Калі думаю аб тым, што адбываецца вакол: пажары ў Аўстраліі, нашэсце саранчы ў Саудаўскай Аравіі, Афрыцы і Азіі, пандэмія каронавіруса, якая выйшла з Кітая і запаланяе Еўропу і ўсю зямлю, – здаецца, што наступае канец свету.
Узгадваюцца словы Езуса аб тым, што адбудзецца, калі Ён прыйдзе ў другі раз. “Будуць знакі на сонцы, месяцы і зорках, а на зямлі – трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікай славаю. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне” (Лк 21, 25–28).
Думаю, сёння кожны можа ўбачыць сябе ў гэтых словах пра людзей, якія млеюць ад страху.
Але не на тым хацелася б засяродзіцца. Маю ўвагу прыцягнулі апошнія словы прыведзенага ўрыўка: “Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне”. Уваскрослы Езус гаворыць нам, што ў хвіліны, калі ўвесь свет руйнуецца, Ён прыходзіць па нас, набліжаецца, каб забраць у дом на Небе, што падрыхтаваны для нас стагоддзі таму. Езус ужо перажыў усе пакуты свету, прайшоў праз смерць і ўваскрос з мёртвых, узяў на сябе ўсё зло, каб мы маглі пайсці за Ім да Айца, у Неба, да вечнага шчасця. Ён ужо перамог усё тое, што здаецца непераможным, пераадолеў усякае цярпенне, слёзы, адзіноту, роспач і смерць, а цяпер гатовы перамагаць у нас, у нашым жыцці, у нашых цяжкасцях.
Часам, магчыма, здзіўляемся, як здарылася, што апосталы і вучаніцы Езуса пасля Яго смерці хутка забыліся, што Ён сказаў пра ўваскрасенне.
Яны ўцякалі, калі Езуса схапілі, калі пакутаваў, калі паміраў. Адчайваліся і баяліся, што іх чакае той самы страшны лёс – так моцна, што нават не маглі выйсці з дома, дзе збіраліся. Калі Езус з’явіўся перад Марыяй Магдаленай, Яму давялося пагаварыць з ёй некаторы час, назваць па імені, перш чым змагла з-за заслоны слёз і адчаю ўбачыць, што Ён жывы. Калі жанчыны прыбеглі да апосталаў, каб паведаміць ім радасную вестку пра ўваскрасенне, тыя не здолелі прыняць яе і заявілі, што гэта пустая балбатня, выкліканая празмернымі эмоцыямі. Нібы зусім запамятавалі, што Езус некалькі разоў вельмі выразна і ясна сказаў, што будзе замучаны, забіты і ўваскрэсне на трэці дзень!
Але калі паглядзець на сябе ў праўдзе, то, хіба, няма чаго здзіўляцца. Бо ці ж мы паводзім сябе інакш? Адбываюцца стыхійныя бедствы, хваробы, эканамічны крызіс – і мы, як і апосталы, “забываемся”, што Езус уваскрос, што ўсё ў Яго руках, што свет знаходзіцца пад Яго кантролем і Бог сапраўды чувае над намі так моцна, што кожны валасок падлічаны на нашай галаве. Апосталы здолелі поўнасцю прыняць праўду пра ўваскрасенне толькі пасля таго, як былі адораны Святым Духам. Тады яны пазбавіліся страху і сведчылі пра Езуса ажно да мучаніцкай смерці.
Мы атрымліваем Святога Духа ў сакраманце св. хросту, дадаткова ўмацоўваемся ў сакраманце хрысціянскай сталасці – канфірмацыі, адно што неяк губляемся, калі нешта ідзе не так, як задумана, калі наш свет, прыдуманы і запланаваны, як хочам, руйнуецца… Так цяжка паверыць, што Езус САПРАЎДЫ побач і на самой справе ведае, што для нас лепш. Менавіта ў такія хвіліны Бог гаворыць: “Выпрастайцеся і падыміце галовы!”. Паўстае пытанне – як гэта зрабіць? Дзе набрацца духу? І што дакладна значыць гэтае “выпрастайцеся”?
Я думаю, што гаворка ідзе пра наша духоўнае жыццё ў гэтай няпростай для ўсіх сітуацыі.
Паколькі мы, як і апосталы, забываемся аб тым, што казаў Езус пра ўваскрасенне, варта вярнуцца да Яго Слова, штодня чытаць хаця б невялікі фрагмент Евангелля, прызначанага на дадзены дзень. Хрыстос сам можа нам тлумачыць Пісанне, як вучням, якія ідуць у Эмаус, для таго, каб адкрыць вочы, накарміць і ўмацаваць наш дух сваім Словам.
Варта нанова адкрыць цуд Эўхарыстыі, доступу да якой мы ў многіх выпадках пазбаўлены. Прымаючы Езуса ў духоўнай Камуніі, можна засумаваць па Ім, па Яго блізкасці, можна пачаць больш жадаць сустрэчы з Ім. Цэнім дар св. Камуніі значна больш цяпер, калі не можам так проста яго прыняць.
Варта прыглядзецца да сваёй малітвы, прасіць аб Святым Духу, да чаго Езус наўпрост заахвочвае, заканчваючы гісторыю пра Айца, які дае добрыя дары ўсім сваім дзецям: “Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Святога Духа тым, хто просіць у Яго” (Лк 11, 13). Што рабіць, калі я не ведаю, як маліцца, не умею, не магу? Тады трэба прасіць Святога Духа, каб Ён у нас заклікаў Бога, каб адкрыў нашыя сэрцы на Божае слова, Божую прысутнасць у іх глыбіні. Апостал Павел гаворыць: “Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі” (Рым 8, 26).
Можам таксама папрасіць дапамогі ў Марыі, Маці Божай, якая з’яўляецца абранніцай Святога Духа, каб дапамагла нам адкрыцца на Яго дыханне.
Варта нанова адкрыць ружанцовую малітву, адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту, літаніі, якія заўсёды можна перажываць індывідуальна, зноў схіліцца над тэкстам Гадзінак. Маліцца дома, з сям’ёй, з дзецьмі, стварыць спецыяльнае месца для малітвы, дзе зможам разам сустракацца з Богам.
Калі прыкладзём гэтыя намаганні, каб зноў выпрастацца і адрадзіць свае адносіны з Богам, Ён зменіць наш погляд, і ўбачым, што ўсе падзеі, якія так палохалі, напаўнялі страхам, бездапаможнасцю і гневам, на самой справе сталі тым, што наблізіла нас да Бога, што дазволіла зноў убачыць Яго любоў, клопат пра нас, Яго блізкасць і пяшчоту. Абноўлены дух дасць мужнасць, каб несці Добрую Навіну далей: усім тым, хто яшчэ не ўспомніў словы Езуса пра ўваскрасенне і надалей трывае ў цемры, у роспачы, смутку і адзіноце. Таму давайце выпрастаемся і падымем галовы, бо набліжаецца наша адкупленне! Хрыстос уваскрос! Ці верыш, што Ён уваскрос для Цябе і ў Тваім жыцці?
С. М. Зоя Дамброўская ISSM, паводле "Слова Жыцця"