Skip to main content

Пакліканне – гэта дар

jesus 8840972 1280Хрыстос, Добры Пастыр, аддаў сваё жыццё ў любові, “каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно” (Ян 11, 52). Аддаў яго за авечак, якіх ведаў па імені. Быў пасланы да ўсіх, а асабліва да грэшнікаў, людзей, якія згубіліся, якія жывуць на абочыне жыцця.

Нядзеля Добрага Пастыра сёлета адзначаецца ў Касцёле 11 мая.

Для Бога кожны чалавек з’яўляецца кімсьці канкрэтным, а не адным са шматлікіх. Аб кожным з нас Езус клапоціцца, аберагае ад уплываў фальшывых прарокаў. Ён адзіная брама, якая вядзе ў Божую аўчарню. Хрыстос прыйшоў для таго, каб мы мелі жыццё, і мелі яго ў шчодрасці (параўн. Ян 10, 10). Хоча весці нас на добрую пашу, на якой можам карміцца і адпачываць. Не хоча, каб згубіліся і памерлі, а каб дайшлі да канца сваёй дарогі, якая з’яўляецца паўнатой жыцця.

Нядзеля Добрага Пастыра, што адзначаецца ў IV Велікодную нядзелю, з’яўляецца таксама Сусветным днём малітвы аб пакліканнях. Сведчанне Езуса Хрыста і тых, хто верна ідзе за Ім, запрашае ўсё новых і новых паслядоўнікаў адказаць на Божы заклік. “Найважнейшы і самы паспяховы сродак абуджэння пакліканняў, – пісаў св. Ян Павел ІІ, – гэта сведчанне жыцця святароў, іх безумоўная адданасць Божай аўчарні, іх поўнае любові служэнне Хрысту і Яго Касцёлу – служэнне, якое з’яўляецца нясеннем крыжа, прынятага з пасхальнай надзеяй і радасцю, і, урэшце, братэрская згода і гарачае жаданне евангелізацыі” (Pastores dabo vobis, 41).

Папа Бенедыкт XVI у пасланні на 47-ы Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях пісаў, што гісторыя кожнага паклікання амаль заўсёды звязана са сведчаннем нейкага святара, які перажывае ў радасці тое, што ён з’яўляецца дарам для бліжніх з увагі да Божага Валадарства. Блізкасць і слова святара вядуць да з’яўлення пытанняў і прыняцця канчатковых рашэнняў.

Каб добра споўніць сваё зямное пасланніцтва, кожнаму пакліканаму патрабуецца сяброўства з Езусам. Неабходна слухаць, каб слова Збаўцы ўнутрана закранула, занепакоіла, выклікала канкрэтныя дзеянні. Слуханне павінна прывесці да змены мыслення і жыццёвых пазіцый. Каб пайсці за Хрыстом, трэба ведаць мэту, мець пачуццё супольнасці, быць здольным адмаўляцца, перамагаць страх перад невядомай будучыняй. Для ўсяго гэтага патрэбна малітва, якая дае сілу для вернасці і ўзрастання ў Божай ласцы.

Папа Францішак у абнародаваным 19 сакавіка сёлетнім пасланні на 62-і Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, які праходзіць пад дэвізам “Пілігрымы надзеі: дар жыцця”, нагадаў, што Касцёлу па-ранейшаму патрэбны пастыры, манахі, місіянеры, сужэнцы, здольныя з даверам і надзеяй сказаць Пану “так”: “Пакліканне ні ў якім разе не з’яўляецца скарбам, які застаецца замкнёным у сэрцы, а ўзрастае і ўмацоўваецца ў супольнасці, якая верыць, любіць і спадзяецца. А паколькі ніхто не можа сам адказаць на Божае пакліканне, усім нам патрэбна малітва і падтрымка братоў і сясцёр”.

Святы Айцец адзначаў, што пакліканне – каштоўны дар, які Бог сее ў сэрцах, заклік выйсці за межы сябе, каб распачаць шлях любові і служэння: “Кожнае пакліканне ў Касцёле – ці да жыцця як свецкі чалавек, ці да служэння, якое вынікае з пасвячэння, ці да жыцця кансэкраванага, – з’яўляецца знакам надзеі, якая ёсць у Бога для свету і кожнага з Яго дзяцей”.

Углядаючыся ў Езуса, які аддаў жыццё з любові да чалавека, будзем жа прасіць аб святых пакліканнях да святарства. Прыкладам і заступнікам перад Богам няхай стане для нас св. Ян Марыя Віянэй, пробашч з Арса, які меў моцную сувязь з парафіянамі, вучачы іх праз сведчанне свайго жыцця і пакорную малітву.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 11 Мая 2025