Skip to main content

Імша Хрызма адбылася ў гродзенскай катэдры

hryzma 4128 сакавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У цэлебрацыі ўдзельнічаў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Да ўдзелу ў гэтай асаблівай літургіі, якая здзяйсняецца раз у год, былі па традыцыі запрошаны ўсе святары, якія служаць у мясцовым Касцёле. Такім чынам падкрэсліваюцца адзінства і непадзельнасць Хрыстовага святарства, а таксама духоўная сувязь, якая злучае святароў з біскупам і паміж сабой.

На Імшы сабраліся і шматлікія іншыя ўдзельнікі: законныя сёстры, семінарысты, прадстаўнікі літургічнай службы алтара, вернікі Гродна і наваколля. Яны прыйшлі падтрымаць малітвай служэнне сваіх святароў, якія штодзень абвяшчаюць ім Божае слова і ўдзяляюць сакрамэнты.

На гэтай адзінай у сваім родзе Эўхарыстыі aдбыліся асвячэнне алею хворых і катэхуменаў і кансэкрацыя алею хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён нагадаў, што словы Хрыста аб намашчэнні Духам Святым адносяцца да кожнага святара і што гэтае намашчэнне здзяйсняецца праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння.

Шмат увагі ў гаміліі іерарх прысвяціў належнаму выкананню святарскіх функцый.

Адносна функцыі навучання ён патлумачыў, што сіла абвяшчэння Евангелля паходзіць не з нашых думак, а з перададзенай Богам праўды. Па словах арцыбіскупа, “прапанова хрысціянства па зніжанай цане з выкарыстаннем мовы канфармізму з мэтай быць папулярным – не сапраўдная евангелізацыя, а прыстасаванне да густу грамадскай думкі”. “Мы павінны быць слугамі каштоўнасцяў, якіх свет не можа даць. Наша сіла ў Божай праўдзе. За маўчаннем ідзе згода. Калі мы сёння маўчым на маральныя тэмы, то заўтра будзем несці наступствы гэтага маўчання”, – сказаў іерарх.

hryzma 28

Надзвычай важнай у сённяшні час арцыбіскуп назваў функцыю асвячэння. Як адзначыў ён, “Хрыстус устанавіў сакрамэнты, а Касцёл зацвердзіў парадак іх цэлебрацыі, і ніхто не мае права яго змяняць”. Іерарх дадаў, што “вернікі маюць права на належную цэлебрацыю літургіі, якая служыць справе збаўлення і евангелізацыі”, і што “літургічная творчасць, якая пераходзіць устаноўленыя Касцёлам чырвоныя лініі, недапушчальная”.

Арцыбіскуп нагадаў таксама пра функцыю кіраўніцтва Божым народам, якая “павінна выконвацца ў духу служэння”. “Мы не валадары народу, даручанага нашай духоўнай апецы, а яго слугі”, – сказаў ён, дадаўшы, што з гэтай прычыны “важна ведаць жыццёвую сітуацыю людзей, каб раіць і накіроўваць іх на шлях збаўлення, – нездарма Папа Францішак кажа, што пастыр павінен ведаць пах сваіх авечак”.

Таму, па словах іерарха, святар павінен “пастаянна ўдасканальвацца і быць чалавекам малітвы, памятаючы словы Хрыста, што без Яго мы нічога не можам зрабіць”.

“Каталіцкі Касцёл на Беларусі і грамадства адчуваюць вострую патрэбу ў духоўных анестэзіёлагах, якія палегчаць боль духоўнага жыцця і заглушаць дабром зло гэтага свету. Сёння больш, чым калі-небудзь, патрэбны духоўныя дыетолагі, каб дапамагчы людзям адрозніць духоўна здаровую ежу ад таксічнай. Патрэбны, як ніколі раней, духоўныя рэабілітанты, бо хто з нас не пакутуе і не мае патрэбу ў духоўнай рэабілітацыі?” – сказаў арцыбіскуп.

Ён завяршыў гамілію зваротам: “Прэзбітэрый Касцёла на Гродзеншчыне! Будзь духоўным кіраўніком даручанага тваёй апецы Божага народу. Настаўляй у час і не ў час. Не паддавайся разбуральным плыням секулярызму і маральнага рэлятывізму. Няхай Хрыстовае “так – так” і “не – не” будзе крытэрыем твайго навучання і паводзін. Будзь адной сям’ёй, з’яднанай повязямі святарства, каб пра цябе гаварылі: “Як добра, калі браты жывуць разам”. “In nomine Domini” – “У імя Пана” – адважна ідзі ў новае заўтра і вядзі даручаны табе Божы народ у нябесны Ерузалем”.

hryzma 33

Духавенства аднавіла на Імшы святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі задач, якія ставіць Хрыстус.

Aднаўленне абяцанняў стала для святароў нагодай аднавіць у сабе першасную руплівасць, зноў запаліць полымя любові да Хрыста і Яго Касцёла, абудзіць у сэрцах давер да Езуса, усемагутнага ў міласэрнасці і прабачэнні.

Ад імя ўсіх дыяцэзіяльных і законных святароў, якія служаць у Касцёле на Гродзеншчыне, i законных сясцёр з віншаваннямі да біскупа Аляксандра Кашкевіча і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які 35 гадоў таму распачаў у Гродне сваё біскупскае служэнне, звярнуўся генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч.

hryzma 15

На заканчэнне літургіі біскуп Кашкевіч падзякаваў святарам за служэнне, якое яны ахвярна і рупліва спаўняюць у Касцёле на Гродзеншчыне, асабліва ў насычаны працай перыяд Вялікага посту, калі яны прысвячалі шмат часу яднанню людзей з Богам у сакрамэнце пакаяння.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі