1 лютага адбылася сустрэча Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым. Падчас сустрэчы прадстаўнік Святога Айца станоўча ацаніў працу па ўзаемадзеянні органаў улады і Каталіцкага Касцёла.
Па словах арцыбіскупа, чым больш цесным будзе дыялог, тым прасцей будзе вырашаць узнікаючыя пытанні і працаваць для людзей, бо нельга забываць, што і ўлада, і Касцёл у адной дзяржаве працуюць дзеля дабра аднаго народа.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама паведаміў, што ў вобласці склалася мірнае і гарманічнае суіснаванне прадстаўнікоў усіх канфесій. Губернатар выказаў задаволенасць сітуацыяй у міжканфесійных адносінах, якая існуе ў Гродзенскай вобласці. Па словах Уладзіміра Краўцова, нягледзячы на існаванне ў рэгіёне вялікай колькасці канфесій, людзі жывуць мірна, ставяцца адзін да аднаго талерантна, а ўлада гатова вырашаць пытанні, калі яны будуць узнікаць, і трымаць цесную сувязь з прадстаўніком Папы.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з культурнай сферай. Па словах Апостальскага Нунцыя, Касцёл удзяляе вялікую ўвагу развіццю гэтага напрамку, таму што, толькі ведаючы і разумеючы культуру народа, можна пераходзіць да пытанняў палітыкі і эканомікі. Арцыбіскуп дадаў, што падтрымлівае працу ў беларускіх касцёлах па актыўным выкарыстанні беларускай мовы: у тым ліку новы дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, на пасвячэнне якога прыбыў прадстаўнік Папы, цудоўна размаўляе на беларускай мове і ў служэнні, і ў жыцці.
Ішла гаворка таксама пра планы па правядзенні ў Гродзенскай вобласці выставы з музеяў Ватыкана. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падкрэсліў важнасць прысваення Гродна статусу культурнай сталіцы 2014 года і выказаў гатоўнасць прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных гэтай падзеі. Па словах Апостальскага Нунцыя, горад сапраўды можа паказаць людзям жывую, захаваную гісторыю.
Абмяркоўваліся і пытанні, звязаныя з адукацыяй, планамі па будаўніцтву святыні ў новым гродзенскім мікрараёне.
Арцыбіскуп адзначыў таксама, што пры наведванні ім рэгіёнаў Беларусі сустрэчы з мясцовай уладай сталі традыцыяй незалежна ад мэты паездкі. Губернатар выказаў зацікаўленасць у далейшых цесных кантактах.
Паводле БЕЛТА
Пераклад Сatholic.by