Дзяўчына, якая да нядаўняга часу была суровай атэісткай і раптам адкрыла для сябе веру ў Бога, вядзе блог, у якім разважае на розныя кранальныя тэмы з пункту гледжання хрысціянкі з багатым атэістычным досведам. Прапануем вашай увазе яе разважанні аб узаемаадносінах з няверуючымі бацькамі, родзічамі, сябрамі. Разважанні аб тым, каму расказваць пра сваю веру, як рэагаваць на негатыўнае стаўленне блізкіх да касцёла і г.д.
Спавядайцеся самі, не саромеючыся распавядаць пра сябе гадасці - чалавеку будзе прасцей самому спавядацца вам і прызнаць сваю нізасць. Менавіта гэты злом прыводзіць чалавека да Бога, а зусім не вашыя разумныя тэалагічныя аргументы. У прадмове да кнігі Клайва Люіса сустрэла выдатнае тлумачэнне гэтаму: "Калі чалавек не зламаўся (назваў гэтаму многа - скруха, абарачэнне, пакаянне), ніякая логіка і ніякі розум не прывядуць яго да хрысціянства". Калі гэтага "злому" не адбылося, то на вашыя тэзісы апанент знойдзе самыя езуіцкія контраргументы, каб адмахнуцца ад усяго, што вы кажаце.
Запомніце: спрабаваць у лоб аргументамі даказваць атэісту хрысціянства - гэта як спрабаваць з пенай у рота аргументавана тлумачыць вар'яту, які лічыць сябе Напалеонам, што ён проста Вася. Гэта значыць праяўляць поўную неадэкватнасць, яшчэ мацнейшую васінай. (Мілыя атэісты, не крыўдзіцеся на гэта параўнанне, я проста дэманструю механізм). Вернікі, не ў аргументах тут справа, адным словам. Правядзіце разумовыя практыкаванні і ўявіце, што ваш няверуючы суразмоўца проста крыху не ў сабе - будзьце з ім асцярожныя, ласкавыя і запабеглівыя, каб ён не параніў сябе і вас.
Калі вам трапіўся асабліва ўпарты атэіст, то не ўяўляеце сабе героем - наўрад ці ў вас, як у Езуса, атрымаецца выгнаць разам сотню дэманаў з аднаго чалавека. Выконвайце евангельскія інструкцыі: "Не давайце сабакам святога, ды не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі ды, павярнуўшыся, не разарвалі вас". Па магчымасці маўчыце і трэніруйце пакору - глядзіш, на вас сыйдзе Дух Святы, а заадно і на суразмоўцу: вы ж верыце, што навяртанню спрыяе менавіта Ён, а не вашая зямная мудрасць? Калі ў вас не атрымліваецца пакорліва маўчаць, то не жальцеся, што атэіст не паддаецца дабратворнаму ўздзеянню: вам яшчэ самому ёсць чаму павучыцца. Памятайце пра несмяротныя словы Рыгора Памяранцава: "Д'ябал пачынаецца з пены на вуснах анёла".
Калі чалавек на самай справе зацікавіўся хрысціянствам, то адказвайце на пытанні (калі яны ёсць). Пры гэтым не саромейцеся прызнацца ва ўласным няведанні. Не варта рабіць з сябе гуру: такім чынам чалавек, які таксама не пагружаны ў тэму, лягчэй прыме яе. Калі вы будзеце дэманстраваць лютую кампетэнтнасць (гэта значыць праяўляць ганарыстасць), ганарыстасць апанента абавязкова супрацьпаставіць вам свае веды ў контру вашым.
Распавядаючы пра прынцыпы хрысціянства, расказвайце гісторыі і прыпавесці, прыводзьце прыклады з жыцця. Менш ужывайце разумных слоў, больш звяртайцеся да таго, што вядома суразмоўцу. Менш тэарэтызавання - больш вобразаў, прыкладаў. Гэта педагогіка, куды дзявацца.
Ужывайце вытанчаныя метады псіхатэрапіі, калі яны вам вядомыя. Калі такіх няма, настройцеся з чалавекам на адну хвалю, на адну мову, паспрабуйце для пачатку зразумець яго. Толькі так вы як бы зможаце ўзяць яго за руку і весці разам з сабой. Адразу ўставаць у апазіцыю і цягнуць яго за нагу, калі ён супраціўляецца, - вельмі неэфектыўна. Мяне, напрыклад, на дзясятак гадоў адвярнула ад хрысціянства пэўная хрысціянская сустрэча, на якой дзяўчына ўзбуджана распавядала мне нешта пра дэманаў, а святар раздражнёна перабіваў і праз зубы цадзіў нам, няверуючым:"хопіць ёрнічаць".
Адным словам, у размове з няверуючымі "будзьце простыя, як галубы, і мудрыя, як змеі".
Паводле nenadoada.ru