Божая міласэрнасць, насуперак уяўляенням, гэта не хвала за добрыя паводзіны, не лёккае "пагладжванне па галаве" ў адказ на невялічкія правіны, не дараванне цяжкага граху з умовай адбыць за яго пакаранне. Гэтая Боская “рыса” з'яўляецца чымсьці большым. Чымсьці, што часта можа выклікаць у нас шок.
Пра Божую міласэрнасць гавораць ужо на працягу доўгага часу. Да гэтага моцна спрычыніліся св. Фаустына Кавальская і св. Ян Павел ІІ. Простая манахіня ў сваім “Дзённіку” перадала нам паведамленне міласэрнасці, а Караль Вайтыла пастараўся, каб пра гэта пачуў увесь свет.
Але чым менавіта з'яўляецца Божая міласэрнасць? Што гэта значыць, што Бог міласэрны? Ці Яго неабмежаваная міласэрнасць не супраціўная Яго справядлівасці? Шукаючы адказ на пытанне, якім з'яўляецца Бог, лепш за ўсё пачаць са Святога Пісання, бо менавіта ў ім Ён нам аб’явіўся. Давайце прыгледзімся да тых асобаў, якія могуць дапамагчы нам зразумець, як Бог выходзіць за межы схемаў людскога мыслення.
Блудніца
Евангелле святога Лукаша змяшчае адну вельмі цікавую сцэну з жыцця Езуса. Яго запрасілі да пэўнага фарысея. Хрыстос увайшоў у дом і сеў за стол. У гэты момант падышла да Яго жанчына, блудніца, і пачала алеямі і ўласнымі слязьмі абмываць Ягоныя ступні, выціраць іх сваімі валасамі, а потым цалаваць. Вядома, удзельнікі свята адразу абурыліся. Бо як гэта можна! “Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, што гэта за жанчына, якая дакранаецца да Яго. Ён ведаў бы, што яна грэшніца”. Езус сваімі паводзінамі выклікаў скандал.
Напэўна большасць з нас паводзіла б сябе дакладна так, як фарысеі. Уявім сабе, што знаходзімся сярод якіх-небудзь вельмі знатных людзей і раптам да найбольш паважанага госця падыходзіць блудніца і пачынае націраць яго цела алейкамі і цалаваць Ягоныя ступні. Ці не былі б мы таксама абураныя?
"І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі Я прыйшоў, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна пахучым алеем намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць. А ёй сказаў: Даруюцца табе грахі".
Здраднік
Давайце прыгледзімся да св. Пятра. Што гэта быў за чалавек. Нібыта ўзначальваў апосталаў, але, калі чытаеш Евангелле, хутка можна заўважыць, што вельмі часта ён не разумеў сэнсу тагу, што гаварыў яму Езус. Больш таго, ён з'яўляецца адзінай асобай, якой Хрыстос сказаў: “Адыдзі з маіх вачэй, сатана!”. Як бы гэтага было яшчэ мала, у самы важны момант Пётр адрокся ад Хрыста, каб выратаваць сябе.
Так, Пётр быў здраднікам. Не толькі Юда, але таксама Пётр. Задумаемся, што мы робім са здраднікамі? Як мы да іх ставімся? Што пра іх гаворым? Ці ў стане прабачыць ім? Ізноў давяраць? А што зрабіў Езус? На здрадніку пабудаваў Касцёл, які “брамы пякельныя не перамогуць”.
"І кажа яму трэці раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго “ці любіш ты Мяне?”, і сказаў: Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх".
Праследавацель
Напрыканцы прыклад найбольш моцны. У часы, калі Езус хадзіў па гэтым свеце, на тых самых землях жыў пэўны заўзяты ізраільцянін з пакалення Веніяміна. Малады фарысей быў жорсткім супраціўнікам хрысціян. Пераследаваў вернікаў, якія жылі ў Ерузалеме. Аднойчы, забяспечаны рэкамендацыйнымі лістамі ад Сінэдрыёну, пайшоў у Дамаск з загадам на арышт прыхільнікаў Хрыста.
Саўл з Тарса быў праследавацелем хрысціян. З вялікай адданасцю асуджаў новасфармаваную рэлігію. Не меў малейшага намеру дараваць каму-небудзь, хто верыў у Змёртвыхпаўсталага. І менавіта хтосьці такі стаў Апосталам Народаў, адным з найважнейшых прапаведнікаў Добрай Навіны. Па людскі гледзячы - неймаверна. Існуе меркаванне, што менавіта так Бог "помсціць" сваім супраціўнікам. Не абвінавачвае іх, але робіць так, што яны становяцца Яго вернымі сябрамі.
"Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба. Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: Саўле, Саўле, чаго ты пераследуеш Мяне? Я адказаў: Хто Ты, Пане? Ён сказаў мне: Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш. Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною. Тады я сказаў: Пане, што мне рабіць? А Пан сказаў мне: Устань і ідзі ў Дамаск, і там табе будзе сказана пра ўсё, што трэба табе рабіць".
Бог незразумелы
Трэба пагадзіцца з тым, што пакуль мы жывем на гэтым свеце, не здолеем да канца зразумець Бога. Яго нельга ўключыць ні ў якія схемы, ацаніць паводле нашага спосабу ўспрымання рэчаіснасці.
Гэтыя тры прыклады – блудніцы, здрадніка і праследавацеля - павінны даваць нам штуршок для разважанняў. Наш Бог адказаў на іх грэх, разгубленасць і зло сваёй міласэрнасцю. Адзінае, чаго Ён хацеў, гэта прыцягнуць іх да сябе, прабачыць ім і аздаравіць іх. Менавіта так дзейнічае Божая міласэрнасць.
Паводле deon.pl