Skip to main content

Настаўнікі з гродзенскай парафіі Святога Духа здзейснілі экскурсію ў семінарыю

nastauniki 3Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне, якая знаходзіцца на вул. Парыжскай Камуны, прываблівае многіх гараджан. Каб на свае вочы ўбачыць, як жывуць сучасныя семінарысты, настаўнікі з гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка) пад кіраўніцтвам пробашча кс. каноніка Паўла Салабуды 26 лістапада адправіліся туды на экскурсію.

У капліцы адбылася цёплая сустрэча з кс. Янам Раманоўскім, прэфектам семінарыі. Ён расказаў гісторыю заснавання гэтай навучальнай установы, пра яе жыццё з 1990 года да сённяшняга дня, звярнуў увагу на вучобу сучасных семінарыстаў. Настаўнікі мелі добрую магчымасць задаць свае пытанні, якія датычыліся распарадку дня, абавязкаў, асаблівасцей выкладання, поспехаў навучэнцаў і інш.

nastauniki 2

Удзельнікі экскурсіі змаглі ўбачыць пакоі семінарыстаў, актавую залу, сталовую. Запамінальным сталі фотаздымкі кожнага курса, якія размешчаны ўздоўж калідора.

Экскурсія завяршылася чаяпіццем і свецкай размовай. Такія сустрэчы станоўча ўплываюць на духоўнае жыццё кожнага прысутнага, бо і для Касцёла, і для настаўніка ў цэнтры ўвагі стаіць чалавек.

Душпастырская дзейнасць настаўнікаў у касцёле Святога Духа вядзецца ўжо другі год. Сустрэчы адбываюцца адзін раз у месяц, у апошнюю нядзелю. Куратарам групы з’яўляецца пробашч кс. Павел Салабуда.

Далучыцца да настаўніцкай групы можна ў любы час.

nastauniki 1

Таццяна Лойша