Маладыя і ініцыятыўныя, творчыя і адкрытыя дзяўчаты і хлопцы з усёй Гродзенскай дыяцэзіі прымалі ўдзел у днях моладзі ў Наваградку з 6 па 8 мая. Калі я глядзела на моладзь, то сапраўды дзівілася, наколькі ж кожны чалавек непаўторны і ўнікальны, але іх аб'ядноўвала агульная мэта – праслаўленне.
Усе словы, танцы і песні, рукі, раскрытыя на Духа Святога, малітвы і слёзы на вачах – усё было на хвалу Пана. ДДМ – гэта як школа Хрыста, што дае кожнаму маладому чалавеку магчымасць быць крыху бліжэй да Збаўцы. Моладзь цудоўным чынам станавілася адзіным цэлым пад клапатлівай рукой вялікага Бога. І кожны тут маліўся, як умеў, аддаваў усе свае праблемы і клопаты Богу. Тут кожны мог адчуць цеплыню, падтрымку ад іншых людзей, усю веліч любові Айца.
Маці мая Божая, Ты такая прыгожая
"Вялікія рэчы ўчыніў нам Бог праз Марыю" – гэтыя словы былі дэвізам Дзён моладзі 2017. На працягу ўсяго часу ўдзельнікі гаварылі аб пакоры, чысціні і веры Панны Марыі. "Марыя не пакіне цябе, ты не самотны, ты Яе любімы сын і дачка", - разважаў кс. Андрэй Ядкоўскі ў канферэнцыі. Хто, як не Марыя, любімая Мама, можа супакоіць і даць надзею? Хто, як не Марыя, будзе з табой да канца твайго жыцця так, як была да канца з Езусам? Дзіўныя рэчы я адкрыла для сябе, калі паслухала канферэнцыю і катехезу. Я разумела, што тут і цяпер Езус гаворыць са мной і хоча навучыць мяне. Хлопцы і дзяўчаты таксама не саромеліся выказвацца, дзяліцца сваімі думкамі з іншымі. І было вельмі прыемна бачыць, як яны адкрываюцца на Святога Духа. Моладзь рыхтавала прадстаўленні, якія былі прысвечаны Панне Марыі, спявала песні на Яе хвалу і штодзённа паўтарала словы: "Марыя, наша Каралева, маліся за нас!"
Як захаваць у сабе гэтае святло?
Безумоўна, кожныя ДДМ для моладзі – гэта доўгачаканая падзея. Сустрэча знаёмых, новыя сябры, ды і проста выдатны адпачынак. На ДДМ ты атрымліваеш велізарны зарад энергіі, які прымушае цябе ісці побач з Богам і не баяцца. І вось табе здаецца, што ты прыедзеш да сябе ў горад ці вёску, у школу ці ўніверсітэт і будзеш усім дарыць гэтую цеплыню і дзяліцца сваёй верай. І спачатку ўсё сапраўды так. Але потым гэта кудысьці знікае і штодзённасць быццам захоплівае цябе. Вось тут важна не страціць гэтае святло ўнутры сябе. Наш Творца заўсёды ішоў да канца. Ён заўсёды быў моцным і мужным. Успамінай у такія моманты, што Божая любоў да цябе не мае ніякіх умоў. Любоў Айца сапраўды моцная і вольная, неаслабная ў сваёй сіле. Маліся і памятай, што ні з чым нельга параўнаць адчуванне таго, што ты знаходзішся ў руцэ Бога Жывога.
Падзяліся шчасцем!
Вера без спраў мёртвая, кажа Святое Пісанне. Мы, як моладзь, як хрысціянская моладзь, павінны занесці агеньчык нашай веры туды, дзе людзі не ведаюць пра Бога. Мы стаім і праслаўляем Езуса ў касцёле, дык чаму ж не праслаўляць яго ў іншых месцах? Ён сапраўды варты гэтага. Бо ёсць вялікая колькасць моладзі, якая зусім не ведае пра Бога, пра нашу хрысціянскую моладзь, якая хоча ісці за Хрыстом. Тое, што мы атрымліваем ад кожных дзён моладзі – неацэнна.Таму, дарагая моладзь, жадаю вам моцнай веры і адвагі, каб ісці і казаць усім пра тое, які вялікі наш Пан! Да наступных дзён моладзі!
Вікторыя Бурч