Хвароба – складаны досвед у жыцці кожнага чалавека. Як мы будзем ставіцца да блізкай асобы, калі яна заняможа? Ці будзем цярплівыя да яе слабасцей? Дзе возьмем узор належнага стасунку? Як будзе паводзіць сябе сам чалавек, даведаўшыся пра цяжкі дыягназ? Шмат у чым рэакцыя вызначаецца яго тэмпераментам: халерык адрэагуе больш эмацыйна, флегматык – стрымана, а меланхолік паддасца трывозе. Аднак, на шчасце, чалавек – гэта не толькі біяфізіка.
Вера як суцяшэнне ў хваробе
“Часцей за ўсё першай рэакцыяй на дыягназ, які прадугледжвае доўгае, а то і пажыццёвае лячэнне, з’яўляецца пачуццё несправядлівасці – «За што?». Гэта натуральная рэакцыя, але цікава тое, што адбываецца далей: людзі няверуючыя, якія спадзяюцца толькі на сябе, хутка губляюць сілы і ўпэўненасць. Разам з імі сыходзіць жаданне змагацца, узнікае злосць на самога сябе і людзей навокал. Чалавека запаўняе пачуццё адчаю і бессэнсоўнасці, што прыводзяць да маркоты”, – адзначае на падставе ўласных назіранняў псіхолаг Ларыса Воўкава, якая працуе ў Гродзенскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы. Жанчына заўважае, што веруючы чалавек рэагуе на крытычную сітуацыю інакш.
“Хвароба для хрысціяніна – гэта напамін аб тым, што нешта ў жыцці пайшло не так. Таму чалавек, які жыве з верай, паставіць пытанне не «за што?», але «для чаго?» так здарылася”, – дадае спадарыня Ларыса.
“Мяркую, што менавіта атрыманыя адказы і дадаюць бадзёрасці”, – пагаджаецца хірург Андрэй (мужчына папрасіў не ўказваць прозвішча – заўв. рэд.). Ён таксама адзначае, што веруючыя людзі з большай трываласцю перажываюць крызіс.
“Ва ўрачэбнай практыцы мне давялося сутыкнуцца з жанчынай, якой паралізавала цела ніжэй пояса. Аб выздараўленні гаворкі не ішло, толькі аб падтрыманні яе жыццёвых функцый. Зразумела, калі падобны дыягназ ставяць у 30 з лішнім гадоў, цяжка захаваць душэўную раўнавагу і не ўпасці духам. Жанчына пачала шукаць стымул. Неўзабаве я даведаўся, што яна прыняла хрост. Назіраючы за пацыенткай, заўважыў, што ў ёй з’явілася пэўная лёгкасць і яна стала значна прасцей перажываць сітуацыю”, – распавядае спадар Андрэй. Хвароба адняла ў жанчыны здароўе, але дзякуючы веры не змагла пазбавіць радасці і аптымізму.
Як тлумачыць псіхолаг, разуменне сэнсу хваробы ці, прынамсі, яго пошук дазваляе чалавеку не ўпасці ў роспач і адчай. Вера дае мужнасць прыняць Божую волю, якой бы яна ні была, бо хрысціянін ведае, што гэтая воля заўсёды накіравана на ацаленне яго несмяротнай душы. “Нават у выпадку невылечнай хваробы, калі асоба ведае, што знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, давер Госпаду дапамагае ёй пераносіць боль і дае надзею. Кожны з нас пакліканы ў Нябеснае Валадарства, і я асабіста моцна цешуся, калі чую ад пацыента: «Я ведаю, Бог прывядзе, куды трэба, нават калі хвароба хоча, каб я здаўся і заняпаў душой»”, – дзеліцца спадарыня Ларыса.
Моц духа ў перамозе над фізічнай немаччу
Сапраўды, неаднаразова можна назіраць, як людзі, адданыя Богу ўсім сэрцам, пакутуюць ад хваробы і рана сыходзяць з жыцця. Не з’яўляючыся гарантыяй ацалення, вера служыць ім невычэрпнай крыніцай суцяшэння. Аднак здараецца, што духоўныя сілы цалкам пануюць над целам і перамагаюць самыя цяжкія захворванні.
“Мне неаднаразова даводзілася быць сведкам выпадкаў, якія інкаш, чым цудам, не назавеш. Калі ўрачы прагназавалі смерць, а чалавек захоўваў жыццё. Калі ў безнадзейных сітуацыях пацыент не толькі выжываў, але і папраўляўся, – распавядае спадар Андрэй. – Аднойчы да нас у аддзяленне паступілі 2 жанчыны амаль аднаго ўзросту з прыкладна аднолькавым дыягназам – захворванне падстраўнікавай залозы. Абедзве трапілі ў рэанімацыю, запалі ў кому. Выжыла веруючая жанчына, не зважаючы на тое, што знаходзілася ў значна цяжэйшым стане”. Хірург упэўнены, што калі ў хворым целе заключаны здаровы дух, арганізм не здаецца.
Гэтае меркаванне падзяляе і спадарыня Ларыса: “Сапраўды, дадзеную ўзаемасувязь можна растлумачыць з медыцынскага пункту гледжання. Веруючы чалавек больш спакойны, пакорны, менш схільны да стрэсу, а значыць і імунітэт, і ахоўныя сілы арганізма мацнейшыя, што дапамагае яму хутчэй вярнуцца да здароўя”.
Псіхолаг упэўнена, што можна пераадолець нават цяжкую хваробу, калі ўнутраная моц чалавека напаўняе яго надзеяй і дае энергію для барацьбы.
З лагоднасцю ў стасунку да хворага
Большасць з нас на пэўных этапах свайго жыцця сутыкаецца з хваробай – сваёй або кагосьці з бліжніх. У першым выпадку мы як дзеці Божыя чэрпаем сілы з упэўненасці ў Айцоўскім клопаце. У другім – павінны самі атуліць клопатам чалавека побач. Прыклад стаўлення, якога патрабуе хворы, добра адлюстроўваюць урачэбныя нормы. Яшчэ з часоў развіцця медыцыны як навукі і практыкі яны грунтаваліся на маральнасці і звярталіся да сумлення лекараў.
Як адзначае спадар Андрэй, урачэбная практыка ведае розныя тыпы паводзін доктара. Некаторыя вылучаюцца паводле ўзроставага фактару. Калі пацыент значна малодшы за ўрача, выкарыстоўваецца мадэль патэрналізму (ад лац. pater – “тата”). У такіх выпадках доктар становіцца для хворага нібы заступнікам, атачаючы яго бацькоўскім клопатам. Пацыент, у сілу перажывання пакуты, якраз мае патрэбу ў падобным стаўленні. Будучы прыкладна ў аднолькавым узросце з хворым, урач намагаецца пабудаваць з ім сяброўскія адносіны, робячы акцэнт на роўнасці і ўзаемапавазе паміж імі. Зважаючы на падобнае стаўленне з боку прафесіянала, пацыент лягчэй прымае інфармацыю адносна хваробы і метадаў яе лячэння. “Калі маем дачынне са старэйшай асобай, зразумела, ставімся да яе паблажліва.Чалавеку ў сталым узросце заўсёды прабачаем капрызы, пэўныя недахопы, – гаворыць хірург. – Разам з тым, паводзіны ў стаўленні да хворага часта вызначае яго эмацыйны стан. У выпадку з п’яным пацыентам неабходна праявіць цвёрдасць, каб прадухіліць непажаданыя дзеянні з яго боку. Калі чалавек у істэрыцы, недапушчальнай з’яўляецца павышаная інтанацыя ці рэзкае слова, прымальна толькі беражлівае стаўленне”.
Кодэкс урачэбнай этыкі заклікае да аднолькава сур’ёзнага і паважлівага падыходу да пацыентаў. Выконваючы яго нормы, доктар ніяк не разрознівае людей, ахвяруючы ім сваю паслугу. “Мы бачым толькі асобу, якая патрабуе дапамогі. Да любога чалавека трэба ставіцца з усім прафесіяналізмам, адказнасцю і тактам”, – падсумоўвае спадар Андрэй.
Ангеліна Марцішэўская, паводле "Слова Жыцця"