Запрашаем да прагляду чарговага выпуску велікапосных рэкалекцый #пераПост.
Першае чытанне
Чытанне кнігі Быцця
У тыя дні:
Бог вывеў Абрагама вонкі, і сказаў яму: Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты зможаш палічыць іх.
І сказаў яму: Такім вялікім будзе тваё патомства. Абрам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць. І сказаў яму: Я — Пан, які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую ва ўладанне.
Ён сказаў: Пане Божа, як я пазнаю, што буду спадкаемцам яе? Пан адказаў яму: Вазьмі для Мяне трохгадовую ялавіцу, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба. Ён узяў для Яго ўсё гэта і рассек іх папалам, і паклаў адну частку насупраць другой; толькі птушак не рассек. І пачалі злятацца да мяса драпежныя птушкі, але Абрам адганяў іх.
Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама. І вось ахапіў яго жах і вялікая цемра.
Калі зайшло сонца, настала глыбокая цемра, і вось дым, быццам з печы, і полымя агню прайшлі паміж рассечанымі жывёламі. У той дзень заключыў Пан запавет з Абрамам, сказаўшы: Патомству твайму даю гэтую зямлю, ад ракі егіпецкай ажно да вялікай ракі, ракі Еўфрат.
Другое чытанне:
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты: Наша айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Пана Езуса Хрыста, які пераменіць нашае прыніжанае цела ў падабенства свайго праслаўленага Цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць сабе ўсё. Таму, мае браты ўмілаваныя, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану.
Евангелле
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзыйшоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай. І вось два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.
А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: Настаўнік, добра нам тут быць. Паставім тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі. Не ведаў ён, што казаў. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.
А з воблака пачуўся голас, які казаў: Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце. І калі гучаў гэты голас, Езус апынуўся адзін.
І маўчалі яны, і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.