Божае Нараджэнне лічыцца найбольш сямейным святам. У вігілійны вечар блізкія і далёкія родныя сустракаюцца разам, ламаюцца аплаткай і складаюць адзін аднаму найлепшыя пажаданні. Аднак не ўсе могуць разлічваць на некалькі хвілін, праведзеных у гэтыя асаблівыя дні ў коле сям’і.
C. Фаўстына Цыдзік, дырэктар Дома міласэрнасці ў Каменцы
Жыхарамі нашага Дома міласэрнасці з’яўляюцца людзі, якія пасяліліся тут шмат гадоў таму. Але ёсць і тыя, хто пераступіў яго парог адносна нядаўна. Перанесеныя з роднага асяроддзя, з месца, якое было для іх цэлым светам на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў, яны вымушаны сутыкнуцца з іншай рэчаіснасцю.
Са знаёмага свету гэтых людзей часам “вырывае” сур’ёзная ці прагрэсіруючая хвароба. Таму пасля паступлення сюды ім неабходна прайсці перыяд адаптацыі. Мы робім усё, каб кожны мог знайсці тут свой новы дом. Таму прагнем, каб і надыходзячыя святы Божага Нараджэння нашы падапечныя перажылі ў радаснай атмасферы, каб маглі адчуць тут цяпло, любоў, сапраўдную радасць.
У нашым Доме Божае Нараджэнне фактычна адзначаецца двойчы. Спачатку каталіцкае, потым праваслаўнае, таму што жывуць тут як адны, так і другія прадстаўнікі хрысціянскага веравызнання. Няма падзелаў на “вашых” і “нашых”: мы шануем усіх.
У сувязі з тым, што ёсць шмат асоб, прыкаваных да ложка з-за зацяжной хваробы ці ўзросту, у вігілійны вечар мы разам з абслугоўваючым персаналам адпраўляемся ў кожны пакой, трымаючы ў руцэ аплатку. Тады ў вачах людзей бачым радасць і ўзрушанасць. Яны цешацца, як малыя дзеці, што хтосьці пра іх памятае. Вераць, што разам з гэтым кавалкам белага хлеба да іх прыходзіць Божае бласлаўленне. Дзеляцца ім, як найбольшай святасцю!
Алег Гарбачоў, дырэктар сацыяльна-дабрачыннай установы "Цэнтр Дапамогі Жыццю"
Наша спецыялізаваная профільная дабрачынная ўстанова аказвае бясплатную комплексную дапамогу і падтрымку невылечна хворым на анкалогію ў тэрмінальнай (канчатковай) стадыі захворвання, пацыентам дарослых аддзяленняў хоспіса, пацыентам спецыялізаваных аддзяленняў – бальніц сястрынскага догляду г. Гродна, Гродзенскага раёна і г. Мінска.
У хоспісе чакаюць Раства і рыхтуюцца да гэтага свята з асаблівым трапятаннем і любоўю. Мы разумеем, што для некаторых пацыентаў яно стане апошнім, таму прыкладваем шмат намаганняў, каб у перыяд Калядных свят прынесці ў цяжкія, часам пакутлівыя ад перажыванага болю будні хворых людзей святло радаснай весткі пра Божую любоў.
Сёлета мы ўпрыгожылі елкі, павесілі гірлянды, аздобілі вокны выцінанкамі з каляднымі матывамі, усталявалі шопкі – адным словам, стварылі атмасферу свята. Усе аддзяленні зіхацяць – пацыенты ў захапленні! Важна падкрэсліць, што перад святам Божага Нараджэння традыцыйна не толькі ўпрыгожваем аддзяленні хоспісаў, але таксама дбаем пра цела і душу пацыентаў. Нашы валанцёры праводзяць гігіенічныя працэдуры, а каталіцкі і праваслаўны святары наведваюць хворых, праводзяць з імі духоўныя гутаркі, рыхтуюць да споведзі і св. Камуніі.
Сама Вігілія праходзіць у імправізаваным зімовым садзе, дзе збіраюцца пацыенты, а таксама іх родныя. Спачатку запальваем свечкі, уключаем рэлігійную музыку, затым молімся і дзелімся аплаткай. На жаль, у нас няма магчымасці прыгатаваць традыцыйныя вігілійныя стравы, таму што знаходзімся ў крыху “палявых умовах”, але нягледзячы на гэта наш святочны стол не пустуе.
Хутка пачнём аб’езд нашых падапечных з падарункамі. Хочам паспець да Раства павіншаваць кожнага: тых, хто знаходзіцца ў стацыянарах, і тых, кім апекуемся дома. Яшчэ ў нашых планах ёсць калядныя канцэртныя праграмы, з якімі ў хоспіс завітаюць парафіяльныя гурты.
Цешымся, што нашы падапечныя маюць магчымасць перажываць Раство ў супольнасці, што нам удаецца стварыць радасную, па-сямейнаму цёплую і душэўную атмасферу свята. Стараемся яе захаваць: падчас вігілійнай сустрэчы нашы валанцёры робяць шмат фотаздымкаў, якія мы пасля высылаем родным на памяць.
Кс. Анджэй Ганчар, душпастыр вязняў Гродзенскай дыяцэзіі
Я вельмі ўдзячны Пану Богу, што даў мне магчымасць служыць зняволеным. Апекуюся вязнямі, якія адбываюць пакаранне ў 2-юх беларускіх турмах: Ваўкавыскай папраўчай калоніі №11 і Гродзенскай турме №1.
Безумоўна, у турме чакаюць свята. Аднак у такі час быць за кратамі асабліва сумна ды прыкра. З надыходам Каляд да многіх вязняў прыходзіць цяжкае пачуццё адзіноты, бо побач няма родных ды блізкіх.
У Гродзенскай турме вязні па жаданні маюць права падаць просьбу кіраўніцтву, каб яно дало магчымасць сустрэцца з каталіцкім святаром. Атрымаўшы дазвол, чалавек прыходзіць на сустрэчу ў спецыяльнае памяшканне, дзе можа са мной паразмаўляць, паспавядацца і прыняць св. Камунію. Да кожнага стараюся падыходзіць індывідуальна, аказваць псіхалагічную, а таксама малітоўную падтрымку, заклікаю – асабліва перад святамі – ачысціць сваё сэрца ад граху. На вялікі жаль, у гродзенскай турме такі парадак, што вязням забараняецца сустракацца адзін з адным на тэрыторыі, таму Вігілію яны перажываюць кожны ў сваёй камеры. Канешне, сукамернікаў не падбіраюць па веравызнанні, таму часта здараецца, што католік вымушаны ў адзіноце перажываць Раство. Добра, што асуджаныя зазвычай стараюцца паважаць адзін аднаго. Калі нехта святкуе Вігілію, то ставяцца да гэтага з паразуменнем, не перашкаджаюць. Канешне, у турме няма магчымасці прыгатаваць традыцыйную калядную вячэру, але падзяліцца аплаткай, якую родныя дасылаюць перад святам, ніхто не забараняе.
Што да Ваўкавыскай папраўчай калоніі, тут вязні маюць магчымасць працаваць і атрымліваць нейкую спецыяльнасць, а таксама перамяшчацца па тэрыторыі. Дзякуючы гэтаму зняволеным не забараняецца сустракацца і збірацца на супольным богаслужэнні, якое адбываецца раз на тыдзень. Таму ў свята Божага Нараджэння ў іх ёсць магчымасць падзяліцца аплаткай з іншымі католікамі, якія адбываюць пакаранне, выказаць ім святочныя пажаданні і проста паразмаўляць.
Канешне, такое перажыванне свята нельга параўнаць з традыцыйным, да якога мы прызвычаіліся ў сваіх сем’ях і супольнасцях. Але трэба памятаць, што Езус нараджаецца не для пэўнай катэгорыі людзей, а ў сэрцы кожнага з нас. Таму і асуджаныя, якія вельмі часта адкінуты грамадствам, маюць права далучыцца ў сваёй радасці да іншых хрысціян у свеце. Нельга забываць пра тое, што людзі трапляюць у турму па розных жыццёвых абставінах. Сярод іх ёсць ахрышчаныя ў Каталіцкім Касцёле альбо тыя, што паходзяць з каталіцкіх сем’яў ці прыйшлі да Бога ўжо будучы за кратамі. Усе яны вольныя верыць і маліцца. Магчыма, розніца ў тым, што ў турме менш магчымасцей, бо на свабодзе можна быць на св. Імшы хоць кожны дзень, а ў турме – толькі ў акрэсленыя дні.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"