А ці ведаеш, чым па праву Ты як хрысціянін можаш ганарыцца? Загінаем пальцы.
Хрысціянства праз Хрыста адкрыла ісціну, што Бог ёсць Любоў
У разуменні іншых рэлігій Усемагутны ўяўляўся і да сёння ўяўляецца як суровы і справядлівы Айцец, які карае за правіны. Хрысціянства адкрыла міласэрнага Стварыцеля, што для збаўлення чалавецтва паслаў свайго Адзінароднага Сына. Некаторыя з першых Айцоў Касцёла фармулявалі гэтую праўду так: праз увасабленне Бог сышоў да чалавека для таго, каб чалавека ўзвесці да Бога. Паслядоўнікі Хрыста пакліканы наследаваць найвышэйшую цноту. Паводле выказвання паэта Аляксея Талстога, Езус “усе законы Майсея Любові закону падпарадкаваў”. “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, і бліжняга свайго, як самога сябе” (Лк 10, 27). Хрыстос спрасціў у разуменні людзей запаведзі, якія патрэбны, каб засцерагчы чалавека ад грахоўнай залежнасці і дапамагчы яму адчуць шчасце ўжо тут, на зямлі.
Хрысціянінства не ў стане палегчыць пакуты чалавека, але можа надаць ім сэнс
Хрысціянская рэлігія дае магчымасць слабому здабыць духоўныя сілы, унутраную энергію, а нездароваму – знайсці ў сабе мужнасць успрыняць сваю хваробу як Божае наведванне, каб пераносіць яе з цярплівасцю і надзеяй на міласэрнасць Айца. Гэтыя цноты набліжаюць да Усемагутнага. І калі чалавек здзяйсняе хоць крок Яму насустрач, Бог са свайго боку робіць 10.
Хрысціянская вера загартоўвае людскі дух. Дапамагае кожнаму перажываць выпрабаванні, нягоды і беды, якія выпадаюць на долю, як крыж, што мае свой асаблівы кошт пасля зямной вандроўкі.
Хрыстос – узор маральнай дасканаласці
Кожны свой учынак, кожнае слова хрысціянін спраўджвае з вучэннем і прыкладам Хрыста, імя якога вядома амаль што кожнаму ў гэтым свеце. Тое, што на працягу 2-ух тысячагоддзяў хрысціянства не зніжае высокую планку свайго маральнага ідэалу, сведчыць аб тым, што ён рэальна дасягальны. І прыклады таму – не толькі сотні тысяч святых, але і мільёны простых хрысціян, якія нястомна ўвасабляюць яго ва ўласным жыцці. Вядома, самому чалавеку гэта не па сілах, але з Богам магчыма ўсё (параўн.: Мц 19, 26).
Кожны свой учынак, кожнае слова хрысціянін спраўджвае з вучэннем і прыкладам Хрыста, імя якога вядома амаль што кожнаму ў гэтым свеце. Тое, што на працягу 2-ух тысячагоддзяў хрысціянства не зніжае высокую планку свайго маральнага ідэалу, сведчыць аб тым, што ён рэальна дасягальны. І прыклады таму – не толькі сотні тысяч святых, але і мільёны простых хрысціян, якія нястомна ўвасабляюць яго ва ўласным жыцці. Вядома, самому чалавеку гэта не па сілах, але з Богам магчыма ўсё (параўн.: Мц 19, 26).
Хрысціянін не адзінокі
Кожны вызнаўца Хрыста з’яўляецца членам супольнасці. У Царкве ён знаходзіцца сярод сваіх братоў і сясцёр. Тут можа знайсці падтрымку або падставіць сваё плячо, падзяліцца радасцю або яе падарыць. І дзе б не апынуўся вызнаўца Хрыста ў сувязі з рознымі жыццёвымі абставінамі, хрысціянская супольнасць стане для яго родным прытулкам.
Кожны вызнаўца Хрыста з’яўляецца членам супольнасці. У Царкве ён знаходзіцца сярод сваіх братоў і сясцёр. Тут можа знайсці падтрымку або падставіць сваё плячо, падзяліцца радасцю або яе падарыць. І дзе б не апынуўся вызнаўца Хрыста ў сувязі з рознымі жыццёвымі абставінамі, хрысціянская супольнасць стане для яго родным прытулкам.
Біблія паслядоўнікаў Хрыста ўзбагачана Новым Запаветам
Біблія лічыцца Святым Пісаннем у хрысціянскай і іудзейскай рэлігіях. Складаецца з 2-юх частак – Старога і Новага Запаветаў. Іудзейская традыцыя прызнае толькі Стары Запавет, хрысціянская – і Новы, дзе апісваецца жыццё і дзейнасць Хрыста, пашыраецца Яго вучэнне.
Згодна дадзеным Кнігі рэкордаў Гінэса, агульны тыраж надрукаваных Біблій з 1815 па 1975 год склаў 2,5 млрд асобнікаў. Да сёння Святое Пісанне застаецца найбольш перакладаемай кнігай у свеце. На канец 2016 года Біблія выдадзена на 636 мовах (Новы Запавет перекладзены яшчэ на 1442 мовы).
Хрысціянства – самая распаўсюджаная рэлігія ў свеце
На дадзены момант колькасць хрысціян на Зямлі вагаецца каля 2,4 млрд (трэць ад агульнай колькасці насельніцтва планеты). Найбольш іх можна сустрэць у Амерыцы, Еўропе і Афрыцы. Наступную пазіцыю ў рэйтынгу папулярных рэлігій з колькасцю прыхільнікаў каля 1,7 млрд займае іслам.
Супрацоўнікі Цэнтра вывучэння глабальнага хрысціянства пры Тэалагічнай семінарыі Гордан-Конвел (ЗША) апублікавалі даследаванне, у якім паспрабавалі даць свой прагноз адносна развіцця хрысціянства да 2050 года. Дадзеныя сведчаць пра тое, што праз некалькі дзясяткаў гадоў паслядоўнікі Хрыста паранейшаму будуць складаць рэлігійную большасць. Цэнтрам хрысціянства ўжо праз 8 год стане… Афрыка! Лічба яго прыхільнікаў на Чорным кантыненце дасягне больш за 721 млн, а у 2050 годзе – 1,253 млрд. На ўсіх кантынентах колькасць хрысціян будзе прыбываць, і толькі ў Еўропе зменшыцца з 554 млн (2017 год) да 494,9 млн (2050 год).
Іншы прагноз на будучыню мае другі вядомы ў ЗША даследчы цэнтр “Pew”. Яго аналітыкі мяркуюць, што да 2050 года колькасць мусульман і хрысціян амаль зраўняецца: 2,76 млрд (тут супрацоўнікі абодвух цэнтраў сыходзяцца ў дадзеных) і 2,92 млрд адпаведна. Чакаецца, што мусульмане будуць складаць больш за палову насельніцтва ў 51-й краіне свету.
Рэлігійны ландшафт планеты будзе змяняцца ў адным з накірункаў, калі тэндэнцыі застануцца актуальнымі. Але трэба ўсведамляць, што многія падзеі – навуковыя адкрыцці, узброеныя канфлікты, грамадскія рухі, палітычныя ўзрушэнні і шмат чаго іншага – маюць неспадзяваны характар. Менавіта таму прагнозы абмежаваны перыядам у 40 гадоў.
Хрысціянства паклала пачатак друкаванню кніг, а таксама аказала ўплыў на адукацыю, мастацтва, прававую культуру
Першай у свеце друкаванай кнігай была лацінская Біблія. Першыя ўніверсітэты ўзніклі на аснове царкоўных школ і ўваходзілі ў сістэму духоўнай адукацыі. Шэдэўры літаратуры, жывапісу, скульптуры адлюстроўваюць менавіта хрысціянскія матывы. Законы амаль ва ўсім свеце заснаваны на хрысціянскім вучэнні. І гэта толькі некаторыя прыклады прагрэсу, на які паўплывала хрысціянства.
Хрысціянін пакліканы да гармоніі матэрыі і духа
Сэнс жыцця любога чалавека павінен палягаць на эвалюцыі душы, якая несмяротная. Але цела – абалонка душы – мае матэрыяльную прыроду, якую таксама ігнараваць недарэчна. Хрысціянін імкнецца спалучыць 2 існасці, каб адчуць сугучнасць Божага плану адносна паўнаты свайго стварэння.
Дарогу ў Нябеснае Валадарства чалавеку адкрывае хрост
Кожны без выключэння прыходзіць у гэты свет з цяжарам першароднага граху. “Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства” (Ян 3, 5). Да духоўнага адраджэння прыраўноўваецца сакрамант хросту. Адначасова з яго прыняццем чалавек далучаецца да членаў хрысціянскай Царквы. Цяпер ён асвечаны Божай ласкай і з яе дапамогай зможа асягнуць вечнае жыццё.
Хрысціянін мае магчымасць злучацца з Богам у сакраманце Эўхарыстыі
Пад відам хлеба і віна вернік прымае рэальнае Цела і Кроў Езуса. Кансэкрацыя Святых Дароў адбываецца падчас кожнай св. Імшы.
Калі раней прычашчэнне было даволі рэдкай з’явай сярод хрысціян, то паступова сітуацыя змянілася. Сёння верніку рэкамендуецца прымаць св. Камунію не толькі ў святы і нядзелю, але і ў іншыя дні. Кананічнае права дазваляе здзяйсняць гэта нават двойчы на дзень, калі чалавек удзельнічае ў св. Імшы. Для гэтага павінны існаваць толькі 2 умовы: стан ласкі і правільны намер. “Праз Эўхарыстыю мы (хрысціяне – заўв. аўт.) ужо тут злучаемся з Нябеснай літургіяй і наперад смакуем вечнае жыццё” (ККК 1327). Св. Камунія, прынятая ў пакоры сэрца, дае сілы супрацьстаяць граху і мужнасць адказваць на выклікі часу.
Кожнаму хрысціяніну варта валодаць пачуццём уласнай годнасці і ўласнай каштоўнасці, бо на гэта, як бачна, ёсць свае важкія прычыны.
Ангеліна Пакачайла