У Еўропе ўсё часцей можна сустрэцца з пагардай адносна рэлігіі ўвогуле – гаворыць спецыяльны рэпарцёр ААН па справах свабоды рэлігіі і перакананняў, прафесар Хейнер Белефельд.
Стэфан Сянкоўскі: Некаторыя крыніцы перадаюць, што зараз пераследуюць каля 100 млн. паслядоўнікаў Хрыста. Ці хрысціянства найбольш праследуецца на свеце?
Праф. Хейнер Белефельд: Гэта факт, што многія хрысціяне церпяць за сваю веру. Мы ведаем з тэлебачання карціны знішчаных бомбамі нігерыйскіх касцёлаў, дзе паслядоўнікаў Хрыста пераследуюць баевікі секты Боко Харам. Таксама ў Егіпце былі атакі. З Іраку ўцяклі амаль 700 тысяч хрысціян, дзве трэція ўсяго хрысціянскага насельніцтва.
За што нас так ненавідзяць?
Возьмем, напрыклад, Ірак: хрысціяне часта лічацца там прадстаўнікамі Захаду, Амерыкі. Іх прадстаўляюць як акупантаў, або як тых, хто з імі супрацоўнічае. Дадаюцца да гэтага таксама негатыўныя гістарычныя асацыяцыі, выкліканыя між іншым такімі выказваннямі, як выказванне Джорджа Буша пра “крыжовыя паходы”.
Але гэта абсурд. Хрысціяне жывуць там ужо на працягу амаль двух тысяч гадоў, большасць з іх не мае з ЗША нічога агульнага...
Гэта праўда, але некаторыя выпадкі маюць часта ірацыянальную аснову. Напрыклад, нехта ўспомніць, што хтосьці быў перакладчыкам у амерыканцаў, а потым гэта ўсё “прыгожа” складаецца разам. Паслядоўнікі Хрыста складаюць меншасць сярод жыхароў Ірака, што робіць іх добрымі кандыдатамі для таго, каб быць казлом адпушчэння, можна іх лёгка засудзіць за тое, што яны “пятая калона”. Гэта адносіцца больш за ўсё да членаў евангельскіх супольнасцяў. Але пераследаванні ў Іраку спатыкаюць і іншыя меншасці, напрыклад, языдаў ці мандаітаў.
Прычыны толькі рэлігійныя?
Канешне, асабліва тады, калі мы сутыкаемся з пытаннем змены веры ці заахвочвання да гэтага. Існуюць краіны, такія як Судан ці Саудаўская Аравія, дзе адыход ад іслама караецца смерцю. У Пакістане вельмі суровыя правілы адносна блюзнерства, якое часта становіцца прычынай праследаванняў. На пераследаванне ўплываюць многія прычыны – дыктатура ў краіне, карупцыя, адсутнасць палітычнага прадстаўніцтва, этнічныя войны, гісторыя, розныя інтэрпрэтацыі ісламу, напрыклад.
“Арабская вясна” нешта змяніла ў гэтым пытанні?
Так названыя падзеі паказалі, што можна спадзявацца на змену сітуацыі з праследаваннямі. Можна было назіраць зварушлівыя сцэны, калі, напрыклад, у Егіпце хрысціяне і мусульмане падчас пратэстаў разам абараняліся. Аднак вынікі выбараў у гэтай краіне паказалі, што да ўлады прыйшоў палітычны іслам. Дапамагла яму ў тым добрая арганізацыя руху Мусульманскага брацтва, частка кандыдатаў мела у якасці бонуса статус пакутніка за справу. Шмат маладых людзей здзіўляюцца, лічаць, што вайсковыя ўкралі ў іх рэвалюцыю, ў той час самой рэвалюцыяй яны ганарацца. Аднак нельга страчваць надзею.
Што на гэта хрысціяне Егіпта?
Не так даўно я быў у Егіпце і стараўся даведацца іх пазіцыі. Яны падкрэсліваюць, што перш за ўсё яны егіпцяне, частка народу. Яны радуюцца, калі мы адносімся з салідарнасцю да іх, але адначасова абараняюцца перад залішнім падкрэсліваннем іх пакут. Яны перажываюць, што іх выдзяленне праз гаворку пра іх праследаванні можа прывесці да ўражання, што яны хацелі б для сябе аўтаномных правоў, якімі кіраваліся хрысціяне ў Асманскай Імперыі.
Хрысціян пераследуюць таксама і ў іншых часцях свету…
Так, гэта праблема не толькі Блізкага Усходу. Ідэалагічны запал кітайскіх камуністаў даўно аслаб, але яны яшчэ хочуць кантраляваць паслядоўнікаў розных рэлігій. Божы культ ў Кітаі магчымы, але пры ўмове, што ім будзе кіраваць улада. Там мы сутыкаемся з пэўным спорам пра інвестытуру, хто можа назначаць біскупаў – урад ці папа. Калі ты не належыш да якога-небудзь “патрыятычнага” афіцыйнага Касцёла, можаш спаткацца з пэўнымі перашкодамі. Не толькі будучы хрысціянінам, але таксама тыбецкім будыстам, уйгурскім мусульманінам ці членам Фалюн Гонг.
Ці існуюць рэгіёны, пра якія ў кантэксце праследавання паслядоўнікаў розных рэлігій гаворыцца мала?
Іх вельмі многа. Напрыклад, Сярэдняя Азія. Узбекістан - гэта даволі рэпрэсіўная краіна, у якой прыхільнікі містычнага ісламу, суфіты, караюцца на 5 гадоў за тое, што маюць кнігі курдскага мага Саіда Нурскага, апраўдваючы гэта барацьбой з тэрарызмам. У Казахстане і Таджыкістане улады спрабуюць кіраваць рэлігійнае выхаванне да такой ступені, што робяць немагчымай рэлігійную сацыялізацыю дзяцей. З многімі праблемамі сустракаюцца таксама Сведкі Іеговы, таксама і па прычыне “місійнага” характару сваёй дзейнасці, як і па прычыне адказу ад выканання вайсковай службы. У Венесуэле людзі, аслепленыя ідэалогіяй, вядуць вайну з капіталізмам, а гэта часта ідзе ў пары з антысемізмам. У Бірме будысты выганяюць мусульман, разбураюць іх гарады і на іх месцы будуюць свае святыні. Праследаванні сустракаюцца і ўнутры хрысціянства. У Расіі дамінантная праваслаўная царква спрабуе абмежаваць дзейнасць іншых хрысціянскіх Касцёлаў нібыта з-за празелітызму. Не так даўно я быў у Малдове і Надднястроўі – там здараецца, што падпарадкаваная Маскве царка перашкаджае правядзенню днём пахаванняў, напрыклад, баптыстаў. Картэжы запыняюць каля брам могілак і яны могуць вярнуцца толькі ноччу, што вельмі зняважліва.
А як выглядае сітуацыя ў Еўропе?
На першы погляд добра, з Афрыкай ці Азіяй нельга і параўноўваць. Але гэта не можа быць прычынай задавальнення. Што раз часцей можна сустрэцца з пагардай атэістаў адносна рэлігіі ўвогуле, ісламу, іудаізму, хрысціянства. Прыкладам могуць быць публічныя дэбаты ў Германіі пасля судовага рашэння пра забарону абразання. Я быў вельмі здзіўлены аргументамі, якімі карысталіся многія прыхільнікі забароны, яны абвінавачвалі габрэяў і мусульман у знявечанні ўласных дзяцей і адабранні ў іх права вырашаць самастойна свой лёс. Я сам атрымаў вельмі шмат непрыемных пісьмаў. Гэта ўсё паказвае, што наша вядомая еўрапейская талерантнасць не лепшая.
Нягледзячы на тое, ці гэта праўда, ці не, гэта, аднак, нармальныя аргументы адной са старон актуальнага спору аб зносінах паміж рэлігіяй і грамадствам.
Справа ў тоне гэтай дыскусіі, які быў проста непрымальны. Абразанне, чужое для нашай культуры, можа быць для нас не зразумела, але вызначаць гэта як “варварскую практыку”? Мусульмане і габрэі пыталі ў мяне: ці мы сапраўды не разумеем дабра для нашых дзяцей? Такім чынам быў нанесены удар па усіх рэлігіях.
Можа гэта пераасмысленне ролі, якую ў жыцці грамадства адыгрывае рэлігія?
Бачна, што Еўропа ад пакаленняў становіцца менш святой. Існуюць рэгіёны, куды рэлігія вяртаецца. Мы павінны зноў навучыцца таму, што значыць рэлігійны плюралізм і светапогляд. Не азначае ён абмежаванне рэлігіі толькі да прыватнай сферы. Да правоў рэлігійнай свабоды належыць таксама права публічнага культу.
Мы ўсё часцей сустракаемся са спробамі абмежаваць выкарыстанне рэлігійных сімвалаў на грамадскай прасторы…
Прысутнасць рэлігіі ў публічнай прасторы азначае яе прысутнасць у грамадстве і гэта не значыць, што яе павінна зацвердзіць дзяржава. Крыж на сцяне ў класе не з'яўляецца праблемай, аднак дзяржава не павінна навязваць абавязак яго павесіць. Калі настаўнік носіць крыжык, я лічу гэта абсалютна нармальным.
Урэгуляванне Касцёла каталіцкага адносна адступніцтва ўціскае правы чалавека?
Тое, якім чынам супольнасць верных рэгулюе сваю прыналежнасць, гэта унутраныя справы, і яны не адносяцца да дзяржавы. Адступніцтва (апастазія) ці экскамуніка не можа быць звязана з грамадзянскай смерцю ці з прымяненнем ў дачыненні ды такой асобы фізічнай сілы. Тое, якім чынам можна ўступіць у Касцёл і выйсці з яго, павінна быць тэмай унутраных дыскусій Касцёла, але дзяржава не павінна ўмешвацца ў іх.
Што мы можам змяніць у пытанні барацьбы з пераследаваннямі?
У Еўропе шмат чаго можна зрабіць, асабліва ў канкрэтных выпадках дыскрымінацыі. На жаль, еўрапейскія краіны маюць праблемы з палітыкай адносна бежанцаў: здараецца, што ў Іран дэпартуюць хрысціян ці прыхільнікаў бахаізму, што ставіць іх пад пагрозу небяспекі. Мала гаворыцца пра тое, што адсутнасць міласэрнасці адносна імігрантаў можа прывесці да ламання іх свабоды веравызнання.
Крыніца gosc.pl