У верасні сваё місіянерскае служэнне ў Грузіі пачала с. Вераніка Огар FMA з Кангрэгацыi Дачок Марыі Успамогі Хрысціян (салезіянка). Законніца паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы (Лідскі дэканат), апошнія гады служыла ў Смаргоні.
Пра свае першыя ўражанні і сённяшняе служэнне яна распавяла ў Сусветны місійны тыдзень, які зараз праходзіць у Касцёле.
“Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі Хрысціян (сёстры салезіянкі) сама па сабе місійная. Мы нясём Хрыста моладзі ў тых месцах, куды пасылае нас Касцёл. Не прывязаны да служэння на адной пляцоўцы – ідзём туды, дзе ёсць патрабуючыя. Сёстры выконваюць сваю місію сярод дзяцей і моладзі на ўсіх кантынентах свету.
Яны праводзяць катэхізацыю, апякуюцца школамі, выхаваўчымі асяродкамі, інтэрнатамі, кіруюць араторыямі, моладзевымі цэнтрамі, арганізуюць і займаюцца аніматарствам апостальскіх рухаў сярод моладзі з мэтаю дзейснага і адказнага ўключэння яе ў жыццё Касцёла.
Нашы сёстры таксама вядуць місійную дзейнасць у розных краінах. Ужо больш за 20 гадоў яны нясуць служэнне ў Грузіі. І калі настаяцельніца паведаміла мне аб тым, што паеду ў гэтую краіну, я з паслухмянасцю прыняла даручанае заданне. Перад паездкай у Тбілісі не мела нейкіх канкрэтных планаў. Больш думала аб тым, што пакідаю, чым аб тым, куды еду. Можа, нават да канца не разумела, як, навошта, куды накіроўваюся. Адзінае пытанне, якое мяне вельмі хвалявала: што буду рабіць у краіне, мовы якой зусім не ведаю?
У дадзены момант маё служэнне заключаецца ў тым, каб… быць! Кансэкраваная асоба ў першую чаргу паклікана жыць з Хрыстом і толькі пасля – несці Яго іншым людзям. Зараз актыўна стараюся пераадолець моўны бар’ер – вывучаю грузінскую мову.
У Тбілісі сёстры салезіянкі маюць невялікі выхаваўчы цэнтр для дзяцей дашкольнага ўзросту. Гэтая пляцоўка – вялікая дапамога для грузінскіх сем’яў, многія з якіх пакутуюць ад беднасці. Пакуль сёстры апякуюцца дзецьмі і праводзяць з імі заняткі, маці выходзяць на працу, каб крыху падзарабіць грошай на ўтрыманне сям’і. Я таксама шмат часу праводжу з дзецьмі. Падчас заняткаў папаўняю свой слоўнікавы запас, адным словам, разам з імі раблю першыя крокі.
Грузія з кожным днём усё больш і больш здзіўляе мяне сваёй кантрастнай прыродай, культурай і традыцыямі.
Нездарма кажуць, што гэта адна з самых прыгожых краін у свеце. Але найбольш тут мяне ўражваюць людзі. Грузіны – вельмі гасцінны, просты, адкрыты, шчодры народ. Памятаю, у адзін з першых дзён пасля прыезду я ішла па вуліцы. Да мяне падышла незнаёмая жанчына пажылога ўзросту, прывіталася і запрасіла да сябе на каву.
У папулярнай грузінскай прыказцы гаворыцца, што госць – гэта падарунак ад Бога. І я ў гэтым пераканалася, калі ўвайшла ў дом незнаёмкі, дзе за багата накрытым сталом мяне прынялі як важнага госця. Таксама за той кароткі час, што знаходжуся ў Тбілісі, я паспела заўважыць, што грузіны ўмеюць адпачываць. І калі, гледзячы на іх, спачатку ўзнікае пытанне, навошта выкідваць столькі грошай на феерверкі ды іншыя забавы, то пасля, падумаўшы, разумееш: магчыма, гэта якраз тое, чаго часта не хапае нам, прагматычным беларусам. Мы шмат працуем, але баімся патраціць лішнюю капейку для забеспячэння ўласнага камфорту.
Што мяне яшчэ ўразіла ў мясцовых людзях – гэта іх няспешнасць. Калі заходзіш у метро, то дзіву даешся: ніхто нікуды не бяжыць, няма ніякай мітусні. Акрамя таго, грузіны не шкадуюць часу адзін для аднаго: яны шмат размаўляюць, бавяць вольны час з сям’ёй і сябрамі.
Што да мясцовай каталіцкай супольнасці, то яна тут вельмі маленькая. Грузія лічыцца пераважна праваслаўнай краінай. Але ў гэтым ёсць свой шарм. Паколькі католікаў тут няшмат, амаль усе адзін аднаго ведаюць, разам раздзяляюць радасці і клопаты.
Набажэнствы тут праходзяць на грузінскай, лацінскай, польскай, рускай, англійскай мовах. Такім чынам мясцовы Касцёл дапасоўваецца да розных груп каталіцкіх вернікаў з-за мяжы, якія часова жывуць у Грузіі.
Вельмі ўдзячная Богу, што накіраваў мяне ў гэтую цікавую краіну. Спадзяюся, мая праца прынясе добры плён, і прашу аб гэтым Усявышняга”.
***
Перадаем сястры Вераніцы самыя сардэчныя словы прывітання, а таксама запэўніванне ў нашай малітве! Перакананыя, што яе служэнне поўнае Духа!
Кінга Красіцкая