Skip to main content

20 гадоў для Маці Божай: кс. Павел Салабуда пра пілігрымаванне ў Тракелі

salabuda 6Кс. Павел Салабуда, пробашч гродзенскай парафіі на Альшанцы, штолета на працягу 20-ці гадоў пілігрымуе да Маці Божай Тракельскай. Пачынаў свой шлях яшчэ юнаком, а сёння ладзіць і ўзначальвае самую славутую і гаманлівую пілігрымку Гродзеншчыны. Cвятар узгадвае пра цуды і кур’ёзы, а таксама пра цяжкасці і сентыменты шматгадовага пілігрымывання з Гродна ў Тракелі і дзеліцца з чытачамі grodnensis.by.

salabuda 3

- Кс. Павел, якія маеце ўспаміны са сваёй першай пілігрымкі ў Тракелі?

- Упершыню я вырушыў са Скідзеля ў 1997 годзе, бо з Гродна у той час паломніцтвы яшчэ ніхто не арганізоўваў. Сабраў пілігрымку тагачасны пробашч скідзельскай парафіі кс. Адам Рудніцкі. Мы выйшлі маленькай групай, і ніхто з нас асабліва не ўсведамляў, як дакладна павінна выглядаць пілігрымка. Мы называлі яе то “паходам”, то “пераправай праз рэчку”. Зразумела, было шмат экспромту.

Сёлета я буду крочыць да Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў ужо ў 21-ы раз.

- Што змяніла ў Вашым жыцці 20 гадоў пілігрымавання? Чаму навучыла?

- Пілігрымка вучыць ахвяры. Яна дапамагае мне паверыць, што жыццё з усімі сваімі цяжкасцямі не пазбаўлена надзеі. Я з юных гадоў давяраю Марыі, і з кожным годам гэты давер мацнее.

salabuda 10

- З якімі інтэнцыямі Вы звычайна ішлі да Маці Божай?

- Штогод з рознымі, гэта залежала ад жыццёвых перыядаў і абставінаў. Аднак, на маю думку, галоўнае не просьба, але ўменне дзякаваць Марыі. І гэтаму таксама можна навучыцца падчас шляху. Калі дзякуеш, заўважаеш больш прыгожых рэчаў, якія адбываюцца ў тваім жыцці.

- А што можаце сказаць пра матывацыю паломнікаў? Навошта яны вырушаюць у шлях?

- Пілігрымка, перш за ўсё, з’яўляецца формай малітвы, сведчаннем веры, спантаннай маніфестацыяй пабожнасці. Калі чалавек гэта разумее, ён цалкам прысвячае сябе гэтай справе і духоўна, і псіхічна, і фізічна. І ўжо не ўзнікае праблем з матывацыяй. Самае галоўнае – адважыцца і вырвацца з паўсядзённасці. З кожным наступным кіламетрам шляху ўзнікае ўсё больш ахвоты дайсці да мэты і ўзмацніцца духоўна.

salabuda 2

- Чым малітва ў паломнцітве адрозніваецца ад “хатняй” малітвы ці малітвы ў святыні?

- Калі чалавек адкрыты на Бога, малітва заўсёды прыносіць плён, незалежна ад таго, дзе чалавек звяртаецца да Усявышняга. Але ў пілігрымцы мы маем магчымасць назіраць, як малітва перамяняе чалавека. За 5 дзён адбываецца цуд у жыцці кожнага паломніка.

- Сведкам якіх цудаў пілігрымкі Гродна-Тракелі былі Вы?

- Вернікі крочаць з рознымі інтэнцыямі: хтосьці шукае добрага мужа, хтосьці хоча, каб бацька кінуў піць, а хтосьці просіць аб доўгачаканым дзіцяці. Неаднаразова, сустракаючы гэтых людзей пасля паломніцтва, чуў ад іх радасныя навіны: яны атрымлівалі ад Маці Божай тое, аб чым прасілі.

salabuda 15

- А што адносна пацешных або нечаканых сітуацый? Ці мелі яны месца падчас паломніцтва?

- Кожны дзень шляху напоўнены чымсьці незабыўным. Я часцей за ўсё ўзгадваю выпадак, калі разам з нашымі пілігрымамі ў Тракелі ўвайшоў статак авечак. Жывёлы крочылі напердазе пілігрымкі. Было вельмі смівалічна!

- Ёсць таксама людзі, якіх спатыкаеце падчас шляху. Якую рэакцыю сустракалі сярод іх ?

- У першыя гады пілігрымавання даводзілася сустракаць людзей, якія, убачыўшы нас, пыталіся, ці не пачалася вайна? Былі і такія, хто станавіўся на калені, заўважыўшы пілігрымаў, або падыходзіў пацалаваць рукі святарам.

Нязменна адно: тыя, каго мы сустракаем падчас шляху, заўсёды просяць аб малітве.

salabuda 5

- Які момант падчас пілігрымаванняў быў для вас самым кранальным?

- Ізноў жа хвалююць больш за ўсё выпадковыя сустрэчы з вернікамі, калі яны падыходзяць да мяне і кажуць, што ўжо не маюць моцы, каб дайсці да Тракеляў, і просяць перадаць іх прашэнні і падзякі Маці Божай.

Моцна кранаюць таксама хвіліны ўваходу ў санктуарый: на тварах пілігрымаў, якія глядзяць на абраз Марыі, можна прачытаць усе адценні радасці: ад ціхай і шчымлівай да бурлівай і бязмежнай.

- Як думаеце, чым пілігрымка Гродна-Тракелі адрозніваецца ад іншых? Як бы Вы яе ахарактэрызавалі ?

- Яно з'яўляецца адным з самых вялікіх па колькасці людзей паломніцтваў Беларусі, у якім, нягледзечы на гэта, пануе сямейная атмасфера. Перш за ўсё я ганаруся моцным духоўным аспектам пілігрымкі. Памятаю, некалькі гадоў таму мы маліліся Ружанец на працягу паловы дня, бо вернікі напісалі незлічоную колькасць інтэнцый…

salabuda 14

Акрамя гэтага, мы маем шмат пілігрымковых традыцый: хрост над Котрай, танцавальны вечар, канцэрт семінарыйнага гурта “Аve”, раней у праграму ўваходзіў таксам футбол.

- З якімі цяжкасцямі ўвогуле даводзілася сутыкацца падчас арганізацыі паломнцітва? Падчас самой пілірымкі?

- Заўсёды ўзнікаюць пэўныя складанасці. Але на сённяшні момант я маю групу людзей, якія заўсёды дапамагаюць вырашаць праблемы. Таксама пасля маіх папярэднікаў – кс. Уладзіміра Гуляя і кс. Андрэя Радзевіча – арганізаваць пілігрымку значна прасцей.

Апошнім часам узнікае праблема, харакатэрная сучаснаму пакаленню – вырваць моладзь з гаджэтнага, камфортнага жыцця і заахвоціць пайсці ў паломніцтва. Таксама складана правільна разлічыць і забяспечыць неабходную колькасць начлегаў і ежы. Ніколі не ведаеш, колькі людзей вырашыць адправіцца ў пілігрымку. Напрыклад, у мінулым годзе нас было крыху больш за дзве сотні. А некалькі гадоў таму была адзначана максімальная лічба паломнікаў – больш за паўтысячы.

salabuda 8

- Падзяліцеся, калі ласка, некалькімі практычнымі парадамі  з тымі, хто ўпершыню збіраецца ў паломніцтва Гродна-Тракелі.

Перадусуім трэба мець з сабой добры настрой і моцную веру ў тое, што Марыя дапаможа ва ўсіх сітуацыях. І пажадана – зручны абутак, кепку, дажджавік і вялікую талерку з лыжкай.

Дарэчы, у паломніцтве ўсе браты і сёстры, таму калі чалавек штосьці забудзе, з ім абавязкова падзеляцца.

salabuda 11 500x375

- Часта пілігрымка – гэта спякота, дождж, стомленасць, мазалі…. У такім выпдаку, у чым заключаецца феномен паломнітцва?

- Усё пералічанае – гэта толькі невялчкія пілігрымковыя прыгоды. Паломніцтва – гэта пазітыў, радасць, моцны кантакт з Богам, новыя знаёмствы і свята веры. Таму запрашаю ўсіх далучыцца сёлета да юбілейнага паломніцтва Гродна-Тракелі, каб пасля ў сэрцы засталося шмта яркіх і цёплых успамінаў!

Размаўляла Ангеліна Марцішэўская

 

Рэдагавана: 30 Чэрвеня 2018