Многія пілігрымы, якія ў гэтыя дні ідуць у санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, у час дарогі маюць розныя інтэнцыі. Кожны год у Тракелі пілігрымы нясуць шмат інтэнцый, як падзякаў, так і просьбаў.
Некаторыя яшчэ дома, перад выхадам, загадзя пачынаюць запісваць у сваіх нататніках інтэнцыі, каб ні пра каго і ні пра што не забыцца. Інтэнцыя матывуе кожнага пілігрыма ў цяжкія хвіліны і спрыяе таму, што вандроўка становіцца лягчэйшай, а больш за тое – плённай.
Пілігрымы вераць, што моц благаслаўлення спашле на іх сем’і і блізкіх Божыя ласкі. А просьбы, якія яны нясуць, каб даверыць Марыі, будуць споўнены.
Пра тое, з якімі інтэнцыямі яны ідуць у Тракелі, дзеці і моладзь з XXI пешай пілігымкі Іўеўскага дэканата распавялі нам.
Хачу атрымаць зрок
Анастасія Гуранкова з Гродна, якая з дзяцінства невідушчая, ужо ў трэці раз удзельнічае ў пілігрымцы Іўеўскага дэканата. 11-гадовая дзяўчынка прызнаецца, што яе інтэнцыя на працягу трох гадоў не змяняецца. Яе найбольшае жаданне – каб яна магла на ўласныя вочы ўбачыць прыгажосць стварэння.
“Я пілігрымую да Марыі з такой жа просьбай. Хачу, каб Маці Божая дала мне зрок. Я ніколі яшчэ не бачыла прыгажосці гэтага свету. Ведаю, што свет прыгожы, людзі, якія ў ім жывуць, таксама. Хачу стаць відушчай”, – кажа Анастасія.
Дзяўчынка ідзе ў пілігрымцы дзякуючы сваёй маме і многім іншым доброзычлівым удзельнікам, якія дапамагаюць ёй пераадольваць кіламетры шляху.
Няхай запануе мір
Некаторыя пілігрымы ідуць з агульнай інтэнцыяй. Яны хочуць, каб у свеце і ў кожнай сям’і запанавала жаданая згода і еднасць і каб кожны чалавек адчуваў сябе патрэбным.
Руслан Капуста з Геранёнаў, які ў пілігрымцы ўдзельнічае кожны год, прысвячае працу свайго пілігрымавання менавіта ў гэтых інтэнцыях. “Сёння гэты мір патрэбны кожнай сям’і і кожнаму народу. Мы бачым, што сёння адбываецца ў свеце”, – дзеліцца Руслан.
Хлопец адзначае, што гэты мір трэба будаваць найперш у сваіх сэрцах, а тады і свет будзе больш спакойны і людзі будуць пазітыўна ставіцца адзін да аднаго. “Няхай Маці Божая дасць кожнаму з нас супакой сэрца”, – дадае Руслан.
Каб мае блізкія былі здаровымі
У пілігрымцы Іўеўскага дэканата ў гэтым годзе бярэ ўдзел вельмі шмат дзяцей. Некаторыя з іх ідуць са сваімі бацькамі, некаторых вязуць у вазках. Інтэнцыі дзяцей вельмі простыя.
Кожнае дзіця жадае, каб іх мама, тата і найбліжэйшыя родныя былі шчаслівыя і здаровыя.
Eва Яновіч з Мінска, якая ідзе разам з мамай, адзначае, што атмасфера, якая пануе ў пілігрымцы, цудоўная. “Усе ідуць разам, усе моляцца. Кожны, напэўна, аб нейкай справе. Я ж малюся за сваю сям’ю, хачу, каб усе ў мяне дома былі здаровыя і шчаслівыя”, – кажа дзяўчынка.
Па словах Евы, яна верыць, што Марыя, якая “абрала сабе Тракелі домам прабывання”, пачуе просьбу кожнага дзіцяці і, калі гэта будзе згодна з воляй Найвышэйшага, споўніць кожную просьбу.
Няхай не будзе сумных і плачучых
У сваю чаргу пяцігадовая Маша Мусік з Іўя прызнаецца, што ідзе ў пілігрымцы ўпершыню, бо хоча, каб на зямлі не было плачучых і сумных. Дзяўчынка кажа, што не любіць бачыць людзей, якія плачуць і па розных прычынах прыгнечаныя і сумныя.
“Я хацела б, каб кожны чалавек на зямлі быў радасны. Вельмі хачу, каб і ў маёй сям’і была заўсёды радасць”, – дадае Маша. Па словах дзяўчынкі, яна пераканана, што Марыя споўніць гэтыя жаданні дзіцячага сэрца і што яна на сваім шляху будзе заўсёды сустракаць людзей вялікай радасці і вялікага сэрца.
Знайсці правільны шлях
У пілігрымскую дарогу вельмі часта адпраўляюцца маладыя людзі, якія шукаюць сэнс жыцця або стаяць перад выбарам жыццёвага шляху. Многія з іх падчас пілігрымкі знаходзяць для сябе адказы на турбуючыя пытанні.
Раман Ярмош з Іўя ідзе з інтэнцыяй, каб Марыя сказала яму, у якім кірунку ісці пасля заканчэння школы. Хлопец адзначае, што ўдзельнічае ў пілігрымцы трэці раз. “Ахвярую цяжар пілігрымкі для Бога і прашу Маці Божую, каб дапамагла знайсці правільны шлях у жыцці”, – кажа Раман.
Па словах хлопца, жыццё адно, таму ён хацеў бы добра выкарыстаць кожную хвіліну, каб не марнаваць ніколі Божай ласкі.
Mалітва за памерлых
Ёсць таксама пілігрымы, якія працу вандравання ахвяруюць у інтэнцыі сваіх блізкіх памерлых. Яны асабліва патрабуюць нашай малітоўнай падтрымкі, нашай малітвы. Толькі тыя, хто жыве на зямлі, могуць дапамагчы душам, якія знаходзяцца ў чыстцы.
Антон Дубовіч з Іўя ідзе ў пяты раз. Сёлетняя яго інтэнцыя – малітва за памерлых.
“Сваю працу пілігрымавання і ўсе нягоды, якія спатыкаю падчас дарогі, я ахвярую за ўсіх памерлых нашай сям’і. Малюся, каб Найсвяцейшая Маці прыгарнула ўсе гэтыя душы ў Нябеснае Валадарства”, – кажа хлопец.
Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч