“Горшае, што чалавек мог прыдумаць, – зайздрасць, хцівасць, гнеў і вайна, якая пакінула глыбокі адбітак на псіхіцы кожнага чалавека, вымушанага прайсці праз гэтае пекла. Яна забрала ў нявінных людзей мары, каханне, пачуццё бяспекі, – гаворыць гродзенка Крысціна Жулега. – Мы перажылі той страшны час, бо Маці Божая Вастрабрамская атуліла нас плашчом сваёй апекі. Памяць пра гэта не сцёрлася, нягледзячы на тое, што мінула ўжо столькі гадоў...”.
Дапамога ў складаных і безнадзейных справах
Аб парадку, які ўвялі немцы пасля акупацыі Гродна ў час ІІ Сусветнай вайны, можна расказваць вельмі доўга. Усюды былі развешаны лістоўкі, у якіх інфармавалася, што кожны, хто парушыць нямецкі закон, будзе расстраляны на месцы. Я памятаю, што зімы ў тыя гады былі надта суровыя. Мы страшна мерзлі, бо дастаць паліва было вельмі цяжка, не хапала драўніны і вугалю. У сям’і не засталося нікога з мужчын, таму мама мусіла штосьці прыдумаць сама. У зале стаяла вялікая печка, збудаваная з прыгожых каляровых кафляў, аздобленая карнізам з гербам. Аднак на яе трэба было шмат паліва, таму мама знайшла ў кагосьці невялічкую круглую буржуйку. Мы паставілі яе пасярод пакоя, а навокал размясцілі канапы і ложкі. Звычайна ў нас начавалі 2 альбо 3 сям’і. Палілі ўсё, што толькі было можна: горшую мэблю, старыя кнігі...
Урэшце нас так прыціснула, што мама пастанавіла пайсці за драўнінай на руіны разбомбленых суседскіх дамоў, нягледзячы на тое, што хадзіць туды было забаронена. За гэта пагражаў расстрэл.
Я памятаю, як на вуліцы Ажэшкі ляжаў забіты мужчына. У яго на плячах быў мяшок, на якім віднеўся аркуш з надпісам “Ён краў”. Аднак мама не адступіла ад задуманага і папрасіла куму Ірыну пайсці разам з ёй. “Можа, нічога нам не зробяць. У нас, хіба, і так не засталося ніякіх цэлых і добрых рэчаў”, – сказала яна тады.
Яны накіраваліся на руіны, сабралі вязанкі, усклалі іх сабе на плечы і ўжо хацелі вяртацца дадому, калі раптам пачулі вокліч: “Halt! Halt!”. Гэта былі нямецкія салдаты. Спалоханыя жанчыны ўкленчылі і пачалі маліцца. У гэты момант мама заўважыла пад абломкамі абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Схавала яго пад паліто, кажучы куме: “Ірына, калі прыйдзецца гінуць, то хоць Маці Божая будзе з намі”.
Да іх падышлі двое салдат і афіцэр, кожны са зброяй у руках. “Што вы тут робіце? Ці не ведаеце, што рабаваць нельга, што ўжо каменданцкая гадзіна?” – спыталіся. Мама разумела па-нямецку і нават размаўляла, таму пачала тлумачыць, што яны прыйшлі сюды не каб красці, а каб знайсці паліва, бо дома вельмі холадна, мерзнуць дзеці і старыя. У пэўны момант афіцэр заўважыў, што мама нешта хавае пад плашчом, і запытаўся, што там. “Абраз Маці Божай, ён тут ляжаў. Паколькі вы збіраліся ў нас страляць, то ўзяла яго, каб, паміраючы, прасіць Марыю аб выратаванні для нашых дзяцей”, – адказала. “Вы веруючыя, але прыйшлі красці, нягледзячы на забарону?” – абурыўся афіцэр. “Кожная маці будзе ратаваць сваіх дзяцей, нават падвяргаючы сябе на смерць”, – сказала матуля. Афіцэр загадаў узяць вязанкі і завесці яго да сябе дадому. Хацеў праверыць, ці мама не падманвае.
Калі немцы ўвайшлі ў хату, убачылі перад сабой нас: дзяцей, апранутых у курткі, і старых, якія маліліся, седзячы ў цэнтры пакоя. Афіцэр загадаў зняць з плячэй вязанкі і запаліць печку. Потым выцягнуў кашалёк, паказаў здымак сваёй жонкі з дзецьмі і сказаў: “Памятайце, не ўсе будуць такія, як я. Убачаць вас на гэтых руінах – заб’юць на месцы. Калі верыце ў Маці Божую, маліцеся Ёй і прасіце, каб і мае, і вашы дзеці выжылі”.
Калі немцы пайшлі, мы пачалі плакаць ад радасці, абдымаць адзін аднаго. Потым разам памаліліся, закінулі драўніну ў печку і шчасліва заснулі ў цёплым пакоі. Аднак раніцай пачулі стук у дзверы. На сходах стаялі салдаты. Загадалі маме і цётцы Ірыне прыбыць да афіцэра, бо ён мае да іх нейкую справу. Бабуля ў роспачы сказала: “Вядома, што гэта будзе за справа. Ужо, хіба, больш не ўбачым сваёй дачкі”. Салдаты завялі жанчын у камісарыят. Пакуль іх не было, мы не ўставалі з калень, маліліся перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Тыя вярнуліся цэлыя і здаровыя. Мы вельмі ўсцешыліся, а яны сказалі: “Пан Бог паслаў нам гэтага чалавека! Зірніце, што ён нам даў”, – і выцягнулі з кішэні картачкі на вугаль, дровы, мыла і бульён.
На вуглу вуліцы Гувера (сёння Тэльмана) знаходзілася невялікая фабрыка, дзе для немцаў рабілі каўбасы. Потым іх варылі, а бульён раздавалі тым, хто мае адпаведныя картачкі. Як самая старэйшая з дзяцей я хадзіла туды двойчы ў тыдзень. Мы вельмі пакутавалі ад недахопу ежы. Часам маме ўдавалася здабыць нейкую бульбу, сабраць крапіву, лебяду ці шчаўе і прыгатаваць суп. А гэты бульён быў для нас сапраўдным ратункам. Памятаю, што калі адчынялі дзверы ў склеп, адтуль ішоў смачны пах... Не аднойчы я нават губляла прытомнасць ад голаду. Па картках мы атрымлівалі таксама хлеб. І хоць ён быў на палову з косткамі, у нас не было выбару, елі нават такі.
Абраз Маці Божай Вастрабрамскай, знойдзены на руінах, мы павесілі на сцяне. Заўсёды клапаціліся аб тым, каб ля яго стаялі якія-небудзь кветкі, гарэла свечка. Нястомна дзякавалі Маці Божай за Яе міласэрнасць і апеку над намі.
Не вырачыся веры
Пасля вайны бабуля з сынамі выехала ў Польшчу, а мы засталіся ў Гродне. Жыццё ў Савецкім Саюзе не было лёгкім, але Бог нас не пакінуў. Цярпелі праследаванне з-за “плямы” панскай сям’і. Мама нават вымушана была спаліць усе дакументы і фотакартачкі, такім чынам стараючыся выратавацца ад небяспекі.
Нас праследавалі таксама за веру, таму прыйшлося перанесці ўсе абразы з залы ў спальню, куды ніхто не дапускаўся. Пасля таго, як да нас прыйшлі з вобыскам, мама папрасіла: “Дзеці, нікому не кажыце, хто наша бабуля, дзядуля, бацька. Мусіце закрыць вусны на замочак. Калі хтосьці спытаецца, гаварыце, што нічога не ведаеце”.
У 1955 годзе я выйшла замуж. Тады мама перадала мне як старэйшай з дачок абраз Маці Божай Вастрабрамскай.
У тыя атэістычныя часы складана было захоўваць сваю веру. Мы з мужам займалі высокія пасады на працы, таму ўсё вымушаны былі рабіць употай: хадзіць у касцёл, маліцца. Памятаю, што перад Божым Нараджэннем заўсёды мусілі завешваць вокны, каб ніхто не бачыў, што мы раней паставілі елку. А каб на Вялікдзень магчы падзяліцца яйкам, трэба было ці самому хавацца па дарозе ў святыню, ці кагосьці прасіць, каб асвяціў. Абраз і крыж я трымала за шафай. Малілася, усведамляючы, што Пан Бог усё бачыць і ведае.
Сон
Аднойчы мне прысніўся незвычайны сон. Пазіраю праз акно на кароў, якія ходзяць па прыгожым зялёным лузе, і кажу: “Божа, дзякую Табе за такі цудоўны дзень!”. У гэты момант гляджу на сцяну і бачу там нібы вобраз Маці Божай. Ён ззяе ў арэоле святла, зусім іншы, чым у рэчаіснасці. А Марыя кажа мне: “І не сорамна табе, што дагэтуль яшчэ молішся і баішся? Паглянь, што робіцца ў свеце”. Зноў пазіраю ў акно – а там столькі святла, такія радасныя вясёлкі… Пасля чаго адказваю: “Маці Найсвяцейшая, я ўсё зразумела, прабач мне, Валадарка Неба і Зямлі! Даруй, што да гэтага часу не размясціла твой абраз у найпрыгажэйшым месцы ў доме!”. Я падаю на калені і пачынаю маліцца. Марыя ж адказвае: “Не бойся і скажы ўсім, каб не баяліся. Я бласлаўляю вас і ўвесь свет”.
Пасля гэтых слоў я прачнулася і ўбачыла, што сапраўды нібы спрабую ўкленчыць. Схапілася і пачала прасіць: “Маці, злітуйся, прабач!”. Потым устала, паглядзела ў акно, убачыла, як каровы ідуць на луг. Дрыжачымі рукамі дастала абраз з-за шафы, пастанавіўшы, што з гэтага моманту ён будзе вісець на самым бачным месцы. Хутка прачнуўся муж і ўбачыў на сцяне абраз. Я сказала яму, што Маці Божая дала мне знак, і мы ўжо не павінны баяцца.
Без Бога ні да парога
З адлегласці пражытых гадоў магу сцвердзіць, што найбольшай радасцю на зямлі з’яўляецца Пан Бог у душы і сэрцы чалавека, а найбольшым шчасцем і багаццем – здароўе і духоўнае развіццё нас саміх і нашых блізкіх.
Часам калі размаўляю з атэістамі, задаю ім пытанне: “Што ёсць у вас добрага?”. Калі жыццё наблізіцца да свайго канца, кожная душа стане перад Богам. І тады Пан спытаецца: “Чаму ты рабіў так, а не інакш?”. Таму трэба старацца як мага хутчэй паяднацца з Богам, бо Ён быў, ёсць і будзе, а ўсё тленнае праміне.
На гэтай зямлі мы толькі здаём экзамен, а Усемагутны глядзіць на нашы ўчынкі, на наша жыццё.
Для ўсіх няверуючых я прашу ў міласэрнага Стварыцеля разважлівасці, каб як мага хутчэй з Ім з’ядналіся, каб свет быў адзіны, паколькі ўсе мы з’яўляемся братамі і сёстрамі, дзецьмі Пана Бога. Прашу таксама духоўнага ўзрастання для кожнага чалавека, святла ў душы і сэрцы. Не жадайма таго, што нам нямілае. Паступайма так, каб потым не саромецца. Спяшаймася рабіць дабро. Няхай усе пазнаюць радасць Хрыстовай веры і асалоду малітвы! Няхай Божы Провід заўсёды чувае над намі, а Марыя мае ў сваёй апецы!
Кінга Красцікая, паводле "Слова Жыцця"