Перад пачаткам новага літургічнага года ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне арганізуюцца “Андрэйкі” – сустрэча напярэдадні Адвэнту, якая ўключае розныя забавы: конкурсы, сцэнкі і іншае. Гэтая традыцыя была захавана і сёлета.
У зале св. Яна Паўла ІІ сабраліся студэнты і кіраўніцтва семінарыі на чале з рэктарам кс. канонікам Віталіем Вайцяхоўскім.
Студэнты 2-га і 4-га курсаў паклапаціліся аб тым, каб мерапрыемства прайшло весела, каб на тварах яго ўдзельнікаў былі радасныя ўсмешкі.
Такім чынам семінарысты распачалі час Адвэнту. Яны плануюць правесці яго ў малітве і вучобе, а таксама далучыўшыся да разнастайных справаў міласэрнасці, якія на працягу некалькіх гадоў здзяйсняе супольнасць семінарыі.
Старэйшыя студэнты гэтай навучальнай установы, якія ўжо маюць сутаны, у межах семінарыйнай практыкі ў перыяд Адвэнту ўключацца ў жыццё парафіі, удзельнічаючы ў нядзельнай Эўхарыстыі і іншых набажэнствах.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак