"Нават не ведаю, але мне здаецца, што я больш не веру ... І што з гэтым рабіць?" Гэтыя словы я чую штодня з усіх канцоў зямлі, ад прадстаўнікоў любых хрысціянскіх кірункаў, з кожнай прыступкі сацыяльнай лесвіцы .
Усе яны калісьці былі вельмі пабожныя, але цяпер, па розных прычынах, яны трацяць веру - і яны ў паніцы.
Іх страх зразумелы. Гэта сапраўды даволі страшна. Адна справа ставіць пад пытанне царкоўныя асновы або паказваць на прабелы ў рэлігійных сістэмах, якія прыдумалі самі людзі, ці нават пакрытыкаваць Біблію і спосабы яе тлумачэння. З усім гэтым можна жыць. Мы можам праходзіць праз гэтыя крызісы, але ўсё роўна працягваць цвёрда верыць у тое, што Бог ёсць і што Ён добры. Бываюць такія дні, калі гэта адзінае, у што мы верым, але, як правіла, гэтага дастаткова.
Страта веры - гэта больш, чым слабасць волі
Але што рабіць, калі, нягледзячы на малітвы, бясконцыя пытанні і напружанне сілы волі, разумееш, што ўжо не верыцца ні ў што? Што рабіць, калі сама рэальнасць Бога (ці таго факту, што Бог добры) становіцца для вас недазваляльнай раскошай? Як выжыць у эпіцэнтры духоўнай катастрофы?
Не здавайцеся. Бог дастаткова моцны, каб справіцца з вашымі сумненнямі.
Часцей за ўсё справа не ў тым, каб стаць яшчэ больш "рэлігійным". У большасці выпадкаў людзі пачынаюць сумнявацца, нягледзячы на пастаяннае чытанне Бібліі, малітвы, рэгулярнае наведванне касцёла, удзел у богаслужэнні і жаданне верыць ад усяго сэрца. Яны ні на імгненне не ўхіляліся ад усіх гэтых рэчаў. Яны на самай справе богабаязныя і актыўныя хрысціяне, вось толькі ўсе гэтыя дзеянні перасталі даваць яснасць, упэўненасць і камфорт, які звычайна давалі.
Амаль усе, хто звяртаюцца да мяне ў стане гэтай духоўнай пустаты і сухасці, кажуць, што адчуваюць сябе вінаватымі. Яны бядуюць, разумеючы, што ніхто не можа дапамагчы ім вярнуць страчанае, і лаюць сябе за тое, што не могуць прымусіць сябе верыць як раней, калі гэта атрымлівалася лёгка і проста.
Калі вы зараз знаходзіцеся пасярод такой духоўнай буры, я не буду казаць вам, што ёсць спосаб хутка і проста вярнуць сваю веру. Я нават не магу сказаць, што вы калі-небудзь яе вернеце, па меншай меры, у яе ранейшым выглядзе. Магчыма, вас чакае нешта зусім непадобнае на тое, што вы перажывалі раней.
Вяртанне
І ўсё роўна трэба нешта рабіць. Пытанне - што?
Можа, трэба больш маліцца або пачаць вывучаць Біблію ў групе або часцей хадзіць у касцёл. А можа, і не трэба. У рэшце рэшт, Бога можна знайсці не толькі ў "духоўных рэчах".
Можа, сёння вам трэба проста азірнуцца вакол, прыглядзецца да знаёмых рэчаў, паслухаць, дакрануцца, удыхнуць і паспрабаваць на густ. Можа, самае лепшае, што вам трэба зрабіць, гэта проста яшчэ раз звярнуцца да так добра знаёмым вам рэчаў і заняткаў, і зноў прыняць іх з удзячнасцю.
Калі прымаеш гэтыя цудоўныя, чыстыя, аглядныя дары і шануеш іх, то не можаш не прызнаць і Таго, Хто дае. Магчыма, гэта ўся вера, на якую вы здольныя зараз, але нічога страшнага. Проста жыць і дзякаваць за жыццё - гэта ўжо духоўны пошук; гэта святое стаўленне.
Менш паваротаў - хутчэй да вызначанай мэты
Вы ўбачыце, як пачуццё падзякі павядзе вас прамой дарогай да страчанага пачуцця веры. Яно ачысціць шлях да Бога ад усялякага суму, расчараванняў і сумненняў.
Не здавайцеся. Бог дастаткова моцны, каб дапамагчы вам справіцца з вашымі сумненнямі, і Ён дакладна ведае, праз што вы праходзіце, і чаму вам цяпер так цяжка верыць.
Магчыма, зараз вы і праўда страцілі тую веру, якую заўсёды мелі, ці вы проста крыху змяніліся самі. У любым выпадку, гэта магчымасць зрабіць глыбокі ўдых, паглядзець вакол і радавацца ўсяму, што бачыце.
Калі вялікая вера вам цяпер не пад сілу, хай пакуль будзе так. Трымайцеся!
Джон Павловіц
Паводле Хрысціяне