Як заўсёды, “са страхам і трымценнем” (Флп 2, 12) я ехаў у чарговую парафію падчас сёлетняга Вялікага посту, каб правесці парафіяльныя рэкалекцыі. Мяне чакала невялікая супольнасць вернікаў каля Ваўкавыска – парафія св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве.
Невялікі “статак” вернікаў, але ж вельмі руплівы, традыцыйны, пабожны… Людзі часта са спрацаванымі рукамі, з пакрыўленымі ад працы ў калгасах пальцамі, з цёплымі і любячымі сэрцамі. Нягледзячы на тое, што іх жыццё часта было вельмі жорсткім і цяжкім, у іх вачах столькі радасці і энтузіязму, а найперш – Божага міру.
ПРЫГАЖОСЦЬ ЧАЛАВЕКА Ў ПРАСТАЦЕ
Гэтая іх прастата дакранаецца да сэрца, бо лёгка можна ўзрушыцца, чуючы, як яны спяваюць велікапосныя песні: “О мой народзе, што табе зрабіў Я…”.
Рэкалекцыі пачаліся з набажэнства Крыжовага шляху ў парафіяльнай святыні, дзе ўсё яшчэ холадна пасля зімовых маразоў. Чытаючы разважанні да стацый, увесь трасешся ад холаду. Амаль не адчуваеш ног, якія ўвесь час набажэнства стаяць на мармуровай падлозе… Вернікі ўкленчваюць падчас кожнай стацыі з пачатку да канца. Я стараюся быць з імі салідарны, хоць прызнаю, што нялёгка гэта рабіць у такім халодным касцёле…
Затым цэлебравалася св. Імша. Першае рэкалекцыйнае казанне… Выходжу да людзей, каб лепш іх бачыць і паглядзець у іх вочы. У гэтых вачах заўважаю надзею і радасць. Мне прыгадваюцца словы Святога Айца Францішка, які ў сёлетнім пасланні на Сусветны дзень моладзі, што адзначаўся ў Пальмовую нядзелю, пісаў, што прыгажосць чалавека у яго натуральнасці, шчырасці i прастаце!
Пасля Імшы – некалькі спантанных сустрэч з людзьмі старэйшага пакалення, якія пасля больш чым дзвюх гадзін малітвы ў касцёле яшчэ не спяшаюцца дадому. Яны кажуць, што ў іх ёсць час, бо сёння ўсё радзей сустракаюцца разам, радзей адзін аднаго адведваюць. А касцёл дае ім такую магчымасць сустрэцца разам, проста быць разам! Найперш на малітве, а потым – абмеркаваць бягучыя тэмы і справы. А нарэшце – каб падзяліцца сваімі перажываннямі ці планамі на блізкія святы.
На другі дзень рэкалекцый разам з пробашчам парафіі кс. Андрэем Пышынскім пасля Эўхарыстыі і набажэнства ў парафіяльнай святыні едзем яшчэ ў дзве вельмі сціплыя каплічкі ў Бортніках і Вердамічах, дзе таксама стаіць ужо невялікая чародка вернікаў, што жадаюць прыступіць да сакрамэнту пакаяння…
Там таксама адбываецца св. Імша. Прамаўляю рэкалекцыйнае слова. Кажу пра веру, хоць павінен быў казаць пра грэх і яго наступствы ў жыцці чалавека. Я захоплены верай гэтых людзей! Пажылыя жанчыны час Вялікага посту перажываюць сапраўды вельмі глыбока і пабожна. Яны кажуць, што больш часу, чым звычайна, прысвячаюць малітве, прымаюць дабравольныя пасты, вырачэнні… Заўважаю яшчэ адну маленькую асаблівасць: што Вялікі пост яны перажываюць таксама знешне – усе жанчыны ў хустках фіялетавага колеру!
НЕПАКОЙ АБ БУДУЧЫНІ
Спрабую правесці рэкалекцыйную навуку ў форме дыялогу. Кажу пра веру. Выказваю ўдзячнасць старэйшаму пакаленню за вялікую адвагу ў цяжкія для Касцёла часы. Дзякую за іх паставу, дзякуючы якой сёння мы, маладыя, з’яўляемся католікамі, людзьмі веры. Дзякуючы гэтай адвазе сёння мы маем месцы малітвы, маем моладзь – будучыню Касцёла і народа.
Кажу пра веру сучаснага маладога пакалення. І тут шмат непакою. З вялікім жалем удзельнікі рэкалекцый адзначаюць, што сёння маладому чалавеку часта не патрэбны Бог, што ён жыве так, быццам Бог наогул не існуе… З-за гэтага яны вельмі перажываюць. Непакояцца, як будзе выглядаць свет і Касцёл пасля іх адыходу, пытаюцца, што павінны рабіць…
Крыху няўпэўненым і злёгку дрыжачым голасам адказваю: “Нічога”. Пераконваю, што трэба з маладым чалавекам толькі пасябраваць. Любіць і патрабаваць! “Тады паміж вамі будзе Бог і Яго любоў, на якую аднойчы маладыя адкрыюць свае сэрцы”, – дадаю я.
Пераконваю таксама, што малітва за тых, хто сумняваецца, – адзіны спосаб выпрасіць для іх ласку веры. Нельга нікога прымушаць!
Кожную сустрэчу з вернікамі заканчваем супольным здымкам і пажаданнем добрага перажывання Вялікага тыдня. У канцы яшчэ дадаю: “Ужо сёння жадаю вам радаснага Аллелюя! Заставайцеся з Богам і будзьце далей такія прыгожыя Богам! Трывайце моцна ў веры!”.
Вялікі пост – час сустрэчы з Богам і з чалавекам. Гэта дзяленне сабой. Пасля пяці тураў праведзеных рэкалекцый падчас сёлетняга посту, кажучы шчыра, я крыху стомлены, але шчаслівы, бо Пан паставіў на маім велікапосным шляху столькі цудоўных людзей, якія навучылі мяне больш любіць Бога і за ўсё Яму нястомна дзякаваць. Гэта быў цудоўны час, да якога неаднаразова буду вяртацца.
У чарговы раз усведамляю, што пакліканне кожнага святара, таксама і маё, – гэта абвяшчэнне Божага слова. Я быў пасланы, каб казаць пра любоў Бога да чалавека і пра тое, што кожны ў вачах Пана мае аднолькавую вартасць.
***
Велікапосныя рэкалекцыі ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве адбыліся 23-24 сакавіка.
Кс. Юрый Марціновіч