Плады Святога Духа
Традыцыя Касцёла гаворыць аб 12 пладах Святога Духа. Гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, сагадлівасць, дабрыня, велікадушнасць, вернасць, ласкавасць, сціпласць, умеркаванасць, чыстасць. Спіс быў створаны на падставе фрагмента Паслання апостала Паўла да Галатаў (параўн. Гал 5, 22–23).
Урачыстасць Спаслання Святога Духа ў гэтым годзе адзначаецца 9 чэрвеня.
Любоў
Гэта імя самога Бога (параўн. 1 Ян 4, 8). Уся справа стварэння, а пазней здзейсненая Езусам справа нашага збаўлення былі прадыктаваны любоўю. Таму новая запаведзь, якую Хрыстос пакінуў людзям, не магла датычыць нічога іншага, як толькі любові: “Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 13, 34). Сутнасць сапраўднай любові – гэта пошук дабра для іншага чалавека, аддаванне сябе яму ў дар.
Радасць
Радасць вынікае наўпрост з любові (параўн. Ян 15, 9–11), з усведамлення, што Пан нас любіць і прабывае побач нават сярод пакут і цяжкасцей. Мы можам быць радаснымі і несці радасць іншым нават тады, калі пакутуем, бо яна не мае нічога агульнага з валоданнем. Сапраўдную радасць знаходзім у шчырай споведзі, ва ўчынках любові адносна бліжняга.
Спакой
Плёнам Святога Духа з’яўляецца, найперш, спакой у сэрцы, які дазваляе супрацьстаяць перашкодам. Такі спакой – сведчанне прысутнасці ў нас самога Духа і Божага Валадарства. Божы спакой – дар Уваскрослага (параўн. Ян 20, 19). Можам уставаць паміж варожымі бакамі: суседзямі, калегамі, сем’ямі.
Доўгацярплівасць
У Святым Пісанні гэта вернае прабыванне ў надзеі, чаканне вызваляючага дзеяння Бога ў нашым жыцці, якое дапамагае перанесці найгоршыя крызісы і пакуты. Аб любові св. Павел у сваім гімне гаворыць, што яна цярплівая (параўн. 1 Кар 13, 4). Таму доўгацярплівасць павінна пастаянна спадарожнічаць гэтай любові – любові як да сябе, так і да іншага чалавека.
Спагадлівасць
Мае вымярэнне яднання, будаўніцтва мастоў паміж людзьмі. З’яўляецца адзнакай не толькі асабістай культуры, але таксама павагі і адкрытасці. Для нас, хрысціян, гэта таксама наступства бачання ў іншым чалавеку Хрыста.
Дабрыня
Вынікае са з’яднанасці з Богам. Гэта гатоўнасць “да ўсякай добрай справы” (Ціт 3, 1). Гаворка не толькі пра ўчынкі міласэрнасці, але і пра распазнаванне ў іншым чалавеку дабра, нават тады, калі ўсё вакол сцвярджае: “Ненавідзь яго!”.
Велікадушнасць
Стаўленне, якое пастаянна шукае дабра для іншага чалавека. Яно накіравана на дабро бліжняга. Не плануе вялікіх дзеяў, з’яўляецца першым рухам сэрца адносна сустрэтай сястры ці брата.
Вернасць
З’яўляецца падставай даверу. Гэта дапамагае трымацца прынятых свядома і дабравольна абавязкаў, нягледзячы на перашкоды; браць прыклад з вернасці самога Бога адносна чалавека, якога Ён не пакінуў пад уладай смерці, а паслаў свайго Сына, каб той здзейсніў справу збаўлення.
Ласкавасць
Св. Павел напісаў пра любоў, што яна ласкавая (параўн. 1 Кар 13, 4). Гэта азначае схільнасць чыніць дабро не толькі тым, каго мы любім, а найперш тым, хто сваімі паводзінамі гэтага не заслугоўвае ці каго мы проста не ведаем.
Сціпласць
Усведамленне, што ўсё, што ўмею і чым валодаю, з’яўляецца Божым дарам. Таму сціплы чалавек не будзе ні пераацэньваць, ні недаацэньваць сваіх уменняў, а за іх пахвалу з боку іншага сардэчна падзякуе таксама Богу.
Умеркаванасць
Дазваляе чалавеку разважліва і згодна з іх прызначэннем карыстацца дадзенымі яму дабротамі, а таксама дазволенымі прыемнасцямі. Часам гэта дапамагае адмаўляцца ад іх дзеля іншых мэт, прадыктаваных любоўю.
Чыстасць
Датычыць усёй істоты чалавека і вынікае з факту, што нашы целы – святыні Святога Духа (параўн. 1 Кар 6, 19–20). Таму людзі цалкам пакліканы служыць будаўніцтву Божага Валадарства ўжо тут, на зямлі. “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8). Гэта ўмова збаўлення. Такі плён патрабуе захавання, а ў выніку страты – аднаўлення.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч