20 сакавіка ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскі) адбылася святая Імша ў інтэнцыі кс. Яна Гавецкага ў 30-ы дзень з часу яго смерці.
На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабраліся святары, сёстры законныя і свецкія вернікі. Да малітвы аб вечным жыцці для спачылага далучыўся генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
У гаміліі кс. Алег Шпець SChr, які паходзіць з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, дзе кс. Гавецкі шмат гадоў быў пробашчам, і такім чынам з’яўляецца яго выхаванцам, звярнуў увагу на тры словы, якімі можна ахарактарызаваць спачылага.
Першае з гэтых слоў, як адзначыў ксёндз Алег, – “прысутнасць”, бо ксёндз Ян заўсёды стараўся прысутнічаць на розных урачыстасцях, куды яго запрашалі. У якасці другога слова святар назваў “ахвярнасць”: як патлумачыў ён, кс. Гавецкі ўмеў дзяліцца, асабліва з тымі, каму патрабавалася падтрымка. Трэцім словам, на думку ксяндза Алега, з’яўляецца “чуласць”: ксёндз Ян умеў спачуваць і падтрымліваць тых, хто сустракаўся з рознымі жыццёвымі цяжкасцямі.
Пасля Імшы ўдзельнікі накіраваліся на могілкі, дзе памаліліся на месцы пахавання кс. Гавецкага, прамовіўшы Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Ксёндз Ян Гавецкі нарадзіўся 28 сакавіка 1962 г. у Гродне. Паходзіў з парафіі Маці Божай Анёльскай.
Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 27 мая 1990 г. у гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксаверыя, у той час першай у Беларусі малой базыліцы, сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля пасвячэння адзін год быў вікарыем парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Літва). Потым вярнуўся на радзіму і ў 1991-1996 гг. быў пробашчам парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах, з 1996 да 2021 г. – пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
У 2022 г. быў прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай (св. Юды Тадэвуша) у Прывалцы (дэканат Гродна-Усход).
У памяці тых, хто сустракаўся з ім, ён застаўся як добры арганізатар розных душпастырскіх акцый і мерапрыемстваў. У час служэння ў іўеўскай парафіі ён стаў ініцыятарам правядзення там фестывалю калядных песень Gloria in excelsis Deo – адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі.
Таксама вернікі памятаюць яго як натхнёнага пілігрыма, які паклаў пачатак пешым пілігрымкам Іўеўскага дэканату ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Дзякуючы ксяндзу Яну шмат вернікаў мелі магчымасць наведваць многія санктуарыі Беларусі і замежжа.
Святар адышоў у вечнасць 20 лютага. Быў пахаваны 22 лютага на найстарэйшых каталіцкіх могілках Гродна (заснаваныя ў 1792 г.).
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі