Skip to main content

"Бог дае табе абяцанне, што ўсё зменіцца, толькі калі ты зробіш маленькі крок, каб справа, якая трубуе цябе, змянілася". Працяг у чарговым выпуску #пераПосту.

 

 

Чытанне кнігі Быцця

Быц 17, 3-9

У тыя дні:

Абрам упаў ніцма на зямлю, і Бог сказаў яму: Вось Мой запавет з табою: ты станеш айцом мноства народаў. І больш не будзеш называцца Абрамам, але імя тваё будзе Абрагам, бо Я зраблю цябе айцом мноства народаў. Я зраблю цябе надзвычай плодным, і выведу з цябе народы, і каралі выйдуць з цябе.

І ўстанаўлю запавет Мой паміж Мною і табою, і паміж нашчадкамі тваімі ў іх пакаленнях; запавет вечны, каб Я быў Богам для цябе і для тваіх будучых нашчадкаў. Я дам табе і тваім будучым нашчадкам зямлю, па якой ты падарожнічаеш, усю зямлю Ханаан, на вечнае валоданне, і буду ім Богам.

І сказаў Бог Абрагаму: Ты ж захавай запавет Мой, ты і будучыя нашчадкі твае ў іх пакаленнях.

 

Евангелле

Ян 8, 51-59

У той час:

Езус сказаў юдэям: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не ўбачыць смерці.

Тады юдэі сказалі Яму: Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: Калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не пакаштуе смерці. Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр? Прарокі таксама памерлі. Кім Ты сябе лічыш?

Езус адказаў: Калі Я сам сябе буду праслаўляць, то Мая слава — нішто. Але тым, хто праслаўляе Мяне, ёсць Айцец Мой, пра якога вы кажаце: Ён — наш Бог. Вы Яго не ведаеце, а Я ведаю Яго. І калі б Я сказаў, што не ведаю Яго, Я стаў бы падманшчыкам, падобным да вас. Але Я ведаю Яго і захоўваю Ягонае слова. Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся.

На гэта юдэі сказалі Яму: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?

Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць. І схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні.