Адкрываючы Хрыста праз сусветнае падарожжа. Нататкі вандроўніка
На працягу апошніх трох гадоў я разам са сваёй жонкай здзейсніў вялікае падарожжа. Мы наведалі каталіцкія і праваслаўныя краіны, а таксама месцы, дзе хрысціянства пераплятаецца з індуізмам, будызмам і атэізмам. Аднак паўсюль адчувалі, што Хрыстос блізка.
Пачаліся нашы прыгоды з Кубы – астраўка сацыялізму. У гэтай краіне пануе камунізм, але пасля Кубінскай рэвалюцыі не закрылі ніводнага касцёла. Нягледзячы на атэістычную прапаганду, шмат кубінцаў захавала вернасць хрысціянству. І хоць колькасць паслядоўнікаў Езуса крыху зменшылася, адчувалася, што Хрыстос трымае ў апецы гэтую краіну. Нездарма менавіта Куба стала месцам “сустрэчы тысячагоддзя” – патрыярха Кірыла і папы Францішка.
На Кубе касцёл можа дзяліць адну сцяну з жылым памяшканнем
Пасля мы накіраваліяся ў месца, дзе прапаведаваў уваскрослы Лазар – Кіпр. На востраве дастаткова складаная рэлігійная сітуацыя. Грэкі-кіпрыёты вельмі веруючая нацыя: больш за 90% з’яўляюцца практыкуючымі хрысціянамі. Аднак на Паўночным Кіпры мясцовыя вернікі маюць няпростыя адносіны з ісламам. Напрыклад, буйнейшыя каталіцкія храмы Нікасіі (сталіцы) і Фамагусты ператвораны ў мячэці. Маю надзею, што “кіпрскае пытанне” пуступова будзе вырашацца. Вельмі хочацца бачыць “цэласны” Кіпр, дзе міжрэлігійны дыялог будзе весціся ва ўзаемнай павазе і згодзе.
Прыемна здзівіў чарговы пункт нашага падарожжа – В’етнам. Тут жыве больш за 5 мільёнаў католікаў – у 3 разы больш, чым беларусаў рымска-каталіцкай канфесіі! Гэта другая пасля Філіпінаў краіна па колькасці хрысціян у Азіі. Але гісторыя хрысціянства ў В’етнаме мае і трагічныя старонкі: у перыяды ганенняў было забіта каля 130 тысяч вернікаў. Нялёгкае становішча католікаў захавалася да гэтага часу. Працягваюцца праследаванні, складваюцца няпростыя адносіны з кіруючай камуністынай партыяй і мясцовымі жыхарамі, якія ў пераважнай большасці практыкуюць язычніцтва. Не зважаючы на гэта, касцёлы падчас св. Імшаў запоўнены вернікамі: ўсе горача моляцца і спяваюць ва ўнісон. Парафіяне дысцыплінаваныя і ветлівыя адзін да аднаго. У вачах кожнага бачна жывая вера.
Сабор Св. Марыі ў В'етнаме
Пасля мы пазнаёміліся з Грэцыяй – месцам, дзе прапаведавалі святыя апосталы. Мы падарожнічалі па Салоніках, Фракіі, Македоніі, Фесаліі і складвалася ўражанне, нібы крочым разам з вучнямі Хрыста. На грэчаскай зямлі давялося наведаць шматлікія цэрквы, памаліцца з нашымі праваслаўнымі братамі. Грэцыя зведала шмат цяжкіх часоў, але сёння на Эладскай зямлі хрысціяне розных канфесій будуюць трывалы дыялог, заснаваны на ўзаемнай павазе.
Манастыры Метэоры ў Грэцыі
Затым мы наведалі адну з самых рэлігійных, як сцвярджае статыстыка, краін свету – Шры-Ланку. Здзіўляе разнастайнасць духоўнага жыцця гэтай краіны. Навокал шмат храмаў – будысцкіх, індуісцкіх, мусульманскіх і інш. Але над усім узвышаецца Крыж. Божы Касцёл тут будуюць, як правіла, на ўзгорку, таму святыні не пагражаюць ні паводкі, ні цунамі, ні іншыя катаклізмы, якія часта тут здараюцца. Хрысціянства ў Шры-Ланцы зарадзілася ў далёкія часы дзякуючы казанням апостала Тамаша. Сёння вызнаўцы Езуса складаюць тут 7,5 %. Пагутарыўшы з пробашчам мясцовага касцёла, мы даведаліся, што тутэйшае насельніцтва, у тым ліку католікі, пакутуюць ад высокага ўзроўню тэрарыстычных пагроз. Аднак, нягледзячы на цяжкасці, парафіяне тут добразычлівыя і паважлівыя, з верай у сэрцы, якую нясуць праз усё жыццё.
Капэла Св. Юзафа ў Шры-Ланцы
Ва ўрачыстасць Усіх Святых мы пабывалі ў Партугаліі – сапраўднай жамчужыне Еўропы. Краіна адрозніваецца насычаным рэлігійным жыццём. Людзі захапляюць сваёй адкрытасцю і радасным настроем, а касцёлы ўражваюць прыгажосцю, дыхаюць гісторыяй. Канешне, завіталі ў Фаціму, дзе тром маленькім пастушкам аб’явілася Маці Божая. Памаліліся Ружанец у гэтым моцным духоўна месцы – і праз Марыю здзейсніўся цуд, у якім мелі вялікую патрэбу. Хвала міласэрнаму Богу!
У партугальскай Фаціме
Месца аб'яўленняў Марыі ў Фаціме
Калі падарожнічаеш, набліжаешся да Госпада, бо нанова адкрываеш і захпляешся прыгажосцю свету, які стварыў Усемагутны. Галоўнае – адчуваеш, у якой бы кропцы свету ты не знаходзіўся, Хрыстос заўсёды блізка…
Антон Занеўскі, парафія Божай Міласэрнасці (Вішнявец) у Гродне