directory 235079 1280Аб’яўленні Маці Божай у Фаціме – гэта святло, якое з’яўляецца асноўным элементам найважнейшай у гісторыі апошняга часу інтэрвенцыі з Неба, што адбылася ў 1917 годзе. Мінула ўжо 100 гадоў, але святло той падзеі дагэтуль не паблекла і не зацямнілася новымі ліхтарамі аб’яўленняў. Чым глыбейшы змрок вакол нас, тым яснейшы бляск абвешчанай у Фаціме таямніцы Беззаганнага Сэрца Марыі. Праз Найсвяцейшую Панну Стварыцель хацеў перадаць людзям падказкі для вандроўкі ў невядомае. Просьбы, парады і перасцярогі Беззаганнай павінны былі дапамагчы нам пазбегнуць памылак, катастроф, цярпення, а ў першую чаргу – вечнай смерці, паколькі, згодна з Яе словамі, “многія душы ідуць у пекла”.

Найглыбейшай прычынай войнаў, рэвалюцый, тэрарызму, беспарадкаў з’яўляецца грэх. Гэта таксама самы страшны вораг чалавека, бо яго сутнасць – адвярнуць асобу ад Бога. Марыя ў чарговы раз прыгадала свету, што ўмовай міру паміж людзьмі з’яўляецца, найперш, паяднанне з Усемагутным.

Гістарычным кантэкстам Фацімы быў досвед вайны. Найсвяцейшая Маці паказала дзецям, што акрамя франтоў І Сусветнай вайны існуе фронт іншай вайны, якая адбываецца ў кожным сэрцы. Бог змагаецца за збаўленне чалавека з праціўнікам, што хоча адцягнуць ад Яго, – з д’яблам. Нягледзячы на тое, што нячысты быў пераможаны Хрыстом, ён усё яшчэ мае моц шкодзіць асобным людзям і цэлым грамадствам.

У рэшце рэшт, гэтая духоўная вайна вырашае лёс свету і людзей.

Св. Ян Павел ІІ навучаў: “Драматычны час, які цяпер перажывае чалавецтва, павінен схіліць людзей да таго, каб з даверам звяртацца да Беззаганнага Сэрца Марыі, якая здольна выпрасіць з намі і для нас збаўчую моц Божай ласкі. Вучні Хрыста сёння больш чым калі закліканы моцай Духа Святога далучыцца да справы выратавання свету, таму што яшчэ ніколі так, як сёння, чалавеку не пагражала небяспека самазнішчэння”.

Збаўленне прыходзіць менавіта адтуль! Таму перад абліччам усё большай небяспекі Святы Айцец заклікаў Найсвяцейшую Маці, якая ў 1917 годзе аб’явіла ў Фаціме моц свайго Беззаганнага Сэрца: “Дапамажы нам перамагчы пагрозу зла, якое так лёгка ўкараняецца ў сэрцах людзей, зла, якое ў сваіх невымерных наступствах ужо навісла над сучаснасцю і намагаецца закрыць дарогі ў будучыню”. Фацімскае пасланне, скіраванае кожнаму чалавеку, здаецца вельмі суровым. “Так, нібы Ян Хрысціцель прамаўляе над берагамі Іярдана. Заклікае да пакаяння. Перасцерагае”, – заўважае св. Ян Павел ІІ. Але Марыя дала ўказальнікі, што прыводзяць да святла, якое нам, сучаснікам, неабходна прыняць, каб даручыць сябе кіраўніцтву Яе Беззаганнага Сэрца. Таму яно павінна стаць нашым прытулкам і дарогай, што вядзе да Хрыста, дарогай, на якой пануе супакой і блізкасць сэрцаў: нашых брацкіх сэрцаў, Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Маці і самога Божага Сэрца. Марыя прагне завесці кожнага чалавека ў Неба.

З маленькага партугальскага мястэчка дагэтуль яснее святло, што мае моц рассеяць сучасны змрок граху, нявер’я, бязбожжа ў нас саміх і навокал. Няхай жа яно ззяе для кожнага!

кс. Юрый Марціновіч

 

© 2006-2017 GRODNENSIS.BY  Creating and programming by Jan_Dax,  design by Alexey Sauhin.