Skip to main content

Пахаванне кс. каноніка Здзіслава Вэдэра прайшло ў Лодзі

pogrzeb weder 321 лістапада ў Лодзі (Польшча) адбылося пахаванне кс. каноніка Здзіслава Вэдэра SDB, які шмат гадоў быў душпастырам Смаргоншчыны.

У касцёле св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і св. Яна Боско адбылася пахавальная Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Лодзкай архідыяцэзіі Ірыней Пенкальскі.

У гаміліі генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB засяродзіў увагу на асобе спачылага святара, які апошнія больш чым 20 гадоў з вялікай руплівасцю служыў на Беларусі і ўнёс вялікі ўклад у адраджэнне Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі.

У цырымоніі пахавання ўдзельнічалі браты салезіяне з трох польскіх інспекторый, дэлегатуры на Беларусі і з Масквы, дэлегацыі сясцёр салезіянак з розных краін і сясцёр назарэтанак з Беларусі.

Ксёндз Здзіслаў Вэдэр нарадзіўся ў 1936 г. у вёсцы Слепятніца каля Лодзі ў Польшчы ў веруючай сям’і. Быў пятым з 11 дзяцей, трое з якіх памёрлі падчас ІІ Сусветнай вайны.

Жаданне служыць Богу адчуў у 11 гадоў. У 13 гадоў, нічога не сказаўшы бацькам, напісаў заяву ў ніжэйшую духоўную семінарыю ў Лодзі і праз тыдзень атрымаў адказ, што прыняты.

Пасля двух гадоў вучобы ў семінарыі ўступіў у ордэн салезіянаў. У 1952 г. прынёс першыя манаскія абяцанні, 3 чэрвеня 1962 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Пазней скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт імя Яна Паўла ІІ, абараніў ліцэнцыят па літургіі і пастаральнай тэалогіі.

Шмат гадоў служыў у Польшчы, працуючы пры парафіях і ў месцах салезіянскай фармацыі. У 1980-1984 гг. быў дырэктарам філасофскага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі салезіянаў у Кутне-Вазнякове.

У 1984-1990 гг. спаўняў абавязкі інспектара салезіянскай інспекторыі св. Станіслава Косткі ў Варшаве. Пасля служыў на тэрыторыі былога СССР у Жупранах і Лідзе, затым у Маскве.

10 гадоў спаўняў функцыю адказнага, а затым першага святара Салезіянскай усходняй акругі, у склад якой уваходзілі Беларусь, Літва, Расія, Украіна і Грузія. На працягу жыцця наведаў дзясяткі краін.

У 2002 г. прыбыў у Смаргонь, дзе стаў пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла і настаяцелем манаскай супольнасці салезіянаў.

У 2015-2017 гг. спаўняў функцыю духоўнага айца Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Апошнія гады жыцця правёў у смаргонскай парафіі, выконваючы ў ёй абавязкі вікарыя.

Адышоў у вечнасць 11 лістапада на 87-м годзе жыцця і 61-м святарства ў Варшаве, дзе праходзіў лячэнне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі