У каталіцкіх СМІ ўсё больш мы можам знайсці матэрыялаў, якія тлумачаць нам, чым з’яўляецца вера, якой яна павінна быць і так далей. Затое не так шмат мы чуем сведчанняў людзей з нашага асяроддзя, якія б маглі расказаць штосьці аб сваёй веры. Кс. Юрый, распавядзіце, калі ласка, чым для вас асабіста з’яўляецца вера?
- Як метадолаг хачу спачатку звярнуць увагу на патрэбу тэрміналагічнага ўдакладнення. Тэрмін “вера” належыць да групы мнагазначных тэрмінаў. І таму можа азначаць як мінімум 3 розныя справы. Па-першае, веру ў штосьці - я веру, што Эверэст з’яўляецца найвышэйшай гарой у свеце, хоць яе ніколі не бачыў. Па-другое, веру камусьці - я веру сваім сябрам, хоць усяго пра іх не ведаю. І па-трэцяе, веру ў Бога - я веру ў Бога, хоць Яго не бачыў і ўсяго пра Яго не ведаю.І хоць у гэтых трох выпадках супольным з’яўляецца сувязь веры з адкрытасцю нас на тое, што нам не зусім яўнае, аднак напэўна Вас цікавіць менавіта апошняе разуменне веры як веры ў Бога.
Сапраўды, пра веру вельмі шмат гаварылася і гаворыцца. Па-рознаму пра веру выказваюцца прадстаўнікі розных рэлігій. Таксама і ў каталіцкім Касцёле на працягу амаль двух тысячагоддзяў сабраны багаты матэрыял на тэму веры. Аднак і сёння пытанні на тэму веры з'яўляюцца налёгкімі пытаннямі. На пытанне, чым з’яўляецца вера, адказаць лёгка – дастаткова ўспомніць формулу з Катэхізіса альбо знайсці дэфініцыю веры ў дакументах Касцёла. Але сказаць, чым для мяне асабіста з’яўляецца вера, ужо не так лёгка.
Я доўгі час быў звычайным веруючым: проста верыў у тое, што гаварылі бацькі, чаму вучыла мяне бабуля, аб чым чуў у касцёле, чаго вучылі мяне ў семінарыі, без асаблівай задумы над гэтым. Калі я быў на 2 курсе Гродзенскай семінарыі, здарылася цікавая сітуацыя. Аднойчы на маёй кнізе “У што верыць хрысціянін-католік” мой аднакурснік дапісаў да гэтай назвы маё імя і прозвішча. І атрымалася - “У што верыць хрысціянін-католік Юра Павайба”. Калі я ўбачыў гэта, то спачатку раззлаваўся на яго, але потым сур’ёзна задумаўся: а ў што я веру? Чым для мяне асабіста з’яўляецца вера? І да гэтых пытанняў я часта вяртаюся, каб яшчэ раз адказаць на іх.
З чым параўнаць маю веру? Якімі словамі выказаць? Для мяне асабіста вера з’яўляецца небасхілам, да якога я імкнуся прыблізіцца, сутыкненнем маёй абмежаванасці з Неабмежаванасцю Бога. Здаецца, такі блізкі і адначасова такі недасягальны небасхіл. Ідзеш да яго, а ён застаецца далёкім, але і ты не стаіш на месцы, імкнешся да яго, ідзеш наперад, развіваешся, даведваешся шмат новага. Так і мая вера - гэта разумны давер, адначасова такая блізкая, абдуманая і так далёкая, невыражальная.
- Даводзіцца вельмі часта бачыць, як многія католікі паддаюцца розным спакусам, якія аддаляюць іх ад Бога і зводзяць да паставы мінімалізму або ўвогуле знішчаюць іх веру. На Вашую думку, якія спакусы найбольш небяспечныя для сучаснага чалавека?
- Можна шмат гаварыць на гэтую тэму, вылічваць цэлыя літаніі такіх спакусаў, якія аддаляюць ад веры. Я звярну ўвагу на дзве справы. Перадусім вера павінна ахапіць усяго чалавека, усё яго жыццё. На жаль, для многіх вера з’яўляецца толькі прыгожым урачыстым адзеннем, якое патрэбна, калі ідуць да касцёла на ўрачыстасць, а ў буднія дні схавана ў шафе. Такая раздвоенасць вельмі паслабляе веру чалавека і адбівае ад веры тых, хто бачыць такую раздвоенасць жыцця такіх веруючых. Таму вера патрабуе ад чалавека ахвяры: трэба ахвяраваць як мінімум свой час і свае сілы для таго, каб пазнаваць сваю веру і паглыбляць яе. А чалавек часта да веры падыходзіць зусім наадварот - пытаецца прагматычна: што мне дасць вера?
- У кожнага чалавека бываюць такія моманты ў жыцці, калі прыходзяць сумненні ў веры. Што перш за ўсё веруючы павінен рабіць у такім выпадку і як сябе паводзіць? Як святар і душпастар, што вы можаце параіць?
- Вера заўсёды звязана з тым, што нам не зусім зразумела і відавочна. І таму сумненні ў веры з’яўляюцца чымсьці нармальным, каб чалавек не трапіў у стагнацыю, але мог далей узрастаць ў веры. І я ў сваім жыцці не раз перажываў розныя сумненні, звязаныя з верай. Праблема ў тым, што трэба рабіць, каб добра выкарыстаць час сумненняў і не страціць веры. Перадусім трэба звярнуцца да людзей моцнай веры, пагаварыць з імі аб нашых сумненнях. Варта таксама пашукаць і пачытаць на гэтую тэму адказаў ў добрай рэлігійнай літаратуры. Але перадусім пагаварыць аб нашых сумненнях трэба ў малітве з самім Богам.
- У сваім духоўным развіцці чалавек не можа стаяць на адным месцы. Вера патрабуе пэўнага дынамізму, яна павінна з кожным разам узрастаць і ўзмацняцца. Паводле Вашага меркавання, што трэба рабіць, каб вера хрысціяніна ўзрастала і ўзмацнялася штодня?
- У веры, як і ў навуцы, абавязвае адно правіла: калі ты не развіваешся, то дэградуеш, робішся больш прымітыўным. Практыка робіць майстрам. Практыкаванне веры праз малітву, чытанне і разважанне над добрай рэлігійнай літаратурай, спатканне і размова з людзьмі моцнай веры, актыўны ўдзел у жыцці парафіі, рэлігійных групах з’яўляецца тым, што ўзмацняе і развівае нашу веру.
- Немалаважную ролю ў жыцці кожнага чалавека адыгрываюць пачуцці, эмоцыі. Таксама і веруючы чалавек нейкім чынам шукае радасці і задавальнення ў практыцы асабістай веры, што не з’яўляецца чымсьці заганным. Але мы таксама ведаем, што вера гэта не толькі пачуцці, гэта ўчынкі і цяжкая праца над сабой ў шэрай штодзённасці. Праблема заключаецца ў тым, што многія, асабліва моладзь, шукаюць у веры перш за ўсё якой-небудзь эмацыйнай заспакоенасці. Скажыце, калі ласка, як у веры трымаць раўнавагу і не засяроджвацца толькі на пачуццёвым аспекце, каб пазней гэта не прывяло да пэўнага расчаравання?
- Адразу трэба звярнуць увагу на тое, што веруючы чалавек з’яўляецца нармальным чалавекам, інтэгральнай цэласнасцю душы і цела, розуму, волі і пачуццяў. Гэта не кампутар, у памяць якога закінута шматлікая рэлігійная інфармацыя, якую ён апрацоўвае. Гэта не робат, які паслушна і бяздумна выконвае заданы алгарытм рэлігійных традыцый і абрадаў. Гэта жывая істота, якая перажывае розныя пачуцці: радасці і смутку, задаволенасці і незадаволенасці, шчасця і няшчасця. Таму пачуцці маюць у веры таксама важнае месца, але не найважнейшае. І аб гэтым трэба памятаць. Наша вера – гэта хрысціянская Добрая Навіна. А дабру трэба радавацца, а не смуткаваць. Аднак нерэальна ўвесь час толькі радавацца і смяяцца. У нашым жыцці ёсць розныя перыяды і здарэнні: радасныя і сумныя, так і ў веры павінен быць час і на радасць, і на сум, на разумнае разважанне і на не заўсёды лёгкую і прыемную малітву і працу. Эмоцыі -гэта слабая апора для веры, яны могуць хутка змяніцца, інтэнсіўныя пачуцці астыць, але сапраўдная вера, якая абапіраецца на моцным фундаменце малітвы і практычай рэалізацыі веры ў штодзённым звычайным жыцці, застанецца. І таму менавіта такая жывая вера напаўняе чалавека пачуццём сапраўднай радасці, нягледзячы на ўсе смуткі і праблемы.
- Што б Вы хацелі пажадаць нашым сталым чытачам на пачатку Года веры?
- Я шчыра жадаю ўмацавання Вашай веры, каб нягледзячы на ўсе перашкоды, не страціць веры, але наадварот яе ўмацаваць. І каб вашыя сэрцы напаўняла сапраўдная радасць веры.
Размаўляў кс. Юры Жэгарын