8 студзеня ў будынку курыі Гродзенскай дыяцэзіі адбылася аплатковая сустрэча для ўсіх супрацоўнікаў — як духоўных, так і свецкіх — гэтай структуры. У сустрэчы прынялі ўдзел гродзенскі ардынарый біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Курыя з’яўляецца важным месцам, якое каардынуе працу ўсёй дыяцэзіі. Усе супрацоўнікі, якія з’яўляюцца найбліжэйшымі дарадчыкамі біскупаў, утвараюць адну сям’ю — аплатковая сустрэча насіла сямейны характар.
Ад імя ўсіх супрацоўнікаў курыі пажаданні для гродзенскіх біскупаў склаў віцэ-канцлер курыі кс. Антоні Грэмза. Святар пажадаў супрацоўнікам, каб «заўсёды шукалі таго, што будзе нас яднаць у нашай дзейнасці і штодзённай службе ў курыі і дыяцэзіі».
«Шукаць таго, што нас яднае, і ніколі таго, што нас раздзяляе. Бог, які нас яднае пры сабе, заўсёды з’яўляецца сілай яднаючай любові», — дадаў віцэ-канцлер.
У сваім слове біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў, каб усе супрацоўнікі касцёльнай структуры ніколі не сумняваліся ў Божай дабрыні і міласэрнасці. «Варта імкнуцца да чысціні сэрца і сумлення, адкрытых на дабрыню Бога, і ў кожным чалавеку імкнуцца бачыць свайго брата і сваю сястру», — дадаў іерарх.
Біскупы падзякавалі супрацоўнікам за адданую і ахвярную службу, якую тыя спаўняюць у Касцёле на Гродзеншчыне.
Паводле Catholic.by