Супольнасць для хрысціянаў заўсёды была вельмі істотнай і важнай. Пра гэта шмат разоў паўтараў Езус, пра супольнасць напісаныя тамы. У Беларусі рознага тыпу душпастарствы і згуртаванні людзей рознай прафесіі развіты пакуль не вельмі шырока. На гэта ёсць розныя прычыны. Сёння ж хацеў бы расказаць пра Каралеўскае архібрацтва салодкага імя Езус з Назарэту і св. Марыі Надзеі ў Малазе (Real Archicofradía del Dulce Nombre de Jesús Nazareno del Paso y María Stma. de la Esperanza).
Увогуле сама гісторыя, як я трапіў на экскурсію ў гэтае душпастарства, падалася мне вельмі цікавай. Да мяне напісала адна мая знаёмая дзяўчына з Польшчы, якая таксама вучыцца па абмене ў медыцынскім універсітэце Малагі, што яе выкладчык арганізоўвае для студэнтаў-іншаземцаў экскурсію. Пры гэтым яна пераслала мне ліст, які атрымаў кожны студэнт. У ім было напісана штосьці накшталт “Шаноўныя студэнты, мы з дактарамі з кафедры хірургіі, кардыялогіі і анатоміі з’яўляемся братамі ў душпастарстве Маці Божай, хочам запрасіць вас на экскурсіі да нас, каб усё расказаць і паказаць і г.д.”. Я думаю, ад такой прапановы цяжка адмовіцца. І гэта была нават не прапанова, гэта больш сведчанне веры. Зрэдку можна сустрэць выкладчыкаў, якія б выходзілі да студэнтаў з такімі ідэямі.
Архібрацтва ў Малазе ўзяло свой пачатак яшчэ ў 1641 годзе. У яго ўваходзяць розныя людзі: дактары, інжынеры, настаўнікі і іншыя прадстаўнікі такіх паважаных у грамадстве прафесій. Пры гэтым шмат сямей з’яўляюцца членамі душпастарства з пакалення ў пакаленне. На працягу года яны займаюцца арганізацыяй розных мерапрыемстваў рэлігійнага характару, харытатыўных акцый і проста супольных вечарынаў. Самае галоўнае гэта тое, што яны ўвесь час разам. Гэта было бачна падчас экскурсіі па касцёле, па іншых памяшканнях брацтва. Жарты адзін з аднаго, расповеды і гісторыі, як Хосе Мігэль зрабіў тое, а Паблё іншае і важкія паляпванні па плячы – гэта ўсё было насамрэч братэрскае, і нават больш – хрысціянскае. Але ў Малазе гэтае душпастарства вядома з іншай нагоды.
Сталіца Андалузіі славіцца сваімі працэсіямі з фігурамі Маці Божай ці Езуса Хрыста вуліцамі горада. Пра адну з іх я ўжо пісаў. Аднак найбольш вядомыя працэсіі адбываюцца падчас Вялікага тыдня. Кожны дзень, з ранку да ночы розныя душпастарствы (а іх у Малазе каля 70) арганізоўваюць Крыжовыя шляхі з вялізнымі тронамі. Архібрацтва салодкага імя Езус з Назарэту і св. Марыі Надзеі з’яўляецца найстарэйшым і мае найстарэйшы трон у Малазе, які паходзіць з 1-й паловы XVII ст.
Трон з фігурай Маці Божай важыць 5 тон і ў Вялікую суботу яго нясе 260 чалавек, трон з фігурай Хрыста важыць трошкі менш, таму і нясе яго менш асобаў – 240. Працэсія адбываецца каля 8 гадзінаў. Усё гэта выглядае вельмі прыгожа і ўрачыста.
Прафесары медыцыны, а там проста браты з душпастарства, гадзіну з агнём у вачах і запалам расказвалі, як і што робіцца, хто што робіць і іншыя сакрэты з працэсіяльнай “кухні”. Прыемна было пачуць, што “многія лічаць нас хворымі на галаву, цягаем 5 тонаў з фігурай па горадзе. Аднак проста так алтар не носіцца. Алтар носіцца сэрцам”. Шкада, што абсалютная большасць гледачоў гэтай працэсіі не бачыць сэрцаў, бачаць толькі алтар і фігуры.
Адзін з прафесараў кажа мне: “Думаў напачатку майго ўнука “прапіхнуць” насіць трон з Езусам, а пасля падумаў - не. Панашу яшчэ пару гадоў, няхай ён падрасце і пасля саступлю сваё месца пры троне Маці Божай”. Людзі ўкладаюць у гэта шмат сэнсу. Пад касцёлам знаходзіцца склеп, у якім пахавана вельмі шмат братоў і сясцёр з гэтага душпастарства. Адзін з дактароў сказаў, што яго бацькі пахаваны менавіта там.
Цікавы факт, што трон Маці Божай нясе таксама сусветна вядомы Антоніо Бандэрас. Пад тронам знаходзіцца г.зв. субмарына, альбо месца, дзе людзі, якія нясуць алтар, нябачныя іншым. Менавіта там з года ў год знаходзіцца вядомы акцёр. Робіцца гэта для таго, каб не адцягваць увагу людзей падчас працэсіі. Сапраўды, Бандэрас для многіх можа стацца больш цікавым, чым Марыя і ўсе святыя.
Хрысціянская еднасць нам неабходна, вера не можа быць ананімнай. Мы ўсе цудоўна гэта ведаем. Дык трымаймася ўсе адзін аднаго, змагаймася за адзін аднаго. На надыходзячы Вялікі пост усім жадаю шмат плёнаў і яшчэ бліжэйшых адносінаў з Богам. Жадаю, каб мы, як гэтыя цёмнавалосыя іспанскія дактары і не толькі, праз 40 дзён выйшлі на вуліцы і неслі нашымі сэрцамі можа і не такія прыгожыя троны і алтары, але нашае беларускае і радаснае Аллелюя!
Арцём Ткачук