Mала хто з людзей можа сказаць, што яго шлях просты і лёгкі. Для адных ён “усцелены кветкамі”, а для іншых “балесны”. Ці можа чалавек так лёгка з ружы зрабіць церне, і, калі так, то чаму так цяжка з церняў зрабіць ружу? Чалавек шчаслівы толькі тады, калі жыве ў згодзе з Богам. Бог ніколі не забывае пра нас і жадае нашага шчасця.
Я хацела б падзяліцца тым, што спаткала мяне на маім жыццёвым шляху. Думаю, што такой была воля Бога. Летам мінулага года я пазнаёмілася з супольнасцю Дачок Маці Божай Балеснай у Кальварыі Зэбжыдоўскай у Польшчы (сёстры серафіткі). Там я ўдзельнічала ў прыгожых і багатых духоўнымі перажываннямі рэкалекцыях, якія праводзілі сёстры. У час іх я адчула пэўную змену ў маім жыцці, якая неўзабаве наступіла.
У хуткім часе пасля гэтага я наведала Бялку Татранскую, дзе знаходзіцца законная супольнасць серафітак і дом сацыяльнай дапамогі для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі, якім апякуюцца сёстры. Я пазнаёмілася бліжэй з харызмай гэтай супольнасці.
…мы не любім цярпення, уцякаем ад яго, не разумеем яго вартасці, аднак я ўсвядоміла да канца, што цяжка хворы, а часам і той, хто цалкам не дае знакаў жыцця, здольны прыгожа, сваім спосабам праслаўляць усемагутнасць Бога. “Іх малітва вельмі простая і якая ж цудоўная…” – сказала я тады са слязмі на вачах. “Бо яны дзеці Божыя, яны – пярліны Касцёла”, – адказала мне адна з сясцёр.
Пакліканне для патрабуючых
Супольнасць Дачок Маці Божай Балеснай узнікла ў 1881 г. у Закрочыме (Польшча) ва ўрачыстасць Маці Божай Балеснай, 18 красавіка. Яна была заснавана бл. а. Ганаратам Казьмінскім і бл. Маці Малгажатай Шэўчык. Галоўнай мэтай яе заснавання было рэлігійнае і маральнае адраджэнне народа. Маці Малгажата праз клопат пра найбольш патрабуючых – бедных, хворых, старых і сірот – рэалізавала гэтую мэту.
Таксама сёння серафіткі рэалізуюць сваю харызму служэння сярод найбольш патрабуючых у Касцёле на хвалу Божую. Яны жывуць духам св. Францішка Асізскага, духам прастаты, убоства, іх шлях да святасці напоўнены радасцю.
Падчас прабывання ў Бялцы Татранскай я сустрэла шмат серафітак, у якіх змагла ўбачыць Божую любоў і вялікую чалавечую сардэчнасць і дабрыню. Кожная сястра адметная, але вельмі багатая Божай мудрасцю. Я пазнаёмілася між іншым з с. Базыліяй, адной са старэйшых законніц. Мяне зацікавіў аповед пра яе жыццё і пакліканне, якое дазваляю сабе тут прыгадаць.
Вось што яна распавяла:
“Я паходжу з парафіі ў Войнічы каля Тарнава, з працоўна-сялянскай сям’і. Маці працавала дома і выхоўвала 9 дзяцей. Гэта была прыкладная сям’я, якая ставіла Бога на першае месца. Бацькі выхоўвалі дзяцей у вялікай любові да Бога і бліжняга. Мама казала нам: “навошта багацце, навошта залатая раскоша, калі няма ў сэрцы ні жалю, ні цноты”.
Пры маёй роднай парафіі служылі шарыткі, але я не мела ніякага кантакту з імі. У касцёле ў бакавым алтары быў абраз Маці Божай Суцяшэння, а касцёл быў заўсёды адчынены, і, кленчачы ля гэтага абраза, я пыталася, што павінна зрабіць са сваім жыццём. Праз нейкі час я пачула голас у сваім сэрцы: “ідзі ў Тарнаў, якую першую законную сястру сустрэнеш, павінна паразмаўляць з ёю”.
Дома я сказала маме, што хачу купіць у Тарнаве сандалі, і спыталася, ці дазволіць яна мне паехаць. Яна згадзілася, і я паехала. Але ў гэты дзень не сустрэла ніводнай законнай сястры. Калі вярнулася дадому, мама сказала, што з ёю размаўляў пробашч кс. Ян Рэпка, каб паслаць мяне на рэкалекцыі. Яна згадзілася, але з умовай, каб я ехала не адна, а з сяброўкай.
Ідучы з цягніка, я ўбачыла законніцу, якая працавала ў горадзе, што была вельмі радасная і ўсміхалася. Гэта была сястра серафітка, па імені Іаана. Яна правяла нас у кляштар. Тут я спазнала Божую волю, што Бог кліча мяне служыць Яму. Тады мне было 16 гадоў і 6 месяцаў. Трэба было пісаць Папу Пію XII з просьбай дазволіць мне ўступіць у навіцыят.
Дэвіз, які я напісала ў сваім дзённіку, быў наступны: “З ласкай Божай супрацоўнічаць, волю Божую спаўняць, любіць Маці Найсвяцейшую і бліжняга”. Пасля навіцыяту (1956 г.) я працавала ў Асвенцыме, у Доме дзіцяці, потым 15 гадоў – з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі ў дзяржаўных сацыяльных дамах, потым была вучоба ў Рыме 3 гады, далей Новы Тарг у Польшчы, дзе я выкладала катэхезу 600 дзецям і вяла дзіцячы садок…”
Рэцэпт для жыцця
Шмат цікавых і павучальных падзей са свайго жыцця распавяла мне гэтая сястра, і я адважылася на пытанне: “якая Ваша парада для жыцця, як вытрываць у сваім пакліканні да канца?”
“Жывучы як законная сястра, я жадала паказваць Бога праз радасць сустрэчы з людзьмі, асабліва з дзецьмі, якіх любіла як дзяцей Бога, незалежна ад паходжання, паводзін, сведчачы ім любоў усяго сэрца”, – сказала с. Базылія.
Сёння супольнасць Дачок Маці Божай Балеснай вядомая ў многіх частках свету. Сёстры служаць таксама ў Гродзенскай дыяцэзіі ў Сапоцкіне, спаўняючы сваё пасланніцтва ў служэнні невылечна хворым, бедным, састарэлым. Яны катэхізуюць дзяцей, моладзь, але найперш моляцца за ўсіх патрабуючых і просячых аб малітве.
Жадаю за гэтую цудоўную і, мяркую, згодную з Божым Провідам сустрэчу з супольнасцю серафітак нястомна дзякаваць Пану Богу. І, як калісьці казала бл. Маці Малгажата Шэўчык, іх заснавальніца, “няхай будзе за ўсё Бог благаслаўлёны і праслаўлёны”.
Tаццяна Новік