Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Дарагія дыяцэзіяне!
Як і кожны год, перажываем урачыстасць Нараджэння нашага Пана. Прыгадвае нам гэтая праўда пра спрадвечную, бясконцую і цяжкую для разумення любоў Бога да чалавека. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).
Святы Касцёл, верны сваёй місіі, на працягу больш чым двух тысячагоддзяў, абвяшчае гэтую радасную навіну, падзяляючы яе з кожным чалавекам добрай волі. Гэтая праўда асвячае чалавека, робіць яго сэрца высакародным і напаўняе чалавечае жыццё, нярэдка поўнае цяжкасцей, выпрабаванняў і цярпення, сэнсам, калі яно становіцца шляхам, скіраваным да Бога.
Сёння стаем на калені перад Бэтлеемскімі ясьлямі і адаруем Божае Дзіцятка, якое прыходзіць да нас і стаецца адным з нас, узбагачае беднату нашых сэрцаў багаццем сваёй ласкі і сагравае іх цяплом сваёй любові.
Перажываючы сёлетняе свята Божага Нараджэння, складаю ўсім вам, дарагія дыяцэзіяне, шчырыя віншаванні.
Няхай вера ў бясконцую любоў Хрыста і Божую прысутнасць сярод нас, будзе крыніцай радасці, надзеі і супакою.
Адзінародны Сын, Езус Хрыстус, няхай адорыць вас багаццем неабходных ласкаў, няхай павялічвае ў вашых сэрцах усялякае дабро і няхай робіць вас здольнымі дзяліцца гэтым дабром з кожным спатканым чалавекам.
Няхай матчыная апека Беззаганнай Панны Марыі суправаджае вас у штодзённым разуменні па-новаму таямніцы Божай любові, адкрытай у Асобе Езуса Хрыста.
Жадаю кожнаму з вас радасных, поўных надзеі і любові святаў Божага Нараджэння, а таксама здароўя, Божага благаслаўлення і неабходных ласкаў у Новым 2014 годзе.
Падзяляючы з вамі святочную радасць і памятаючы ў малітве перад Нованароджаным Збавіцелем, усім з усяго сэрца благаслаўляю.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі