Skip to main content

Найвышэйшая каштоўнасць

24503“Сёння, калі мы ў чарговы раз адзначаем Дзень святасці жыцця, папа Францішак перад абліччам сучасных праблем заклікае нас падумаць, на што ўскладаем надзею і дзе шукаем сапраўднага шчасця”, – гаворыцца ў пастырскім лісце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана.

Дзень святасці жыцця быў устаноўлены ў Касцёле 30 гадоў таму як адказ на зварот папы Яна Паўла II, змешчаны ў энцыкліцы Evangelium Vitae, абвешчанай 25 сакавіка 1995 года. У ёй Пантыфік, між іншым, напісаў, што “чалавек і яго жыццё паўстаюць перад намі як адзін з найвялікшых цудаў тварэння…” (EV, 84).

У нас такія цудоўныя дзеці

“Я ніколі не забуду той размовы з маёй мамай, калі яна даведалася, што мая жонка ў чацвёрты раз цяжарная, – распавядае Пётр. – Наша трэцяе дзіця яна лічыла «залётным». І мела рацыю, бо не планавалі яго. Але прайшоў час, і мы з любай вырашылі, што выхоўваем такіх цудоўных дзяцей і хацелася б нарадзіць чацвёртага.

Тым больш, у мяне быў добры заробак, а жонка якраз засталася без працы. Мы падзяліліся з бацькамі гэтай навіной, калі прыйшлі да іх на абед. Мама нічога не сказала, але было бачна, што трымаецца толькі з-за прысутнасці дзяцей. Як толькі мы вярнуліся дадому, яна адразу ж патэлефанавала мне. Ніколі не думаў, што такія рэчы магу пачуць ад сваёй маці, якая ніколі не размаўляла са мной пра секс, якая з’яўляецца настаўнікам на пенсіі і да таго ж узначальвае малітоўную групу! З усяго таго, што я ад яе пачуў, самае прыстойнае, што можна зацытаваць, гэта тое, што «трэба сачыць за сабой» і што «існуе мноства кантрацэптываў». Калі праз некалькі хвілін я прыйшоў у сябе і да мяне вярнуўся дар мовы, то рэзка адрэзаў, што гэта наша справа і што забараняю тэлефанаваць маёй жонцы”.

Нарадзілася дзяўчынка, назвалі Марусей. Аказалася, што яна вельмі падобная да сваёй бабулі: і знешне, і характарам. “Зараз ёй, напэўна, вельмі сорамна за свае словы і паводзіны”, – гаворыць Пётр.

За ўсё давядзецца адказваць

“Мая мама рабіла вельмі шмат абортаў, не менш за 20. Аднойчы нават перапыніла цяжарнасць двайнятамі, – дзеліцца Наталля. – Малюся за маму, балюча за сваіх ненароджаных братоў і сясцёр. Імкнуся не вінаваціць яе: такі быў час, такое выхаванне – савецкае, жорсткае. Сама я зацяжарыла ў 17. Першае каханне... Пачуцці згаслі, а наступствы засталіся. Ведала, што мама на аборт адправіць. Плакала ў ваннай, гладзячы жывот, шаптала, што не дам у крыўду сваё дзіця. Адчувала, што будзе дачка. І хавала ад мамы цяжарнасць да 15 тыдняў. У 17 гадоў, адна, без мужа, я нарадзіла. Мама адтала толькі тады, калі ўзяла на рукі ўнучку. Як яна плакала над ложачкам! Мабыць, усвядоміўшы нешта…”.

Сёння Наталля замужам, мае траіх дзяцей. Прызнаецца, што ўсяк у жыцці было: і цяжкасці, і грошай не хапала… Але ніколі не было думкі аб аборце – “дзякуй, Бог адвёў ад гэтай бяды”. А яе маці памятае кожны аборт. І чым старэйшая, тым часцей успамінае пра гэта і плача. “За ўсё некалі давядзецца адказваць, – упэўнена Наталля, – а за забітых немаўлят удвая”.

Перавярнула свет многіх людзей

“Я даведалася пра дыягназ сваёй дачкі на 14 тыдні цяжарнасці: чэрапна-мазгавая грыжа, – успамінае Вера. – Па словах урачоў, перспектыў для жыцця ў дзіцяці няма. Была горкая роспач, але на перарыванне цяжарнасці мы з мужам не пагадзіліся”.

Ужо пазней на пытанні жанчыны, ці зможа яе дачка жыць і ці магчымая будзе аперацыя, медыкі адказалі, што калі дзіця і зможа перажыць цяжарнасць і роды, то не пражыве і дзвюх гадзін. На кансіліуме нейрахірург пацвердзіў: аперацыя немагчымая.

У выніку нарадзілася жывая (!), прыгожая дзяўчынка. Маці адразу яе ахрысціла, дала імя Серафіма. На дзіва навароджанай не спатрэбілася ні кіслародная маска, ні якіх іншых прыстасаванняў для падтрымання жыцця. “Калі б не мяшочак на галаве, у якім знаходзіўся мозг, яна была б звычайным здаровым дзіцём”, – упэўнена Вера.

Потым 3 тыдні рэанімацыі, 4 дні хоспіса. Бацькі падпісалі стос папер, каб забраць дачку дадому, да сваіх дзяцей, якіх у сям’і трое. “Я карміла і даглядала за Серафімай, Лёша займаўся дакументамі, купляў усё неабходнае, падтрымліваў і аберагаў мяне. Дзеці ўсе гульні звязвалі з сястрой, – распавядае жанчына. – Серафіма была ціхая-ціхая! Ніколі не плакала, толькі трохі моршчылася. Шмат спала. Часам усміхалася і адкідвалася на паўбачок. Я карміла яе кожныя тры гадзіны са шпрыца. Самы салодкі час быў ноччу: нам ніхто не перашкаджаў, і я гадзінамі сядзела ля яе ложачка, гладзіла, размаўляла, казала, што люблю і якая яна чароўная”.

Дзяўчынка адышла ў іншы свет праз паўтара месяца, уначы… “Тры дні я проста не магла знайсці сабе месца, – узгадвае Вера. – Але праўду кажуць, што калі ты ў бядзе, Бог нясе цябе на руках. Зараз ува мне жыве пачуццё выкананага абавязку, удзячнасць ёй, Госпаду і людзям, якія падтрымлівалі нас увесь гэты час. За 75 дзён, што дачка правяла тут, на зямлі, яна зрабіла, магчыма, больш, чым многія могуць паспець за свае 75 гадоў. Серафіма перавярнула свет многіх людзей. А як паўплывала на нашы з мужам душы – не апісаць! Я ўдзячная ёй за ўсё і люблю бясконца…”.

Трэба верыць і маліцца

“Я зацяжарыла ў 38 гадоў пятым дзіцём, – распавядае Ала. – Нашаму старэйшаму сыну было ўжо 18. Пайшла станавіцца на ўлік у жаночую кансультацыю. І першае, што я пачула, было: «А як адрэагуе Ваш муж на пятую цяжарнасць?». Для мяне незразумела такое пытанне: каму якая справа, гэта ж наша агульнае дзіця! Накіравалі на першы скрынінг. Вынікі аналізаў адправілі генетыкам у перынатальны цэнтр. Я пачала праходзіць спецыялістаў… І тут тэлефонны званок. На тым канцы сказалі, што па аналізах ёсць адхіленні, неабходна прыйсці на кансультацыю. Як гром сярод яснага неба – высокая рызыка нараджэння дзіцяці з сіндромам Дауна. Мяне пачалі запэўніваць зрабіць аборт. Выйшла з кабінета засмучаная, слёзы ліліся градам… Мільён думак, пытанняў – усё ў галаве перамяшалася. Села на аўтобус і паехала – не ведаю чаму – не дадому, а ў касцёл. Я не малілася, не магла, а проста глядзела на абраз Маці Божай і плакала. Пасля стала казаць: Марыя, Ты таксама Мама… Ты разумееш, як мне зараз цяжка. Чаму гэта адбываецца са мной? Чаму наша немаўля павінна нарадзіцца такім?! Праз некалькі хвілін мае думкі змяніліся на зусім іншыя: Калі так павінна быць, дай мне сілы прыняць і палюбіць дзіця, дай зразумець, для чаго мне ўсё гэта дадзена”.
Гісторыя завяршылася (ці толькі пачалася?) тым, што ў свет прыйшоў здаровы хлопчык вагой 4600 кг і ростам 57 см. Бацькі назвалі яго Маркам – “наша маленькае сонейка”. А жанчына, як нарадзіла, нават і забыла спытаць, “ці ёсць у яго той сіндром”… “Трэба верыць і маліцца! Хоць парой, як лічаць многія, гэта можа супярэчыць здароваму розуму, – сцвярджае Ала. – Але я ўпэўнена, малітва дзее цуды. І ніхто не зможа мяне ў гэтым разупэўніць”.

Бараніць жыццё

Дзень святасці жыцця адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле за 9 месяцаў да Божага Нараджэння. Яго мэта – абудзіць адчувальнасць да сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця на кожным яго этапе і звярнуць увагу на неабходнасць асаблівага клопату пра яго. Як падкрэслівае ў пастырскім лісце на ўрачыстасць Звеставання Пана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, “чалавечае жыццё прыгожае, ім варта захапляцца і, перадусім, бараніць яго”.
Па словах біскупаў, хрысціянін заўсёды глядзіць на жыццё з надзеяй. Перажываючы Юбілейны год, “мы пакліканы быць пілігрымамі надзеі, г. зн. тымі, хто нясе надзею, а Марыя – Тая, хто падтрымлівае нас у гэтым імкненні, зʼяўляючыся Маці Надзеі”. Іерархі заклікаюць вернікаў нястомна несці пасланне надзеі ў свет, “змагацца за чалавечае жыццё, асабліва тое, якое пад пагрозай, якое безабароннае і не мае шансаў без нашага ўдзелу і падтрымкі”.

У артыкуле выкарыстаны сведчанні, сабраныя каталіцкай малітоўнай групай “У абарону жыцця” (імёны герояў зменены).

Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Пакачайла

Рэдагавана: 26 Сакавіка 2025