21 кастрычніка ў Касцёле пачаўся Місійны тыдзень, які праходзіць пад дэвізам “Поўныя Духа і пасланыя”. Праз свае малітвы і матэрыяльныя ахвяраванні католікі пакліканы падтрымаць маладыя і бедныя Касцёлы на місійных тэрыторыях. Гэта таксама час выказвання ўдзячнасці за дар веры і асаблівай памяці аб місіянерах, якіх ва ўсім свеце сёння налічваецца каля 350 тысяч. Яны цяжка працуюць, без агалоскі, становячыся сведкамі і веснікамі Добрай Навіны ўсюды, куды іх паслаў Бог.
Перадаваць веру да канцоў зямлі
У “місійны час” нас уводзіць Пасланне папы Францішка на Сусветны дзень місій, якое ў гэтым годзе асаблівым чынам скіравана моладзі. У ім Святы Айцец звяртае ўвагу на тое, што кастрычнік з’яўляецца чарговай нагодай, каб стаць вучнямі-місіянерамі, якія ўсё больш любяць Езуса і Яго місіі, ажно да самых далёкіх канцоў зямлі.
“Вы, маладыя людзі, праз хрост сталі жывымі членамі Касцёла, і мы разам закліканы несці Евангелле ўсім. Вы ўваходзіце ў жыццё. Узрастанне ў ласцы веры, якая перадаецца праз сакраманты Касцёла, уключае нас у паток пакаленняў сведкаў, дзе мудрасць тых, хто мае досвед, становіцца сведчаннем і матывацыяй для тых, хто адкрываецца на будучыню.
А навізна маладых становіцца, у сваю чаргу, падтрымкай і надзеяй для асобаў, якія набліжаюцца да мэты свайго падарожжа. Дзякуючы суіснаванню розных узроставых груп Касцёл у сваёй місіі будуе масты паміж пакаленнямі, праз якія вера ў Бога і любоў да бліжняга становяцца фактарамі глыбокай еднасці”, – напісаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што перадача веры – сутнасць місіі Касцёла – адбываецца праз “заражэнне” любоўю, дзякуючы чаму радасць і энтузіязм выражаюць нанова знойдзены сэнс і паўнату жыцця: “Распаўсюджанне веры шляхам прыцягнення патрабуе адкрытых, расшыраных любоўю сэрцаў. А такая адкрытасць нараджае сустрэчу, сведчанне, абвяшчэнне; нараджае ўзаемнае дзяленне ў любові з тымі, хто далёкі ад веры, абыякавы да яе, а часам бывае непрыхільны ці супрацівіцца ёй.
Чалавечыя асяроддзі, культурныя і рэлігійныя, якія ўсё яшчэ не ведаюць Евангелля Езуса і сакрамэнтальнай прысутнасці Касцёла, з’яўляюцца самымі далёкімі “канцамі зямлі”, куды з часоў Пасхі Езуса пасланы Яго вучні і місіянеры, з упэўненасцю, што побач з імі заўсёды знаходзіцца Пан (параўн.: Мц 22, 20; Дз 1, 8). На гэтым і засноўваецца тое, што мы называем “missio ad gentes” (“місіі да народаў”)”.
Місіі – справа не толькі духавенства
Місіянер – гэта, найперш, чалавек добрай волі, які ахвяруе тое, што мае каштоўнага, г. зн. самога сябе, дар свайго жыцця бліжняму і Касцёлу. Прагненне стаць місіянерам – тым, хто абвяшчае ўваскрослага Хрыста жыццём і словам, – напрамую вынікае з веры, з усведамлення таго, што Езус з’яўляецца найкаштоўнейшым скарбам, з радасці, што ім валодаеш, а таксама з жадання адорваць іншых тым, што сам атрымаў бясплатна і што так жа бясплатна можа атрымаць кожны. Асобамі, якія вырушваюць на місіі, звычайна кіруе ўнутраны голас, які гаворыць: “Я атрымаў многае, і цяпер хацеў бы гэтым падзяліцца”.
Кожны веруючы павінен адчуваць сябе адказным за Касцёл, які ствараюць як кансэкраваныя, так і свецкія асобы, і разумець, што місійная паслуга пачынаецца з давання сведчання ў сям’і і на месцы працы, з удзелу ў жыцці парафіяльных супольнасцяў. Быць місіянерам – гэта таксама значыць рэалізаваць запаведзі любові да бліжняга. Што большае мы здольны ахвяраваць іншаму, чым усведамленне Божай любові, чым дарога да адкрыцця каштоўнасці і годнасці ўласнай чалавечнасці, што ўспрымаецца ў святле Хрыста, які стаў Чалавекам, каб аддаць жыццё за ўсіх людзей?
У Ватыкане склалі спіс прозвішчаў загінулых за веру місіянераў і місіянерак. Згодна з гэтым рапартам, апублікаваным інфармацыйным агенцтвам “Fides”, у 2000–2017 гадах забіта 447 чалавек, якія знаходзіліся на місійнай службе ў розных кутках свету.
Сярод іх аказаліся 5 біскупаў, 313 ксяндзоў, 3 дыяканы, 10 манахаў, 51 манахіня, 16 семінарыстаў, 3 члены інстытутаў кансэкраванага жыцця, 42 свецкія асобы, 4 валанцёры. Аднак фактычная колькасць ахвяраў вышэйшая, таму што апублікаваны выключна пацверджаныя выпадкі.
Кінга Красіцкая