Як Касцёл ставіцца да самагубцы? Што адбываецца з яго душой пасля смерці? Міхаіл, 28 гадоў
На працягу стагоддзяў Касцёл прытрымліваўся меркавання, што самагубцы нявартыя адпаведнага хрысціянскага пахавання. З перспектывы даўніх часоў можна сказаць, што ў чымсьці ён меў рацыю. Перш за ўсё ў тым, што чалавек не з’яўляецца ані аўтарам, ані гаспадаром свайго жыцця. Не асоба дае сабе жыццё, таму не мае права і яго ў сябе адбіраць. Гэта фундаментальная ісціна, якая вынікае з таго, што чалавек з'яўляецца стварэннем, а Бог - Творцам, сапраўдным гаспадаром жыцця і смерці.
Таксама некалі ў гісторыі Касцёла існавала практыка пахавання самагубцаў па-за хрысціянскімі могілкамі. Часам падобнае стаўленне да чалавека, які адабраў сабе жыццё, можна спаткаць і ў некаторых сучасных парафіях. Ці з’яўляецца такі падыход добрым, хрысціянскім?
З упэўненасцю можна сказаць, што сёння Касцёл у значнай меры адышоў ад даўняй практыкі асуджэння самагубцаў. Бо такое стаўленне з’яўляецца неэтычным і амаральным. Зрабіць падобную выснову можна хаця б за таго, што кажа адносна гэтай тэмы медыцына, асабліва псіхалогія: “У большай ступені самагубствы звязаны з псіхічнымі засмучэннямі. Часцей за ўсё здзяйсняюць суіцыд асобы, якія пакутуюць ад дэпрэсіі, шызафрэніі і алкагалізму. Часам само грамадства стварае ўмовы, якія спрыяюць узнікненню з'явы самагубства. Вылучаюць тры прычыны здзяйснення суіцыду: супраць грамадства (эгаістычнае самагубства), дзеля грамадства (альтруістычнае самагубства) і самагубства, якое здзяйсняюць у момантах крызісу (самагубства анамічнае)". (Слоўнік псіхалогіі, Arthur Reber. Варшава, 2008).
З вышэй прыведзенай інфармацыі вынікае, што часта суіцыд мае месца ў выпадках, калі чалавек знаходзіцца не ў поўнай свядомасці і нават робіць гэта не на добраахвотнай аснове. У такіх сітуацыях адсутнічае наяўнасць цяжкага граху. Касцёл жа на тэмат пахавання самагубцаў кажа: “Асобам, якія перад самагубчай смерцю выказвалі прыхільнасць да веры, маюць права на каталіцкае пахаванне, якое павінна цэлебравацца без усялякіх зменаў у літургічнай цырымоніі”.
Бачна, як з цягам часу Касцёл змяніў сваю пазіцыю. Ён пачаў чэрпаць інфармацыю з прыродазнаўчых навук, дзякуючы чаму больш пазнаваць чалавека, развівацца і змяняцца. Нельга сказаць, што Касцёл закрыты ў сваім навучанні, хаця б на падставе дадзенага прыкладу.
Самагубцы таксама маюць шанс на збаўленне. І калі нам гэта кажа навука Касцёла, мы таксама павінны не асуджаць, але маліцца ў інтэнцыі збаўлення чалавека, які паквапіўся на сваё жыццё.
Даведка:
Кодэкс кананічнага права ўзгадвае толькі тры групы асобаў, якіх нельга хаваць па-каталіцку:
- трываючых у ерасі, адступнікаў ад веры і схізматыкаў;
- тых, хто выбраў спаленне ўласнага цела з прычынаў, не адпаведных хрысціянскай веры;
- іншых яўных грэшнікаў, каталіцкае пахаванне якіх будзе публічным выклікам для вернікаў
З пашанай, кс. Максім Бачарнікаў