта азнаёміцца з артыкулам “Як Касцёл ставіцца да самагубцаў?”).
У той жа час вышэй узгаданы кан. 1184 § 1 ККП выразна падкрэслівае, што адмова ад касцёльнага пахавання не датычыць тых з пералічаных вышэй асоб, акрамя неахрышчаных, якія напрыканцы жыцця выказалі хоць якія-небудзь прыкметы пакаяння. Сітуацыя змяняецца кардынальным чынам для вернікаў, якія перад смерцю прыступілі да сакраманту споведзі і атрымалі адпушчэнне грахоў. Да прыкмет пакаяння перад смерцю можна аднесці: просьбу аб прыбыцці святара, нават калі б ён не паспеў прыехаць; пацалаванне крыжа; акт жалю за грахі; учыненне на сабе знаку крыжа. Кан. 1184 § 2 сцвярджае, што ў спрэчных сітуацыях святар павінен парадзіцца з мясцовым ардынарыем і падпарадкавацца ягонаму рашэнню.
Відавочна, што ў адносінах да тых, хто падчас зямнога жыцця не быў прыкладным хрысціянінам, не жыў згодна з маральным навучаннем Касцёла, а нават стаўся прычынай згаршэння вернікаў, асноўны закон Каталіцкага Касцёла ў некаторых выпадках дапускае цэлебрацыю каталіцкага пахавання. Такое стаўленне Касцёла абумоўлена тым, што ніхто, апрача Бога, не з’яўляецца суддзёй чалавека. Божая міласэрнасць мацнейшая за грэх чалавека і з’яўляецца паратункам для тых, хто каецца і просіць Яго аб прабачэнні.
Таму, калі ёсць дазволеная кананічным правам хаця б найменшая верагоднасць касцёльнага пахавання чалавека, які жыў не па-хрысціянску, Касцёл яе выкарыстоўвае і дае дазвол на цэлебрацыю.
З іншага боку, католіка, які вёў годнае жыццё, маглі не пахаваць у Вашым парафіяльным касцёле па іншых прычынах. Напрыклад, гэта магла быць адзінокая асоба, пра смерць якой ніхто не паведаміў ксяндза пробашча, пра каталіцкае пахаванне якой не паклапаціліся дзеці, унукі або знаёмыя. Магчыма, гэта была асоба, якая выбрала іншую парафію ў якасці месца “адпявання” і пахавання. Аднак я не выключаю магчымасці недобрасумленнага стаўлення святара да выканання прадпісанняў касцёльнага права аб каталіцкім пахаванні, асабліва калі прычынай такога стаўлення з’яўляюцца фінансавыя інтарэсы і жаданне атрымаць матэрыяльную ці іншую карысць любой цаной. У гэтым выпадку Касцёл адназначна асуджае такія дзеянні слуг алтара і прыпамінае аб іх недапушчальнасці ў будучыні.
З малітвай, кс. Павел Эйсмант