Што значыць служыць? Разважаюць удзельнікі Дыяцэзіяльных дзён моладзі
Некалькі дзён таму ў Шчучыне завяршыліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Але трэба адзначыць, што гэтае свята маладых людзей усё яшчэ пануе ў іх сэрцах і жывой памяці. З дапамогай інтэрнэту да сённяшняга дня нібы працягваецца тая атмасфера, якая панавала на сустрэчы моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.
Падчас сёлетніх ДДМ усе пункты праграмы былі звязаны з дэвізам: “Па прыкладу Марыі буду служыць Пану”. Моладзь вучылася ў Марыі, як служыць Богу, людзям, свету…
Сваім разуменнем служэння дзеляцца ўдзельнікі сустрэчы.
Служэнне – прыклад веры
Раман Тамашэвіч:
Існуюць розныя віды служэння, кожны з іх патрабуе адданасці сваёй справе, разумення, дзеля чаго ты служыш. Служэнне Богу, служэнне Касцёлу не з’яўляецца выключэннем.
Служэнне – гэта не “праца” ў маім разуменні. Калі мы служым Богу, Касцёлу, мы заўсёды павінны памятаць, што наша служэнне з’яўляецца жывым прыкладам нашай веры. Старацца, каб наша служэнне сыходзіла ад чыстага сэрца, а нашы ўчынкі адлюстроўвалі наша стаўленне да веры. Служэнне Касцёлу – гэта абавязак кожнага хрысціяніна.
Служэнне людзям – жыццёвае пакліканне
Анастасія Грыневіч:
Я доўга думала, што для мяне значыць служэнне… Я так і не знайшла дакладнага апісання гэтага. Гэта проста адбываецца ў мяне ўнутры. Падчас служэння я адчуваю, што раблю штосьці не толькі для сябе, але і для іншых.
Думаю, з гэтым нават звязаны выбар маёй будучай прафесіі – фельчар-акушэр. Вера ў Бога накіравала мяне ў медыцыну, каб дапамагаць іншым.
Служэнне – нясенне Бога людзям
Віталій Сямёнаў:
Служэнне ў маім разуменні з’яўляецца дармовым дарам у дачыненні да іншага чалавека. Служыць – значыць дапамагаць іншаму чалавеку, бо так вучыў Езус: “Што зробіце бліжняму свайму, тое Мне зробіце”.
Кожны з нас павінен служыць свайму бліжняму. Ці будзем мы ў школе, у касцёле, ва ўніверсітэце ці іншым месцы – кожны з нас павінен несці Хрыста людзям. Мы павінны служыць ліхтарыкамі ў руках Бога.
Служэнне – змена свету да лепшага
Дзіна Заруба і Глеб Васькоўскі:
Кожны дзень мы стараемся служыць Богу і людзям у імя Бога. Часам мы робім гэта, нават не заўважаючы. Служэнне – гэта тое, да чаго пакліканы кожны чалавек. Але для кожнага яно сваё. Некаторыя дапамагаюць патрабуючым, некаторыя абараняюць і абвяшчаюць нашу веру, бескарысліва адкрываючы свае сэрцы іншым. Але толькі сутыкаючыся з цяжкасцямі і пакорна прымаючы іх, мы змяняем гэты свет да лепшага.
Служэнне – дар для іншых
Дыякан Артур Ляшнеўскі SDB:
Служэнне – гэта рэалізацыя свайго паклікання. Кожны, натуральна, мае сваё – непаўторнае і падоранае Богам. У кожным з гэтых розных пакліканняў бачны адрозненні ў спосабе іх рэалізацыі, але аб’ядноўвае іх агульны корань: служыць! У гэтым, як мне здаецца, і праяўляецца чалавечнасць. Чалавек пакліканы дарыць сябе іншым, інакш кажучы, служыць бліжнім сваімі талентамі, дарамі і, самае галоўнае, любоўю!
Для мяне служэнне – гэта проста быць чалавекам, створаным на вобраз Божы! Таму маё пакліканне рэалізую як задуму Стварыцеля і падтрыманне ў сабе Яго прысутнасці!
----
Хацелася б пажадаць, каб наша моладзь сапраўды служыла Богу і людзям і з гэтага штодзённага служэння і згарання для іншых чэрпала сілы і радасць для таго, каб ісці наперад!
Kс. Юрый Марціновіч