Ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі, Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ідучы за ініцыятывай папы Францішка, у межах Года Веры, у акрэслены час - 12-13 кастрычніка, запрашае вернікаў ушанаваць Багародзіцу.
Камунікат аб Марыйным дні ў Гродзенскай дыяцэзіі
Умілаваныя вернікі Гродзенскай
дыяцэзіі!
У межах Года веры Святы Айцец Францішак 12 – 13 кастрычніка запрашае вернікаў Касцёла, а асабліва ўдзельнікаў Апостальскіх груп і Марыйных таварыстваў, арганізаваць Марыйны дзень. Увянчэннем Марыйнага дня ў Рыме будзе аднаўленне прысвячэння свету Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
У сувязі з гэтым, давайце духоўна з’яднаемся з Папам і вернікамі, якія прыбудуць у Рым, і па меры магчымасці 12 кастрычніка ў парафіях нашай дыяцэзіі арганізуем малітоўнае чуванне. Чуванне трэба папярэдзіць вячэрняй святой Імшой аб Беззаганным Сэрцы Найсвяцейшай Панны Марыі з адпаведным казаннем. У межах чування пасля св. Імшы можна запланаваць даўжэйшую вячэрнюю эўхарыстычную адарацыю, спалучаную з разважаннем таямніц жыцця Марыі.
Дарагая моладзь нашай дыяцэзіі! 12 кастрычніка запрашаю Вас супольна адгаварыць Ружанец праз скайп а 20-й гадзіне. Цэнтральнымі месцамі збору і супольнай ружанцовай малітвы моладзі з розных гарадоў абраны наступныя касцёлы: Гродна-пабрыгідскі (студэнты і працоўная моладзь), Вялікая Бераставіца, Ліда (пар. Святой Сям’і), Іўе і Астравец (пар. святых Космы і Дам’яна). Дарагая моладзь, няхай Ваша прысутнасць разам на малітве будзе выражэннем адной супольнасці маладога Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі!
13 кастрычніка перад бласлаўленнем на заканчэнне кожнай св. Імшы ў еднасці са Святым Айцом Францішкам у кожным касцёле трэба адгаварыць прапанаваныя малітвы і акт прысвячэння сябе Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
Дарагія вернікі, давайце плённа перажывём Марыйны дзень у еднасці з усім Касцёлам, каб аддаць сябе пад Валадаранне Беззаганнага Сэрца Марыі, якое няхай затрыумфуе і наблізіць нам канчатковае панаванне Хрыста.
На перажыванне Марыйнага дня ў нашай Гродзенскай дыяцэзіі ўсім з цэлага сэрца бласлаўляю,
Аляксандр Кашкевіч,
Біскуп Гродзенскі
Прашу Ксяндзоў Пробашчаў і Адміністратараў Гродзенскай дыяцэзіі арганізаваць у сваіх парафіях Марыйны дзень і прачытаць вернікам нашай дыяцэзіі Камунікат 5 кастрычніка падчас парафіяльных аб’яў.