Я заўсёды прасіла Госпада ў малітве аб добрым мужы. Марыла, што ўсёй сям’ёй мы будзем хадзіць у касцёл і праслаўляць Бога за наш саюз.
З будучым мужам мы сустрэліся 5 гадоў таму. Я адразу адчула ў ім нешта роднае свайму сэрцу. Мы бачыліся штодня, заўсёды мелі аб чым пагаварыць. А маглі проста маўчаць, і нам было добра.
Малады чалавек паходзіў з непрактыкуючай сям’і праваслаўных. Аднаго разу я збіралася ў касцёл і прапанавала яму пайсці разам. Любы з радасцю пагадзіўся. Пасля прызнаўся, што яму вельмі спадабалася прысутнічаць на Эўхарыстыі і цяпер хоча заўсёды са мной бываць у касцёле. Пазней нарачоны прыступіў да сакраманту споведзі. А 4 гады таму мы павянчаліся.
Як і многія сем’і, марылі аб тым, каб Пан блаславіў наша сужэнства на нараджэнне дзяцей. Мінула паўгода, а чаканая цяжарнасць не наступала. Мы занепакоіліся і прайшлі медыцынскае абследаванне. Дыягназ – 100-працэнтнае бясплоддзе, ад якога яшчэ не існуе лекаў на зямлі. Ніколі не думала, што маю сям’ю напаткае такое выпрабаванне.
Доўгі час мы з мужам вучыліся жыць з вынесеным прысудам. Ад урачоў, родных і нават бацькоў часта даводзілася чуць парады накшталт “разводзьцеся або рабіце ЭКА”. Да праўды, наведвалі ўсякія думкі. Я заблыталася і не ведала, што выбраць: вернасць Богу (а значыць сям’ю) альбо бязбожнасць (зямное шчасце)? У такі цяжкі момант Хрыстос мяне не пакінуў. Пасылаў на маю жыццёвую дарогу духоўных асоб, праз якіх сам прамаўляў. Аднойчы пэўны святар спытаўся ў мяне: “А чаму вы не разглядаеце варыянт усынаўлення дзіцяці? Канешне, ты можаш разысціся з мужам, але тады назаўсёды згубіш супакой у сваёй душы. Памятай, у тваім жыцці 2 галоўных мужчыны – муж і Хрыстос”. Словы святара я не забываю па сённяшні дзень.
Вярнуўшыся дамоў, распачала размову з сужэнцам аб усынаўленні дзіцяці. На жаль, не адчула яго жадання гаварыць на гэтую тэму. Праз нейкі час зноў вярнулася да набалелага. І мы вырашылі збіраць неабходныя для працэдуры ўсынаўлення дакументы. Пасля таго, як прайшлі некалькіх урачоў, спыніліся. Я зразумела: муж не хоча прыняць чужое дзіця. Мы шмат сварыліся. Я, увогуле, расчаравалася і думала, што паспяшалася выйсці замуж, мажліва, памылілася ў жыцці. Часам здавалася, што больш не люблю сужэнца...
Мінуў час, і муж стаў сам гаварыць пра ўсынаўленне. Для мяне гэта было цудам! Зноў пачалі збіраць дакументы. Прайшоўшы неабходныя інстанцыі, сталі кандыдатамі на ўсынаўленне. Дамовіліся, што не будзем прытрымлівацца жорсткіх крытэрыяў: полу, узросту... Канешне, хацелася, каб дзіця было маленькае. Прагнулі ўбачыць яго першыя крокі, пачуць першыя словы. Але ўсё даверылі Богу.
Часам моцна перажывалі, што не справімся, не зможам па-сапраўднаму палюбіць. Было страшна: нас чакала новае жыццё, невядомае. Неаднаразова думалі адступіць, але нейкая сіла не давала нам гэтага зрабіць. Памятаю, калі на душы было зусім цяжка, я зайшла ў касцёл і ціха сказала: “Божа, калі Ты хочаш, каб мы прынялі дзіця, дапамажы. Я давяраю Табе наша жыццё”. Праз некалькі гадзін да мяне патэлефанавалі са службы апекі і прапанавалі пазнаёміцца з 3-месячнай дзяўчынкай. Вось так мы з дачушкай упершыню і ўбачыліся.
Ужо паўгода, як яна з намі. Мы з мужам і не думалі, што Бог шчодра нас блаславіць і адорыць такім цудоўным падарункам. Адчуваем сябе сапраўднымі бацькамі. Самае галоўнае, што Хрыстос аднавіў нашы з сужэнцам адносіны. І мы сталі поўнай і шчаслівай сям’ёй.
Марыянна, г. Гродна