Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!Дарагія Дыяцэзіяне!
Кожны год у святы Божага Нараджэння мы зноў чуем Добрую Навіну пра Езуса Хрыста, Божага Сына, які стаў Чалавекам для нашага збаўлення. Гэтая ісціна не перастае нас здзіўляць. Яна напаўняе нашыя сэрцы радасцю, даверам, спакоем, дадае нам мужнасці і моцы. У Божым Дзіцяці, якое прыходзіць на гэты свет, мы бачым аблічча Бога, які ёсць Любоў. Ён – багаты на міласэрнасць – нястомна стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў, каб сказаць нам, як моцна Ён нас любіць і як моцна прагне ашчаслівіць нас сваёй міласэрнай любоўю. Калі мы прымаем гэтую любоў, прызнаючы Хрыста нашым Панам і Збаўцам, мы нараджаемся нанова як усынаўлёныя Божыя дзеці. І гэта самы вялікі дар, самая вялікая ласка, якую толькі можна сабе ўявіць.
Поўныя радасці і ўдзячнасці за гэты дар, давайце абудзім у сабе жаданне абвяшчаць Божую любоў словамі, учынкамі, паставай, выражаемымі ў штодзённасці. Падчас Юбілейнага года міласэрнасці, адказваючы на заклік папы Францішка, “давайце адкрыем нашыя вочы, каб убачыць убоства свету, раны столькіх братоў і сясцёр пазбаўленых годнасці. Давайце адчуем сябе закліканымі, чуючы іх просьбу аб дапамозе. Нашыя рукі няхай усціснуць іх рукі. Давайце прытулім іх да сябе, каб яны адчулі цеплыню нашай прысутнасці, сяброўства, братэрства” (Булла “Аблічча Міласэрнасці”, п. 15).
Яднаючыся духоўна пры вігілійным стале і ламаючыся традыцыйнай аплаткай, жадаю Вам, дарагія Браты і Сёстры, радаснага перажывання свят Божага Нараджэння. Няхай гэтая святочная радасць паселіцца ў Вашых дамах, у месцах вучобы і працы, няхай перадасца ўсяму нашаму грамадству. Няхай Божае Дзіцятка кожнага з Вас адорвае здароўем, супакоем у сэрцы, надзеяй і аптымізмам, няхай узмоцніць у веры і ў жаданні ахвяраваць міласэрнасць.
Радасных свят Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года!
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродно, 22.12.2015 г., № 739/15
Прашу паважаных святароў прачытаць нашыя віншаванні падчас кожнай святой Імшы ва урачыстасць Божага Нараджэння (25.12.2015 г.) і Святой Багародзіцы Найсвяцейшай Марыі Панны (01.01.2016 г.)