Брава для Хрыста або пра цуды, што адбыліся побач з намі
Калі даводзіцца чуць пра неверагоднае, здзейсненае з дапамогай сілы малітвы, успрымаеш гэта як праўду, але не даканца верыш, што вымаліць неабходную для сябе ласку магу менавіта я, або перажыць ацаленне можа хворы з маёй сям’і. Але Усемагутны няспынна паказвае, што цуды паўсюль.
“Купіла сабе пахавальны касцюм, а ён ужо дзесяць год ляжыць без патрэбы”
Калі Гэлене Кісель паставілі анкадыягназ, яна мела 42 гады. Рак міндаліны 4-ай стадыі змяніў усё жыццё жанчыны. Да хваробы яна дбала пра ўсю сям’ю, пасля - не магла паклапаціцца нават пра сябе. Раней з душой аддавалася любімай працы ў цырульні, у далейшым - як на работу ездзіла на знясільваючыя сеансы хіміятэрапіі.
“Я адкрывала рот – і магла бачыць пухліну, нібы пузыр на выпечцы з дражджавога цеста, - дзеліцца жанчына. - Надзеі на выздараўленне амаль не было. Блізкія паўтаралі, што такая воля Пана і трэба яе прыняць”. Але пасля роздуму спадарыня Гэлена вырашыла спрачацца з гэтым.
Падчас інтэнсіўнага лячэння жанчына моцна схудла і мела толькі 40 кг вагі. Рухі прычынялі ёй вялікі боль, а з-за апрамянення кожны глыток даваўся з пакутлівым высілкам. Яна прызнаецца, што змагла вытрымаць тэрапію толькі дзякуючы малітоўнаму заступніцтву. Верніца неаднаразова прымала ўдзел у рэкалекцыях і, між іншым, трапіла на сустрэчу з а. Руфусам Перэйра ў Росі.
“Калі айцец ціха маліўся нада мной, мяне ахапіла пачуццё, нібы дыхаю кожнай клеткай свайго цела”, - узгадвае спадарыня Гэлена. – Перад вачыма пранеслася ўсё жыццё і прыйшло разуменне, дзе, калі і каму зрабіла крыўду. І з’явілася жаданне выправіць яе”.
Пасля рэкалецый жанчына, як звычайна, паехала ў анкацэнтр, але аказалася, што хіміятэрапія больш непатрэбна. Пухліна пачала сыходзіць.
Рак міндалін лічыцца адным з самых складаных злаякасных захворванняў у плане лячэння. Часцей за ўсё яго выяўляюць на такіх стадыях, калі выздараўленне немагчыма. Паказчыкі пяцігадовай выжывальнасці на чацвёртай стадыі пухліны міндалін не сягае нават 20%.
Сёння спадарыне Гэлене 53 гады. Яе хвароба ўжо на працягу многіх гадоў знаходзіцца ў стадыі рэмісіі, а жанчына нанова адкрывае прыгажосць паўсядзённых рэчаў.
“Першае, што параіў мой лечачы ўрач: часцей звяртацца за падтрымкай да святароў. У сваю чаргу ні адзін ксёндз не сказаў мне ўскласці ўсю справу на Усявышняга і адмовіцца ад медыцынскай дапамогі”,- гаворыць спадарыня Гэлена. Яна ўпэўнена, Бог любіць, калі чалавек змагаецца разам з Ім.
“Да ацалення думала толькі пра зямное, пасля – часам забывала, што вакол мяне ёсць яшчэ хтосьці, акрамя Бога”
“У гэты дзень сабака не хацеў выпускаць мяне з кватэры: стаяў у дзвярах і жаласна скуголіў. Але я, не звярнуўшы на гэта асаблівай увагі, пераступіла яго і пайшла на работу”, - распавядае спадарыня Алена Бура. Жанчына працавала закройшчыцай кардона – склейвала каробкі з дапамогай адмысловага станка. У тую змену яна заўважыла, што кран, які рэгулюе паток клею, павернуты ў адваротны бок, тым самым размяшчаючыся бліжэй да вала. Закройшчыца звярнулася да напарніка, але ён не надаў гэтаму належнага значэння. Праз 40 хвілін працы жанчына страціла палову рукі.
“Калі я закрывала кран, мая кісць зачапілася за болт вала і рука трапіла пад механізм. Станок драбіў канечнасць на працягу некалькіх хвілін, пакуль яго не адключылі. Рука была падобная да ёршыка: шматкі плоці і паламаныя косці тырчалі ў розныя бакі”, - дзеліцца спадарыня Алена.
Пацярпелую завезлі ў бальніцу. На працягу дзесяці гадзін аперацыі ўрачы збіралі канечнасць з асколкаў касцей і перасажвалі мышцы з іншых участкаў цела. Рука не прыжылася. Жанчыне зрабілі яшчэ дзве аперацыі, але вынік быў той самы: канечнасць апухала, непрыемна пахла, косці пакрываліся сліззю і не зрасталіся. Урачы паставілі спадарыню Алену перад непазбежным: руку да лакця неабходна ампутаваць. Але Бог меў для сваёй дачкі іншы план.
У той час у Росі планаваліся рэкалекцыі а. Джэймса Манджакала. Аднак тэрмін правядзення духоўных практыкаванняў супадаў з датай аперацыі. Угаварыўшы ўрача адкласці хірургічнае ўмяшанне на некалькі дзён, спадарыня Алена паехала на рэкалекцыі.
“Як і ўсе, я ўслухоўвалася ў словы а. Джэймса, спавядалася, малілася і чакала, калі святар, пералічваючы інтэнцыі, узгадае пра людзей з пашкоджанымі канечнасцямі. Але гэтага не адбывался, - распавядае яна. - Завяршаўся трэці дзень рэкалекцый. Святар скончыў маліцца аб ацаленнях, так і не назваўшы маю траўму. Але ў пэўны момант усё змянілася: на секунду нашыя з айцом позіркі сустрэліся, пасля чаго ён ізноў падышоў да мікрафону і сказаў: «Сярод нас ёсць жанчына, Алена, якая атрымала вытворчую траўму і мае праблему з рукой. Езу, прашу Цябе, пралі Сваю Кроў праз яе косці»”. Усё, што адчула жанчына ў гэты момант, была моцная пульсацыя, якая хадзіла ўверх-уніз па яе руцэ.
Наступным ранкам спадарыня Алена паехала ў бальніцу на запланаваную аперацыю. “Урач зрабіў здымак рукі, пасля чаго знік у сваім кабінеце. Праз некалькі хвілін да яго далучыўя яшчэ адзін траўматолаг. І яшчэ. І яшчэ. Неўзабаве доктар вынес здымак, і прычына ажыатажу стала зразумелай: усе асколкі маёй косці былі нібы злучаны ніткамі – вырас касцявы мазоль! - распавядае з усмешкай жанчына. – Доктар паўтараў, што за такі кароткі тэрмін гэта немагчыма і спытаўся, што я рабіла са сваёй рукой. Я толькі адказала, што не прычым – Бог усё зрабіў”. Жанчыну больш не аперыравалі, у яе пачалі расці пазногці, знік непрыемны пах –рука паступова прыходзіла ў норму.
Сёння спадарыне Алене пра траўму нагадваюць толькі шрамы.
“Мне падаецца, гэта быў знак Божы”
Пра тое, што мае рак сляпой кішкі, спадарыня Ванда Абухоўская даведалася, калі ёй ужо выразалі пухліну. Дыягназ жанчыну моцна не напалохаў: яна з дзяцінства давярала Усявышняму і была ўпэўнена, што любую справу можна вырашыць з дапамогай малітвы.
“Доктар сказаў, што гарантыі поўнага выздараўлення няма – маглі застацца невялічкія анкаклеткі і пачаць нанова запаланяць арганізм, - распавядае спадарыня Ванда. – Урач аформіў мне другую групу інваліднасці і назначыў прайсці некалькі курсаў хіміі. А я да штодзённых малітваў дадала адну просьбу – аб ацаленні”.
Згодна з уласным планам малітоўнага “штурму” неба, спадарыня Ванда вырашыла паехаць на рэкалекцыі ў Росі, якія праводзіў а. Джон Башабора. “Духоўныя практыкаванні трывалі некалькі дзён. Айцец простымі словамі разважаў пра самыя важныя рэчы і прамаўляў звычайныя, вядомыя ўсім малітвы. Гэта стварала атмасферу лёгкасці і камфорту. У пэўны момант ён пачаў пералічваць інтэнцыі. І калі назваў анкахворых, я адчула лёгкае паколванне ў баку – менавіта ў тым месцы, дзе мне рабілі аперацыю, - дзеліцца жанчына. – Але асаблівай увагі на гэта не звярнула”.
Вярнуўшыся дадому, спадарыня Ванда заўважыла на тым самым месцы чырвоную пляму, памерам з далонь. Раніцай пляма не знікла і пунсавела яшчэ на працягу трох дзён. Жанчына вырашыла спытаць меркавання кс. Чэслава Паўлюкевіча, пробашча з Росі: “Ён толькі сказаў, што Богу ўласціва прамаўляць да людзей праз знакі, і параіў сачыць за станам хваробы”.
Штогод пасля пастаноўкі дыягназу спадарыня Ванда праходзіць падрабязнае абследванне: кожны раз усе аналізы ў норме. “А нядаўна ўрачы сказалі, што ўжо ёсць усе падставы, каб зняць інвалідную групу. Прыйдзецца ісці на працу”, - дадае з усмешкай жанчына.
Спадарыня Ванда моцна дзякуе ўрачам за іх кампетэнтнасць і ў той самы час верыць, што поўным ацаленнем яна абавязана Усемагутнаму.
***
Усе тры жанчыны жывуць у невялічкім аграгарадку Парэчча каля Гродна. Канцэнтрацыя цудаў здзіўляе і дадае ўпэўненасці: неабходна толькі моцнае жаданне, давер, трываласць у малітве, і немагчымае стане магчымым.
Ангеліна Марцішэўская