Арцём Ткачук, наш сябра, які вучыцца ў Іспаніі, працягвае знаёміць чытачоў з каталіцкім жыццём іспанскага мястэчка Малага. Як і паўсюдны Касцёл, вернікі Малагі віталі першую нядзелю Адвэнту. Рэпартаж з гарадской працэсіі глядзіце і чытайце на нашым партале.
Зранку 2 снежня хутка крочу ў цэнтр на працэсію ў гонар Маці Божай Апякункі Малагі, недалёка касцёла ўжо чуецца такі родны пах кадзіла - гэта значыць, я на месцы.
Я даведаўся раней, што гэтая працэсія адбываецца тут кожны год у першую нядзелю Адвэнту і мае сваю доўгую гісторыю. Вось перада мной паўстае вялікая “Бірхэн”, а па-нашаму Беззаганная. Дзяўчыны ў Іспаніі вельмі прыгожыя, таму і фігура Маці Божай выклікае захапленне. Адразу ж прыгадалася песня гурта “Kaipos” з Дзевятоўкі “Маці мая Божая, ты такая прыгожая”. Спевы музыкаў у мясцовым стылі надаюць шэсцю пэўную адмысловасць і магічнасць. Людзі ў традыцыйным адзенні, спяваны ружанец, водар мясцовага кадзіла, гітары і спеў, які прымушае сэрца біцца мацней – у гэтым была душа Іспаніі, у гэтым была яе каталіцкая нотка, якая сёння зрабілася амаль незаўважальнай у гэтай краіне. І хоць камер турыстаў тут было больш, чым працэсіянтаў, тут адчуваўся дух Касцёла, тут адчуваўся Бог.
А 12-й гадзіне працэсія прыбывае ў порт, удзельнікі моляцца малітвай “Анёл Панскі”. Я даведаўся раней, што гэта азначае. У гэтым месцы прыгадваецца падзея, якая адбылася тут у 1755 годзе. У горадзе адбыўся землятрус, аднак гэта не прынесла гораду разбурэнняў. Людзі прынялі гэта як цуд і клопат Маці Божай, і таму перайменавалі адзін касцёл у яе гонар. Хвалі мора і малітва зліваюцца ў адно, сённяшняе сонейка дадае ўрачыстасці, і ўсё гэта робіцца чымсьці незвычайна ўзнёслым і незямным.
Тут адчуваеш сябе як у роднай Лідзе на працэсіі Божага цела. Вось адна спадарыня кажа: “Пако, Пако! Вазьмі вось вады папі”. Бабулі, не пападаючы ў ноты, што моцы цягнуць “Вітай, Марыя”, мамы робяць здымкі сваіх дзяцей, якія бяруць удзел у працэсіі, а адна дзяўчына ціхенька паказвае хлопцу, які нясе кадзіла, каб паправіў гальштук, які з’ехаў. Шэсце сканчаецца, людзі разыходзяцца па баках, і толькі кветкі на вуліцах прыгадваюць аб працэсіі, якая ўжо сышла ў гісторыю.
Нельга абмінуць факт, што сёння Іспанія зусім не нагадвае вельмі каталіцкую або хрысціянскую краіну. Гэта тое, што, напэўна, Касцёл і кожны з нас мусіць усвядоміць. Аднак такія працэсіі - як соль гэтага горада. А як мы ўсе ведаем, не трэба шмат солі, каб зрабіць суп прыдатным для спажывання. Гэта дае надзею ў толькі светлае, у любоў Хрыста, якая не можа прымусіць кагосьці заставацца абыякавым. Гэта дае надзею верыць.
Ніжэй - відэа Арцёма з працэсіі ў Малазе