Skip to main content

Абрад вігілійнай вячэры ў сям’і

christmas 3882220 1280Вігілія Божага Нараджэння з’яўляецца прыгожым і кранальным часам. Глыбокае ўспрыняцце гэтага вечара яднае родных, пакідаючы ў сэрцы прыемныя ўспаміны.

Парадак вігілійнай вячэры

На цэнтральным месцы ў пакоі ставяцца яслі з фігурай Дзіцятка Езус. Стол засцілаецца белым абрусам (можна аздобіць яго яловымі галінкамі). Пад абрусам змяшчаецца сена. Пасярэдзіне стала ставіцца вігілійная свечка, святло якой з’яўляецца сімвалам прысутнасці Хрыста. Побач кладзецца Біблія і аплатка.

Калі на небе з’яўляецца першая зорка, на ўспамін Бэтлеемскай зоркі, сям’я збіраецца за вігілійным сталом. Адно месца пакідаецца вольным як знак памяці пра памерлых блізкіх і пра падарожнікаў, якія неспадзявана могуць пастукацца ў дзверы 

Усе стаяць, а старэйшы член сям’і запальвае свечку.

Пасля гэтага кажа: Гэта Святло, якое сённяшняй ноччу прыйшло на зямлю, каб рассеяць цемру граху.

Усе адказваюць: Дзякуй Богу.

Кіраўнік: У імя Айца і Сына, і Святога Духа.

Усе: Амэн.

Бацька ці старэйшая асоба з сям’і чытае фрагмент Евангелля паводле Лукі:

“У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай.

А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях». І раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі»” (Лк 2, 1–14).

Гэта слова Пана.

Усе: Хвала Табе, Хрыстэ.

Затым спяваецца калядка.

Супольная малітва

Бацька ці маці прамаўляе просьбы, усе адказваюць: “Выслухай нас, Пане!”.

К: Божа, наш Ойча, у гэтую ўрачыстую гадзіну праслаўляем Цябе і дзякуем за ноч, калі паслаў у свет свайго Сына Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцу. Просім Цябе, удзялі нашай сям’і дар любові, згоды і супакою. Цябе просім…

У: Выслухай нас, Пане!

К: Адары нашых суседзяў, сяброў і знаёмых супакоем гэтай ночы. Цябе просім…

У: Выслухай нас, Пане!

К: Усіх пакінутых, самотных, хворых, бедных, галодных ва ўсім свеце суцеш і ўмацуй Добрай Навінай гэтай святой ночы. Цябе просім…

У: Выслухай нас, Пане!

К: Нашых памерлых (пералічыць імёны) адары шчасцем і святлом Тваёй хвалы. Цябе просім…

У: Выслухай нас, Пане!

К: Пане Божа, Ты ўчыніў, што гэтая святая ноч заяснела бляскам сапраўднага святла Твайго Адзінароднага Сына. Учыні, каб і мы яснелі бляскам Твайго святла ў сваім штодзённым жыцці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

У: “Ойча наш…”.

Ламанне аплаткай і пажаданні

Абрад ламання аплаткай вучыць, што нават апошнім кавалкам хлеба трэба дзяліцца з бліжнімі, і разам з тым прыгадвае, што Божы Сын стаў Чалавекам і ўстанавіў Эўхарыстыю.


oplatek


К: А цяпер у духу любові і прабачэння падзелімся аплаткай – хлебам любові. Зычліва раскрываючы свае сэрцы ва ўзаемнай любові, мы адкрываем іх на прыход Пана. У Ім кожны чалавек знойдзе дабрыню і сяброўства. Няхай Бог заўсёды будзе ў нашым доме. Бацька сям’і складае пажаданні і ламаецца аплаткай спачатку з маці, а затым з астатнімі членамі сям’і.

Тое ж робяць усе прысутныя.

Спажыванне вячэры

На стол падаюцца толькі посныя стравы і безалкагольныя напоі. Спажыванне вячэры павінна праходзіць ў атмасферы сямейнай зычлівасці.

Малітва пасля вячэры

К: Дзякуем Табе, Божа, наш добры Ойча, за Сына Твайго Езуса Хрыста. Дзякуем за любоў да ўсіх людзей, за гэты вігілійны вечар і дары, якія мы спажывалі. Табе хвала на вякі.

У: Амэн.

Пасля вячэры святочны настрой падтрымліваем спевам калядак і ўзаемным адорваннем падарункамі. Каля елкі чакаем Пастэркі, на якую, па меры магчымасці, накіроўваемся ўсёй сям’ёй.

Паводле "Слова Жыцця"

 

Рэдагавана: 23 Снежня 2020