Кшыштаф Зануcсі не толькі адзін з самых вядомых польскіх рэжысёраў кіно і тэлебачання, але таксама актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця, ён шмат выкладае і піша, супрацоўнічае з Папскім Саветам па культуры. У жніўні гэтага года ўдзельнічаў у І Кангрэсе Каталіцкіх СМІ ў Гродне. Прапануем вашай увазе цікавае і змястоўнае інтэрв’ю, дзе ён разважае аб хрысціянскіх СМІ і Новай Евангелізацыі.
- У чым заключаецца галоўнае заданне хрысціянскіх СМІ?
- Я думаю, што хрысціянскія СМІ павінны дапамагаць людзям знайсці хрысціянскі сэнс іх жыцця, павінны паказваць свет так, каб дапамагчы знайсці гэты сэнс. Гэта асноўная мэта. Гэта менавіта тое, што адрознівае хрысціянскія СМІ ад іншых. Для чаго існуюць свецкія СМІ? Адны для зарабляння грошай, другія – каб затуманіць, трэція – каб падмануць, чацвёртыя – нешта прадаць… Я пералічыў варыянты няправільнага выкарыстання СМІ. А правільны заключаецца ў тым, каб паказаць людзям сэнс жыцця, які яны шукаюць у сваім жыцці. Бо яго знайсці нялёгка.
- Якім чынам СМІ могуць яго паказаць секулярызаванаму чалавеку, які цалкам страціў паняцце святасці?
- Страціў. Але сумуе аб ім! Не варта скардзіцца! Свет такі, які ёсць. Падумайце, мы ж зараз жывем у асаблівых умовах: ніколі яшчэ мы не жылі так добра і бяспечна. Гэта і стала прычынай дэзарыентацыі большай часткі насельніцтва. Бо раней мы жылі зусім па-іншаму! Калі б вы на зіму не запасліся ежай, то галадалі бы. Ці не насеклі бы дроў – замерзлі б. Выходзілі на вуліцу – а там маглі і забіць. Зараз многае змянілася, няма такога імператыву. Які змушаў бы задаваць сабе асноўныя, экзістэнцыяльныя пытанні. Але яны па-ранейшаму існуюць, такія ж пытанні, як і раней. Парадокс, але часы зараз цяжкія, таму што яны лёгкія!
- Значыцца, трэба зрабіць так, каб усё стала дрэнна?...
- Гэтага рабіць нельга! Гэта выключэнне. Але сваім уласным прыкладам можна падштурхнуць людзей на пошукі чагосьці большага. Людзі ж адчуваюць у сабе пустэчу. Я бачу, як яны ад гэтай пустэчы пакутуюць, сумуюць без ідэалу – у гэтым прырода чалавека. - У апошні час усё больш гаворыцца аб новай евангелізацыі.
- На ваш погляд, у чым яна заключаецца?
- У тым жа, у чым і старая. Яны, зрэшты, накіравана на краіны, якія і да гэтага лічыліся хрысціянскімі. Але цяпер евангелізаваць іх прыходзіцца зноў. Хоць вядома, з кожным новым пакаленнем ўсё трэба пачынаць зноўку. Адным словам, Еўропу неабходна зноў евангелізаваць.
- Якім жа чынам гэта зрабіць? Як дастукацца да цяперашняга інтэрнэт-пакалення з кліпавым мысленнем? Спецыялісты сцвярджаюць, што сучасныя людзі трацяць толькі некалькі секунд на прыняцце рашэння глядзець ці слухаць. Як іх зачапіць за гэтыя імгненні?
- Не варта трапляць пад уплыў такіх маркетынгавых памылак. Усё гэта падман. Сучасныя людзі не адрозніваюцца ад сваіх прадзедаў. Яны такія ж. Тое, што ў іх кароткі круг увагі, гэта зразумела, таму што да іх усе вакол прыстаюць… Але калі сапраўды з'явіцца неабходнасць і жаданне, то з'явіцца і мова, якая дапаможа адказаць на гэтыя патрэбы чалавецтва. Я не хвалююся на конт гэтага. Калі людзі шукаюць, то будуць цярпліва чакаць і паглядзяць усё, нават тое, што доўжыцца даўжэй гэтых некалькіх секунд. А калі будзе пуста ўнутры, то ніякім шоу ці відовішчам іх не ўтрымаеш.
- Зараз у сетцы мноства разнастайных прапагандысцкіх плакатаў, ролікаў, якія рэкламуюць хрысціянскія каштоўнасці, веру… На ваш поглад, ці можна так дзейнічаць?
- Прапагандаваць… Усё залежыць ад таго, як мы разумеем дадзенае слова. Рэкламаваць? Можна, але я не ведаю, ці варта? Можна і так дасягнуць свядомасці людзей. Але, дзейнічаючы такім чынам, мы ставім веру на ўзровень тавару. Гэта не лепшае месца для яе. Яно прыніжае веру. Але можна паказаць людзям, што вера існуе. Гэта не будзе для іх вялікім адкрыццём, вы не станеце першаадкрывальнікамі. Аднак пры гэтым неабходна дапамагчы людзям зразумець веру, даведацца, што гэта такое, што яна сабой уяўляе.
Размаўляў Міхаіл Фацееў
Матэрыял з http://catherine.spb.ru/
Пераклад grodnensis.by