"Майце веру ў Бога! Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: «Падыміся і кінься ў мора» – і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, так яму і будзе. Таму кажу вам: усё, чаго просіце ў малітве, верце, што атрымаеце, і будзе вам”. (Мк 11, 22–24)
Ці маеш веру сотніка?
З Евангелля мы бачым, што вера з’яўляецца абсалютна неабходным і незаменным фактарам, які гарантуе, што малітва будзе выслухана.
У гісторыі цудаў Езуса шматразова назіраем, што кожны прыклад плённага Божага ўздзеяння быў учынены праз непахісную веру таго, хто прасіў. Так быў аздароўлены паміраючы слуга паганскага сотніка. На просьбу сотніка Езус толькі прамовіў здалёк слова наказу, аб’яўляючы, што Бог не абмежаваны месцам. І рэчаіснасць падпарадкавалася Яму – слуга імгненна аздаравіўся (параўн. Лк 7, 1–10).
Падобным чынам ацалілася і жанчына, якая 12 гадоў хварэла на крывацёк. У гэтым выпадку Езус не зрабіў нічога асаблівага. Менавіта вера жанчыны ў атрыманне аздараўлення праз дотык да Божага Сына прымусіла сілу выйсці з Езуса. Тады сказаў ёй: “Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад сваёй хваробы” (Мк 5, 34).
Падобна быў ачышчаны і вылечаны пракажоны самаранін, якога Езус запэўніў: “Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе” (Лк 17, 19). Хрыстос заўсёды вельмі цаніў чалавека, які паказваў прыклад моцнай веры, і падкрэсліваў яе важнасць. Чаму ж у штодзённым жыцці мы так рэдка адчуваем падобнае цудоўнае ўздзеянне, нягледзячы на тое, што просім, упрошваем, а часам нястомна молімся? Ці патрэбна больш малітвы? А можа, праблема ў нашай веры або ў яе адсутнасці? Давайце спытаем сябе, ці ў адносінах з Богам маем правільную паставу абсалютнага даверу, як паганскі сотнік, пракажоны самаранін ці жанчына, вылечаная ад крывацёку? І ці сапраўды добра разумеем, што такое вера?
Без ценю сумненняў
Мы вельмі часта паводзім сябе, як няверуючы Тамаш. Сумняваемся, падвяргаем Найвышэйшага выпрабаванню і прагнем атрымаць тое, аб чым просім, перш чым паверыць. Думаем у сэрцы: “Калі гэта споўніцца, я паверу, што такая была Божая воля”. Аднак у лісце да Габрэяў знаходзім такое тлумачэнне: “Вера – гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго не бачым. [...] Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым, так што з нябачнага ўзнікла бачнае” (Гбр 11, 1–3).
Адсюль робім выснову, што неабходны наступны парадак: спачатку павінна быць вера, а потым будзе атрымана ласка. Не Бог мусіць даказваць, што Ён можа і хоча штосьці зрабіць для нас, але мы, перш за ўсё, павінны праяўляць цвёрдую паставу даверу, каб убачыць уздзеянне Усявышняга. “Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў” (Ян 20, 29).
У малітве мы просім Бога аб дапамозе і запрашаем Яго ў сваё жыццё. Аднак менавіта вера з’яўляецца ключом, які адчыняе дзверы душы і дазваляе Божаму слову ўвайсці, задзейнічаць, прабачыць, вылячыць, выратаваць і даць ласкі. Калі моцна верыш – твае дзверы шырока адчынены для звышнатуральнага ўздзеяння, і ў выніку нябачная Божая моц дае бачныя вынікі.
Калі ж губляеш веру, дзверы зачыняюцца, і нічога не атрымліваеш. Вера – гэта таксама мера таго, наколькі гатовы прыняць тое, аб чым просім. Мы можам атрымаць ласкі, аднолькава прапарцыянальныя свайму даверу.
Дай час і вытрывай да канца
Вельмі важна быць цярплівым, стойка чакаць адказу і даць Богу час, каб дзейнічаць. Гэта падобна на земляробства. Калі земляроб сее збожжа, ён разлічвае вырасціць менавіта тое, што пасеяў. Гаспадар ведае, што працэс ужо пачаўся, і чакае выніку, успрымаючы яго як факт, хаця пакуль і не відно плёну. Земляроб прадчувае смак пладоў сваёй працы і стварае належныя ўмовы, каб расліны не пашкодзіліся. Было б неразумна, каб праз тыдзень пасля пасеву ён перадумаў і пачаў выкопваць насенне з зямлі. Аднак людзі вельмі часта робяць іменна так у духоўных справах. Пасеяўшы насенне просьбы праз малітву, яны пачынаюць сумнявацца, ці ёсць у гэтым сэнс. Не знішчай тое, што пасадзіў! Працэс ужо пачаўся, хоць ты яго і не бачыш. Праз перажыванні, негатыўныя словы сумненняў, нявер’я, крытыкі, нараканняў альбо праклёну, выдзіраеш пасеянае насенне, зачыняеш дзверы перад Богам і перашкаджаеш Яму дзейнічаць. Паспрабуй стварыць належныя ўмовы для таго, каб малітва прынесла плён. Як земляроб, чакай, спадзявайся, прадчувай смак таго, да чаго імкнешся. Будзь упэўнены, што ўжо маеш тое, аб чым просіш. Дазволь веры цалкам функцыянаваць, бо гэта яна з’яўляецца гарантыяй таго, што ўбачыш вынік. Супрацоўнічай з Айцом, наколькі гэта магчыма, і пачні дзякаваць Яму за тое, што ўжо дзейнічае. Гэта прынясе табе плён, а Богу – славу! “А мой справядлівы будзе жыць дзякуючы веры, і, калі адступіцца, не ўпадабае яго мая душа” (Гбр 10, 38).
Паводле "Слова Жыцця", Людвіга Цыдзік