Ліпень і жнівень – гэта месяцы, калі ў навучэнцаў канікулы, а тыя, хто працуе, ахвотна накіроўваюцца ў водпуск. Аднак, як сведчыць старая польская прымаўка, няма канікул у школе жыцця. Не бывае таксама адпачынку ад Пана Бога, які чакае сустрэчы ў Эўхарыстыі, у сакраманце пакаяння і паяднання, у малітве, ва ўдзячнасці за прыгажосць створанага свету. Дык як пражыць водпуск, каб ён не паўплываў негатыўна на духоўнае жыццё?
◆ Неразумна ўзмацняць сваё цела, але занядбаць душу. Нярэдка летам фізічная актыўнасць дасягае зеніту, а духоўная спадае да нуля. Найлепшым спосабам, каб аднавіць духоўны стан, з’яўляецца малітва і размова з Панам Богам. Аднак гаворка ідзе не пра павелічэнне малітоўных пунктаў дня, а пра сустрэчу з Усемагутным, перажываемую ў цішыні сэрца, у засяроджанні, на ўлонні прыроды. Штодзённа можна знайсці некалькі хвілін на духоўную сустрэчу з Богам і малітву.
◆ Важней за ўсё не тое, дзе правядзём канікулы, але як. Куды б мы не скіраваліся, усюды можам знайсці Езуса. Дастаткова толькі захацець. Ён будзе прамаўляць у шуме мора і прыгажосці гор, у цішыні манументальных катэдраў і маленькіх касцёлаў. Будзе прыходзіць падчас Эўхарыстыі і ў іншым чалавеку.
◆ Варта памятаць пра нядзельную св. Імшу. Яна павінна быць “сэрцам кожнай нядзелі”, таксама і ў водпуску. У эру паўсюднага доступу да інтэрнэту не так ужо і цяжка знайсці касцёл побач і паглядзець, а якой гадзіне там адпраўляецца св. Імша, паколькі нядзельная Эўхарыстыя абавязковая для кожнага католіка на працягу ўсяго года. Калі ўдзел у св. Імшы сапраўды немагчымы, варта выкарыстаць сучасныя сродкі перадачы інфармацыі і дзякуючы інтэрнэту ці радыё далучыцца да цэлебрацыі літургіі духоўна.
◆ Летні адпачынак – нагода, каб умацаваць сувязі з Богам. Адны выбіраюць рэкалекцыі, іншыя – пілігрымку, яшчэ хтосьці наведвае санктуарый. На канікулах варта таксама забраніраваць больш часу для духоўнага чытання. На самой справе біяграфія святога можа аказацца больш захапляльнай, чым прыгодніцкі раман ці дэтэктыў.
◆ Не трэба саромецца публічна даваць сведчанне сваёй веры. Тады, магчыма, тыя асобы, якія не маюць нічога агульнага з Касцёлам, убачаць, што ўсё ж варта жыць з Богам.
◆ Варта зрабіць сабе канікулы ад тэлебачання і сацыяльных сетак. Спачатку не будзе лёгка, аднак праз некалькі дзён бясспрэчна адчуем сапраўдную свабоду. Замест таго, каб гадзінамі размаўляць са знаёмымі па тэлефоне, можна сустрэцца з імі ў рэальным свеце. Адбудуйма сямейныя і сяброўскія сувязі. Размова твар у твар з тымі, каго не бачылі ўжо доўгі час, абавязкова прынясе шмат радасці.
Канікулы для многіх з’яўляюцца праверкай веры і перакананняў. Трэба таксама прызнацца, што лета робіць наш дух больш лянівым. Кожны тады хоча мець т. зв. “святы супакой”, часта перастае быць успрымальным да пагроз і спакусы, перастае патрабаваць ад сябе, вызваляецца ад адказнасці і настроены выключна на чэрпанне прыемнасцей. Чалавек лягчэй і хутчэй адмаўляецца ад усяго, што спалучана з прыкладваннем намаганняў. Тлумачым і апраўдваем сябе тым, што “цяпер жа канікулы, а пасля іх усё вернецца ў норму”.
Даваць сабе льготны тарыф у справах веры, адсоўваць Бога на другі план і разбураць з Ім сувязі, якія будаваліся цэлы год, небяспечна. Адпачынак павінен быць мудрым – такім, каб падчас яго заўсёды ўдавалася штосьці атрымаць, а ні ў якім разе не страціць, каб стаць мацнейшым, а не больш змучаным.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"