Шукайце дабра, а не зла, каб засталіся вы жывыя, — і тады Гасподзь Бог Саваоф будзе з вамі, як вы кажаце (Ам.5,14). У пошуках матэрыялаў для блога мне даводзіцца праглядаць пэўную колькасць друкаваных і інтэрнэт-крыніц. Вядома, што большая колькасць сярод іх – гэта менавіта каталіцкія форумы, парталы, часопісы і кнігі на патрэбную тэматыку.
І шчыра кажучы, інфармацыя і меркаванні, на якія я там трапляю, часам вельмі мяне расчароўваюць і пакідаюць ўражанне, нібы мы, католікі, занадта старанна намагаемся ўбачыць нешта дурное нават у самых бяскрыўдных рэчах.
Напрыклад, нароўні з творчасцю груп хэві-метал, дзе часам сапраўды сустракаюцца тэксты з прамой спасылкай да сатанізму, аўтары разгорнутых каталіцкіх артыкулаў прымудраюццца знайсці карані зла ў дзейнасці дзясяткаў найбольш вядомых і паспяховых выканаўцаў поп- і рок-н-рол твораў. Не раз даводзілася мне трапіць на артыкул, дзе аўтар (ужо напэўна знудзіўшыся крытыкаваць цяжкі рок) вырашае пераварочваць задам наперад словы песен Э. Прэслі, Бітлз, М. Джэксана, Б. Спірс, і шэрагу іншых і такім чынам і ў іх “выяўляць” сатанінскі падтэкст. Больш таго, да такіх артыкулаў пакідаюць зазвычай мноства пазітыўных каментараў, што хутчэй нагадвае мне масавую параною, чым практыку хрысціянскай веры. Тут хочацца нагадаць, што справай католікаў дзякаваць Богу за таленавітых людзей, а не прыпісваць змову з д’яблам кожнаму выканаўцу, які здолеў праславіцца.
Уражваюць мяне таксама шматлікія каталіцкія інтэрнэт-прэзентацыі на тэму шкодных забаў для дзяцей. Пад разгромную крытыку трапляюць мультфільмы пра поні і аднарогаў, якіх атаясамліваюць з антыхрыстам; канструктар “лега”, дзе некаторыя фігуркі маюць “занадта злыя” твары; рэкамендуюць нават пазбягаць плёнаў творчасці кампаніі Ўолта Дзіснэя з прычыны прыналежнасці апошняга да масонаў і шмат іншых бессэнсоўных рэчаў.
Сапраўдная вайна вядзецца з персанажам японскай поп-культуры, котачкай “Хэлоў Кіці”. Яе ўвогуле лічаць зброяй д’ябла, з дапамогай якой ён плануе завалодаць розумамі дзяцей. Калі ўглыбіцца ў гісторыю паўстання “Хэлоў Кіці”, зразумееш, што ўвесь яе “сатанізм” асноўваецца толькі на інтэрнэт-плётцы, якая дзеля жарту была распаўсюджана па сетцы. Аднойчы ў сацсетцы мне нават давялося натрапіць на профіль жанчыны, якая праводзіць семінары адносна шкадлівасці і дэманічнасці “Хэлоў Кіці”. На маю думку займацца падобнымі рэчамі не толькі не варта, але і не годна католіка.
У свеце дастаткова сапраўднага зла, якое не знікне без нашых дзеянняў і малітваў, а пошук злога ў рысаваных котачках і поні не толькі з’яўляецца абсурдным, але і дарма затрачвае энэргію і час, адцягваючы ўвагу ад сур’ёзных праблем.
Варта таксама памятаць, што, як мне здаецца, выключнасць хрысціянства палягае як раз такі на яго здольнасці разглядзець нешта добрае ў самых непрывабных рэчах і ў самых страчаных людзях, а не наадварот. Мудры хрысціянін будзе імкнуцца нават на відавочна дрэннае глядзець з двух бакоў: негатыўнага і пазітыўнага. І гэта не будзе з’яўляцца слепатой, а толькі выразам надзеі на тое, што ў кожнай істоце ўтойваецца святло, закладзенае Госпадам. А калі намагацца адшукваць і фіксаваць сваю ўвагу на пазітыўных аспектах, гэта ў сваю чаргу і будзе спрыяць прабуджэнню і развіццю ўтоенай дабрыні і любові. А супрацьлеглыя дзеянні ці не будуць выклікаць зваротны эфект?
Ангеліна Марцішэўская