Божая міласэрнасць і міласэрнасць чалавека

"Будзьце ж міласэрныя, як і Айцец Ваш міласэрны" (Лк 6:36)
Сярод шматлікіх дасканаласцяў Божых Збаўца асабліва адзначае Яго міласэрнасць і загадвае нам наследаваць яе. Але нельга наследаваць тое, чаго не ведаеш і не шануеш. Словы, прыведзеныя на пачатку, змяшчаюць загад не толькі пераймаць, але пазнаваць і любіць Бога ў міласэрнасці.
Кожны з нас з'яўляецца грэшнікам, як кажа апостал: "Калі кажам, што не маем граху,мы ашукваем самі сябе, і няма праўды ў нас"(1 Ян 1,8). Грэшнік з’яўляецца няўдзячным бунтаўшчыком, у той час калі пакрыўджаны Нябесны Айцец не пасылае заслужанага за грэх пакарання, але ратуе і абараняе чалавека і часта на працягу доўгіх гадоў чакае яго навяртання.
Чаму Бог адразу не адпомшчвае сваёй крыўды? Яго міласэрнасць гэтага не дапушчае. Яна з’яўляецца магутным адвакатам і хавае нас ад правасуддзя, якое патрабуе справядлівага пакарання. Яна ўсклікае: "Я не хачу смерці бязбожніка, але каб адвярнуўся бязбожнік ад дарогі сваёй і жыў." (Эзэкіэль 33:11).
Бог не толькі прымае нас, грэшных, але таксама, абдорвае нас сваімі ласкамі. Хто нас корміць і апранае, хто дае нам жыццё і здароўе, хто "чыніць, каб сонца Яго ўзыходзіла над добрымі і ліхімі, і дождж пралівае над справядлівымі і несправядлівымі?" (Мц 5,45).
Бог, Якога мы крыўдзім; Айцец Нябесны, Якому мы балюча ранім сэрца; Госпад, закон Якога мы парушаем. Нябесны Айцец не спыняцца на тым, што ратуе нас і абсыпае дарамі, але спяшаецца дапамагчы і выкарыстоўвае ўсё сродкі дзеля нашага навяртання і шчасця вечнага. Усімі спосабамі намагаецца Ён трапіць у нашыя сэрцы: гэта дарога новых дабрадзействаў, новых натхненняў і ласк, дарога раскаяння і пакуты.
Часта гэтыя намаганні з’яўляюцца пустымі, але Айцец міласэрнасці не палохаецца нашай ўпартасці і не адыдзе, пакуль не выкарыстае ўсе скарбы сваёй міласэрнасці. Такім чынам, так Бог паступае з кожным з нас, і не шкадуе сваёй ласкі нават для тых, чыю ўпартасць складана зламаць. Мы бачым гэта на прыкладзе Юды, якому Езус мые ногі, называе яго сябрам, адорвае пацалункам любові, і смуткуе над яго слепатой.
Калі гэтыя далікатныя метады не трапляюць у душу грэшніка, Бог прымае строгія меры. Але ўсё пакаранні ў гэтым жыцці з'яўляюцца лекавымі: гэта таксама ласка, якая толькі мае іншую форму: "Але пакуль Госпад нас судзіць і карае, каб не былі мы асуджаны разам з усім светам" (1 Кар 11,32). Не гневам і помстай кіруецца Бог, але любоўю і ласкай, калі намагаецца спыніць нашыя грэшныя намеры.
Як добрая маці шыпамі агароджвае небяспечнае месца, каб уберагчы сваіх дзяцей ад бяды, так Бог часта раскідвае перад нашымі нагамі шыпы, каб мы вярнуліся і не зваліліся ў бездань пекла.
Калі, нарэшце, душа, абуджаная дабрынёй або пакараннем, устае пасля падзення, Бог не трымае яе доўга на парозе ласкі, не захоўвае ў Сваёй памяці яе памылкі, але ў адзін момант усё прабачае. Замест гневу выцягвае рукі да грэшніка, каб прыняць яго, і кліча хоры анёлаў, каб яны ўзрадаваліся знойдзенай авечцы: "І прыйшоўшы, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: "Павіншуйце мяне, бо я адшукаў авечку, якая была прапала" (Лк 15,6).
І ў небе тады наступаюць хвіліны радасці. Гэта тыя моманты, калі чалавек пакідае сваё грэшнае жыццё, калі бязбожнік спыняе свае злачынчствы, калі чалавек пачынае наследаваць Божую міласэрнасць.
Паводле матэрыялаў кс. Міхала Сапоцькі