Моладзь, Вы на сувязі? Хутка распачнецца мерапрыемства, якое, ведаю, многія чакаюць. І калі Вы ўжо сабралі свае рэчы і ўжо гатовы, прапаную прачытаць некалькі парад для плённага перажыцця гэтага свята моладзі, або што варта запланаваць, каб удзел у Агульнабеларускіх днях моладзі прынёс Табе максімальную карысць?
- Патэлефанаваць бацькам.
Калі прыедзеш у Гродна, абавязкова патэлефануй бацькам, скажы, што ўсё добра і каб яны не перажывалі за Цябе. Магчыма, распавядзі, чым будзеш займацца ў гэты дзень, пажадай ім добрага і плённага дня.
- Прыняць удзел ва ўсіх пунктах праграмы.
Абавязкам кожнага ўдзельніка Дзён моладзі з’яўляецца прысутнасць на канферэнцыях, канцэртах, адарацыях. І вельмі класна, калі моладзь робіць гэта супольна! Цудоўна адчуць сябе адной сям’ёй, адным цэлым, усей Беларуссю! Не ў парафіяльных суполках, не асобна, а РАЗАМ.
- Паклапаціцца аб добрай і шчырай споведзі.
На Днях моладзі збіраюцца не толькі маладыя людзі, але і яе душпастыры – святары. Прадстаўляецца выдатная магчымасць ачысціць сваю душу і скарыстасць з сакраманту пакаяння, каб разам з усімі радасна правесці гэтыя дні.
- Задаць пытанне святару.
Маеш у галаве пытанне, але саромеешся яго задаць ці не ведаеш, як гэта зрабіць? Напішы яго на паперцы і аддай арганізатару ці валанцёру – і абавязкова атрымаеш адказ! Навошта губляцца ў здагадках?
- Спяваць на канцэртах і на св. Імшы.
Арганізатары паклапаціліся пра ўсіх, хто не ведае песень: раздрукавалі спеўнікі-дапаможнікі. Таму смела можаш адкрываць яго і спяваць у голас. І памятай, хто спявае, то 2 разы моліцца… а хто фальшыва спявае – 3 :)
- Пазнаёміцца з аднагодкамі, знайсці новых сяброў.
Вялікае шчасце, што менавіта ў Гродзенскай дыяцэзіі адбудзецца вялікае свята для маладзёнаў! У бягучым годзе маеш шанец пазнаёміцца з дзяўчатамі і хлопцамі з розных куткоў нашай краіны. Варта скарыстаць з такой магчымасці.
- Сказаць “НЕ” сацыяльным сеткам.
Ці зможаш вытрымаць 3 дні без Укантакце, Інстаграм, Фэйсбук і г.д.? Замест гэтага паразмаўляй з бліжнім, усміхніся незнаёмаму, зрабі фотаздымкі на памяць (але падзяліся імі толькі тады, калі вернешся дадому). Не губляй ні хвіліны для радасці, не закрывайся ад рэальнасці за гаджэтамі! Пражыві гэтыя дні для сябе, бліжняга і для Бога.
Па вяртанні дадому ўспомні добра праведзены час. Можаш запампаваць некаторыя фота ў сацыяльныя сеткі або знайсці фота сяброў. Каб было зручна гэта зрабіць, варта карыстацца хэштэгамі #VDM2018 #ВДМ2018Гродно #УДМ2018Гродна #каталіцкая_моладзь2018.
- Зрабіць добры ўчынак.
Як часта Ты робіш добрыя ўчынкі? А ўяві сабе, колькі будзе зроблена добрых учынкаў, калі кожны з прысутных зробіць хоць адзін! Гэта павінна стымуляваць. Рабі дабро! Усміхніся і падкажы дарогу або падай вады.
- Дапамагчы патрабуючаму.
Шмат маладых людзей будуць удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве ўпершыню, шмат людзей прыедзе з другіх дыяцэзій. Дапамажы, калі ўбачыш, што гэта Табе па сілах.
- Падзякаваць сям’і, якая дала Табе прытулак.
Скажы словы падзякі людзям, якія ў гэтыя дні адчынілі перад Табой дзверы свайго дома, напаілі гарбатай, далі магчымаць адпачыць. Яны сапраўды стараліся. Запішы іх адрас і на свята Божага Нараджэння ці Вялікдзень адпраў паштоўку. Безумоўна, ім будзе вельмі прыемна.
***
Пражывіце гэты час у радасці Хрыста! Спявайце, танцуйце, рабіце ўсё на Божую хвалу. Давайце прыклад сваёй веры людзям, якія атачаюць, рабіце добрыя ўчынкі і не турбуйцеся аб сваіх надзённых справах. Няхай увесь свет пачакае…
Вольга Сяліцкая