Хачу з вамі падзяліцца разважаннямі пра Дары, не пра дары харызматычныя, а пра дары звычайныя, тыя, якія кожны з нас мае, але пра якія мы, на жаль, так мала задумваемся.
Вось, асноўныя Дары, якія мае кожны чалавек, кожны з нас: 5 дароў, пра якія мы забываем
- Самы першы дар, які атрымоўвае кожны з нас, без якога ўсе астатнія дары не маюць ніякага значэння - гэта дар Жыцця. Гэты дар мы атрымалі не ад сябе, ад нашых бацькоў, дакладней ад Бога праз нашых бацькоў. Дар жыцця - гэта першы дар.
- Другі дар - дар Веры. А чаму менавіта дар Веры другі, а не дар Любові напрыклад, дар тварыць цуды? Калі няма веры, праўдзівай веры ў Бога жывога, тады Дар Жыцця будзе проста страчаны, пражыты з карысцю для нас, а нават з шкодай для нас саміх і тых, хто вакол нас. Дар веры - і з гэтага ўсё пачынаецца, нашае духоўнае жыццё, наша жыццё ў Богу і Хрысце. Дар Веры - гэта істотны дар для кожнай асобы, якой бы яна ні была: атэіст ці хрысціянін, або нейкай іншай веры, не мае значэння. Калі чалавек нават адракаецца ад Бога, ён усё роўна павінен у нешта верыць: калі не ў Бога, то ў ідала ці нейкую ідэю. Бо так чалавек створаны Творцам, што мае прагненне душы ў каго-небудзь ці што-небудзь верыць, верыць бяздоказна. І, думаю, гісторыя апошніх стагоддзяў гэта даказала.
- Трэці дар і чацвёрты дар. Гэта свет, дзе мы жывем. Мы жывем у прасторы і ў часе. Так, створаны гэты свет, прастора і час - гэта таксама дары, якія мы самі не заслужылі, яны нам проста дадзены. Мы з'явіліся ў гэтым свеце, у гэтай пэўнай прасторы і ў пэўным часе. Дар прасторы, дар нашага асяроддзя, дзе мы нарадзіліся і жывем, развіваемся дае нам нашу ідэнтычнасць, дае нам мову, культуру, спосаб мыслення, традыцыі, звычкі і г.д. Напэўна, калі б мы нарадзіліся ў Кітаі ці ў Індыі, ці не-дзе ў Афрыцы, мы былі б іншымі. Хай з белай скурай, але былі б зусім іншымі людзьмі. Але мы нарадзіліся тут, - гэта наша прастора. Беларусь - гэта наша прастора, і ў пэўны час, пэўная эпоха XXI стагоддзя, пэўны год, дзень і гадзіна і менавіта вось у гэтыя хвіліны мы зараз тут.
Бачыце, час - такі вельмі спецыфічны дар, да яго ніяк нельга дакрануцца, спыніць, агледзець, што ж гэта за дар. Час пастаянна цячэ, ён ўцякае і кожная хвіліна, кожнае імгненне ніколі больш не вернецца. Веру можна неяк паправіць, жыццё сваё можна неяк змяніць, прастору можна змяніць, а час не зменіш, да яго не дакранешся, у ім проста трэба жыць. Гэты дар часу з'яўляецца для нас вельмі важным, таму што мы часта яго трацім марна, а ён больш ніколі ўжо не вернецца - ні гэты момант, ні гэты дзень, ні гэты год. Такім чынам, даў нам Бог гэты дар прасторы, нашае асяроддзе і дар часу.
- Пяты дар, таксама вельмі важны дар для кожнага з нас, хто верыць у Бога - Дар малітвы. Хтосьці скажа, што малітва - гэта не дар. Хачу - малюся, хачу - не малюся, гэта мая справа. Але няма малітвы без удзелу Бога. Ведаем, што малітва - гэта дыялог, размова двух асобаў - Бога і чалавека, і, напэўна, ініцыятарам любой малітвы ў першую чаргу з'яўляецца ўсё ж Бог. Апостал Павел сказаў, што ніхто не скажа: "Гасподзь Езус Хрыстос" без Духа Святога. І гэта праўда. Такім чынам, ні адно слова малітвы не можа быць вымаўлена без удзелу Святога Духа. Хочам ці не хочам, верым ці не верым у гэта – так яно ўжо ёсць. Такім чынам, мы бачым саўдзел Бога ў гэтай гутарцы, без Яго не будзе малітвы, не будзе размовы.
Як мы гэтымі дарамі карыстаемся: прасторай, часам, верай, нашым жыццём і нашай малітвай?...
Вельмі важна, наш адказ Богу, гэта правільнае карыстанне, шанаванне і падзел дарамі. Атрымаў падарунак – падзяліся ім з іншымі.
Аўтар - Дзмітрый Грыгорак